Top.Mail.Ru
832

На турыстычнай карце краіны з'явіліся 12 аб'ектаў, якія раней не выкарыстоўваліся

Пункты прыцягнення гасцей

Развіццё турыстычнай сферы — адна з прыярытэтных задач дзяржавы. Гэта садзейнічае не толькі развіццю эканамічнага патэнцыялу, але і ўмацаванню культурных сувязяў, захаванню гістарычнай спадчыны, папулярызацыі нацыянальных традыцый і павышэнню міжнароднага іміджу нашай краіны. Самым паспяховым у турыстычнай сферы лічыўся 2019 год, аднак 2025-ы яго пераўзышоў па многіх паказчыках. Штогод павялічваецца экспарт турпаслуг, летась у параўнанні з 2024-м тэмп яго росту толькі ў Мінску склаў звыш 145 %.

З усіх відаў турызму адным з самых запатрабаваных з’яўляецца культурна-пазнавальны. Адным з механізмаў, які робіць нашу краіну больш пазнавальнай у свеце і прываблівае замежных турыстаў, з’яўляецца спіс нематэрыяльнай сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Як нагадала кансультант упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Вераніка ШЫШКОЎСКАЯ, ужо 7 беларускіх элементаў знаходзяцца ў гэтым прэстыжным спісе. У прыватнасці, у 2022-м у пералік мастацтва, рамяства і ўмення былі ўнесены элементы саломапляцення, у 2024-м туды ўвайшло традыцыйнае мастацтва выразання з паперы — выцінанка. У 2025 годзе ў спіс уключаны Неглюбскія ручнікі — тэкстыльная традыцыя ручнога ткацтва Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці.

У Міністэрстве культуры вядзецца работа па ўключэнні ў культурны і турыстычны абарот аб’ектаў, якія не выкарыстоўваюцца або знаходзяцца ў нездавальняльным стане. На працягу 2024–2025 гадоў у турыстычны абарот уведзена больш за 12 такіх аб’ектаў.

— У кастрычніку 2025 года была праведзена работа сумесна з аблвыканкамамі па аналізе існуючых турыстычных маршрутаў, іх перспектыўнасці і запатрабаванасці. І, як паказаў аналіз, ва ўсіх абласцях нашай краі-

ны ёсць такія маршруты — і на беларускім Палессі, і ў Віцебску, Полацку, Гомелі, па Мінскай вобласці, — адзначыла Вераніка Шышкоўская. — Яны прыцягваюць замежнага турыста, даюць магчымасць прадэманстраваць сваё багацце, папулярызаваць спадчыну, традыцыі, звычаі і абрады.

Музеі Беларусі ў рамках супрацоўніцтва з турыстычнымі кампаніямі заключылі каля 1900 дагавораў на абслугоўванне турыстаў. Мерапрыемствы музеяў таксама ўключаны ў экскурсійныя маршруты турыстычных фірм. Напрыклад, фестываль салдацкай кашы быў уключаны ў экскурсійныя маршруты Гомельскага і Рэчыцкага бюро падарожжаў і экскурсій, кампаній «Магілёўтурыст», «Віцебсктурыст» і шэрагу іншых. У практыцы многіх рэспубліканскіх і рэгіянальных музеяў з’явіліся анлайн-трансляцыі, віртуальныя экскурсіі, што садзейнічае росту цікавасці з боку замежных турыстаў.

Для замежных гасцей у музеях выкарыстоўваюцца інфармацыйныя аўдыягіды на англійскай, нямецкай, кітайскай і іншых мовах. Таксама ў шэрагу музеяў ужо ёсць інфармацыйныя таблічкі і ўказальнікі не толькі на рускай ці беларускай, але і на замежных мовах. У гасцей Беларусі ёсць магчымасць пазнаёміцца з нашай спадчынай праз інфармацыйныя рэсурсы, такія як herіtage.gov.by, дзе размешчаны шэраг аб’ектаў гісторыка-культурнага прызначэння. У яго ўключана ўжо больш за 5,6 тысячы аб’ектаў, якія карыстаюцца папулярнасцю ў турыстаў.

Установы культуры сумесна з зацікаўленымі на працягу года праводзяць больш як 500 мерапрыемстваў разнапланавага характару: фестывалі народнай творчасці, фэсты ў сферы музычнага мастацтва, харэаграфіі, музейнай справы, гастролі беларускіх калектываў у шэрагу краін.

— Усё гэта дае нам магчымасць паказаць, якая Беларусь багатая, шматгранная і тым самым прывабіць турыстаў у нашу краіну, — адзначыла Вераніка Шышкоўская.

Адной з важных падзей стане адкрыццё новага Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, які адпавядае ўсім сучасным патрабаванням музейнай справы. Запланаваны шэраг міжнародных выставак з удзелам Расіі, Кітая, Амана і іншых краін. Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі нядаўна падпісала мемарандум з Кітайскай Народнай Рэспублікай аб правядзенні цягам года праекта «Славянскі фестываль — Беларускае мястэчка». Ён запланаваны ў гарадах Наньтун і Нанкін з удзелам беларускіх майстроў і артыстаў.

Адным з самых прыцягальных для замежных турыстаў месцаў застаецца беларуская сталіца. Як паведаміла загадчык сектара па развіцці турызму ўпраўлення міжнароднай дзейнасці і турызму камітэта эканомікі Мінгарвыканкама Дар’я ШЫБЕКА, на сёння ў Мінску функцыянуе 59 гасцініц і 19 аналагічных сродкаў размяшчэння з адначасовай умяшчальнасцю каля 13 тысяч месцаў і тысячы індывідуальных сродкаў размяшчэння. Працуе больш чым 4 тысячы рэстаранаў і кавярняў. Да паслуг турыстаў — 390 атэставаных экскурсаводаў і 94 гіды-перакладчыкі.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю