Top.Mail.Ru

На Віцебшчыне адрадзілі старажытную тэхніку ўпрыгожвання абразоў

«Чырвоны кут» у нашых продкаў быў свяшчэнным месцам у хаце, з вялікай пашанай беларусы ставіліся да абраза, які займаў там цэнтральнае месца. Вядома, што мець у хаце рукапісны абраз было раскошай, таму часцей нашы бабулі і дзядулі выбіралі больш даступны варыянт — друкаваны, але імкнуліся аздобіць яго як мага багацей.


Унікальная тэхніка ўпрыгожвання абразоў акладамі шырока выкарыстоўвалася ў вёсцы Церабені Чашніцкага раёна. Сучасныя майстры арганізавалі экспедыцыю, апыталі старажылаў і сабралі калекцыю артэфактаў. Старажытнае рамяство ўдалося адрадзіць літаральна па драбінках, упершыню каля 70 работ прадставілі ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці.

А пачалося ўсё з аўтарскага праекта загадчыцы Чашніцкага дома рамёстваў Галіны Шынкевіч. У яе сям’і ад бабулі застаўся друкаваны абраз, упрыгожаны лыкам. «Я захацела паўтарыць гэты аклад, а мая маці ўспомніла, што дзед таксама вырабляў упрыгажэнні для абразоў. Атрымалася такая сямейная гісторыя, якую захацела працягнуць», — расказвае Галіна.

Работа над аднаўленнем забытай тэхнікі не была лёгкай: інфармацыйных матэрыялаў аказалася зусім мала, адшукаць арыгінальныя абразы было складана. Ускладняў пошук і той факт, што многія людзі не бачылі і цяпер не бачаць каштоўнасці ў друкаваных абразах, якія аздоблены папяровымі кветкамі і фольгай.

Галіна Шынкевіч вывучыла разнастайныя крыніцы, шмат часу прысвяціла рэканструкцыі ўнікальных лыкавых акладаў і стварыла праект, які быў высока адзначаны ў НАН Беларусі. Прыродны матэрыял для сваіх работ майстрыха збірае самастойна, але гэта даволі складаны працэс. Лыка дзяруць вясной, калі дрэвы насычаны сокам. Каб кара стала мяккай, яе трэба моцна вымачыць, а пасля высушыць. Яшчэ лыка чэшуць, каб атрымаць розныя тэкстуры ўпрыгажэнняў.

«Я сустракала самыя розныя тэхнікі аздаблення абразоў. Аклады можна рабіць з саломы, фольгі, паперы, бісеру. А вось з лыкам сустрэлася ўпершыню. І каб такая ўнікальная для Віцебшчыны тэхніка не згубілася, вельмі хочацца максімальна захаваць і папулярызаваць яе. Такога, напэўна, няма ў краіне», — заключыла майстар.

Фота «Витебские вести»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю