Top.Mail.Ru

На сумесным пасяджэнні палат Нацыянальнага сходу парламентарыі заслухалі даклад старшыні Камітэта дзяржкантролю

«Забяспечваць абарону законных правоў грамадзян»


У аўторак у Авальнай зале Дома ўрада адбылося сумеснае пасяджэнне дзвюх палат парламента. Дакладчыкам выступіў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў. Кіраўнік КДК падрабязна праінфармаваў парламентарыяў аб выніках дзейнасці органаў Камітэта дзяржкантролю, а таксама аб асноўных задачах на 2026 год.

«Наша агульная мэта — дамагчыся своечасовага і якаснага выканання пастаўленых кіраўніком дзяржавы задач»

Старшыня КДК спыніўся на каардынацыі дзейнасці кантралявальных органаў краіны. Так, паводле яго слоў, сістэма рэгулявання кантролю і нагляду сфарміравана. «Як даручалася кіраўніком дзяржавы, асноўны ўпор на выніковую прафілактыку. За апошнія пяць гадоў колькасць усіх відаў кантрольных мерапрыемстваў істотна знізілася. Колькасць праверак паменшаная амаль у 2 разы, маніторынгаў — у 5,5 раза, мерапрыемстваў тэхнічнага характару — амаль у 3 разы», — канкрэтызаваў Васіль Герасімаў.


Адна з ключавых задач КДК — праверка выканання даручэнняў Прэзідэнта. «Наша агульная мэта — дамагчыся своечасовага і якаснага выканання пастаўленых кіраўніком дзяржавы задач. Кожны выканаўца павінен адчуваць асабістую адказнасць за канчатковы вынік перад Прэзідэнтам, — падкрэсліў Васіль Герасімаў. — Летась, у верасні-кастрычніку, мы правялі комплексны аналіз выканання 1 300 даручэнняў. Гэта свайго роду генеральная рэпетыцыя перад гадавой справаздачай. Прыняты прэвентыўныя меры, праведзены сустрэчы з кіраўніцтвам міністэрстваў, ведамстваў, мясцовых органаў улады. Паляпшэнне выканальніцкай дысцыпліны, безумоўна, назіраецца».

Аднак цалкам выключыць пратэрміноўкі і невыкананне даручэнняў, паводле слоў кіраўніка КДК, пакуль не ўдаецца. Прычыны розныя: гэта і нескаардынаванасць дзеянняў, і няспрытнасць, і, часам, банальнае няведанне кіруючымі работнікамі сітуацыі на месцах, адсутнасць самакантролю.

«Сёння ўрадам, Адміністрацыяй Прэзідэнта, камітэтам ва ўзаемадзеянні з палатамі парламента вядзецца сумесная работа па выкараненні бюракратызму, залішняй папяровай работы, у тым ліку пры выкананні даручэнняў, — канкрэтызаваў Васіль Герасімаў. — З боку КДК літаральна за кожным даручэннем устаноўлены ўзмоцнены кантроль. Гэта ўключае і прымяненне мер персанальнай адказнасці кіраўнікоў і выканаўцаў у адпаведнасці з палажэннямі Дырэктывы кіраўніка дзяржавы № 11».


«У ліку прыярытэтных аб’ектаў кантролю — бюджэт»

Васіль Герасімаў падрабязна азнаёміў парламентарыяў з вынікамі дзейнасці органаў дзяржкантролю ў розных галінах эканомікі і сацыяльнай сферы, а таксама па асобных напрамках. «У ліку прыярытэтных аб’ектаў кантролю — бюджэт, — звярнуў увагу ён. — Штогод па выніках праверак фарміруюцца заключэнні да справаздач урада датычна рэспубліканскага бюджэту і дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Рэкамендацыі камітэта, як правіла, знаходзяць сваё прымяненне. У выніку прапаноў камітэта за 2025 год частка сродкаў з мэтавых збору і фондаў у памеры звыш 82,5 мільёна рублёў перанакіраваная ў даход фонду нацыянальнага развіцця».

Праведзена работа па павышэнні эфектыўнасці падатковых ільгот, прадастаўленых рэзідэнтам асаблівых эканамічных зон, і мэтавай аддачы ад іх. Па ініцыятыве Камітэта дзяржкантролю прыняты Указ кіраўніка дзяржавы «Аб дзяржаўнай фінансавай падтрымцы». Гэтым указам устанаўліваюцца віды дзяржпадтрымкі, ключавыя паказчыкі дзейнасці яе атрымальнікаў і меры адказнасці за іх невыкананне. Гэта дазволіла сістэматызаваць названы працэс.

«Заўсёды ў фокусе ўвагі КДК — кантроль за эфектыўным выкарыстаннем дзяржуласнасці, — акцэнтаваў Васіль Герасімаў. — Вывучэнне гэтай сферы паказала наяўнасць шэрагу ключавых праблемных кірункаў, уключаючы сферу маёмасных адносін, пытанні паўнаты і аднастайнасці паўнамоцтваў Дзяржкаммаёмасці, уключэння ў гаспадарчы абарот маёмасці, што не выкарыстоўваецца, кіравання дзяржактывамі, ацэнкі даходнасці дзяржмаёмасці, яе ўліку і дзяржрэгістрацыі».


Працягнуты кантроль за навядзеннем парадку з даўгабудамі. За мінулую пяцігодку колькасць такіх аб’ектаў, якія значыліся на пачатак 2021 года, удалося скараціць 95 %. Для поўнага ўрэгулявання сітуацыі ва ўрад унесены прапановы па распрацоўцы комплексу мер па скарачэнні звышнарматыўнага незавершанага будаўніцтва на перыяд да 2030 года.

Захаванне колькасці пагалоўя жывёлы і селекцыйна-племянная работа

«Адзін з галоўных кірункаў у рабоце КДК — кантроль за аграпрамысловым і прыродаахоўным комплексамі, — заявіў Васіль Герасімаў. — На пастаянным кантролі — пытанні жывёлагадоўлі, уключаючы падзеж жывёлы, захаванне колькасці пагалоўя, селекцыйна-племянную работа, рэалізацыя прадукцыі». Паводле яго слоў, унесена звыш 3 тысяч актаў нагляду, да адказнасці прыцягнута больш за 9 тысяч асоб, уключаючы 26 старшыняў райвыканкамаў і столькі ж іх намеснікаў, якія курыруюць аграрны сектар. Прыняты меры па спагнанні ўрону ад падзяжу жывёлы ў памеры больш за 3,8 млн рублёў. Узбуджана 299 крымінальных спраў па фактах яго ўтойвання.

На кантролі пытанні будаўніцтва і запаўнення малочнатаварных комплексаў, эфектыўнасць іх работы. На пачатак 2026 года каля 12,5 тысячы жывёламесцаў на 53 сучасных фермах былі не запоўненыя. «З аднаго боку, інвестуем у сучаснасць, з іншага — не атрымліваем чаканай аддачы з-за сістэмных пралікаў і маем справу са страчанай выгадай», — адзначыў Васіль Герасімаў.

Паводле яго слоў, па-ранейшаму выяўляюцца факты крадзяжоў дзяржсродкаў. «Яскравым прыкладам з’яўляецца нядаўняя крымінальная справа ў Слуцкім раёне, звязаная з выкарыстаннем падрадчыкам на асабістыя патрэбы выдаткаваных на будаўніцтва ферм больш за 3 мільёнаў рублёў, — паведаміў Васіль Герасімаў. — У раслінаводстве таксама маюцца сур’ёзныя недапрацоўкі. Тэхналагічныя парушэнні, зафіксаваныя ў трэці правераных гаспадарак, прывялі да недаатрымання значных аб’ёмаў прадукцыі. Па выяўленых фактах да розных відаў адказнасці прыцягнута звыш 1400 вінаватых асоб». 


На асаблівым кантролі КДК — выкананне даручэнняў кіраўніка дзяржавы, якія датычацца меліярацыі і эфектыўнасці выкарыстання на яе бюджэтных сродкаў. У амаль палове правераных гаспадарак меліяраваныя землі выкарыстоўваюць неэфектыўна. Замест палёў і ўраджаю сельскагаспадарчых культур — зараснікі пустазелля і кустоў.


«На пастаянным кантролі — рынак мяса-малочнай прадукцыі. Да нядобрасумленных перапрацоўшчыкаў прымяняюцца меры ўздзеяння, ініцыіруецца прыпыненне іх дзейнасці. Галоўная мэта — гандляваць не сыравінай, а прадукцыяй з глыбокай ступенню перапрацоўкі і высокай дабаўленай вартасцю», — арыентаваў кіраўнік КДК.

Падыходы да падрыхтоўкі жылля да зімы перагледзяць 

Датычна сферы ЖКГ Васіль Герасімаў паведаміў, што сістэмныя недахопы выяўлены ў мінулым годзе пры падрыхтоўцы камунальных арганізацый да асенне-зімовага перыяду. Ён адзначыў, што палова жылых дамоў належным чынам не абследуецца. Як вынік, пашпарты гатоўнасці атрымліваюць дамы з недахопамі. Не менш востра стаіць праблема зносу сетак, якая з’яўляецца адной з галоўных прычын аварыйных сітуацый.

Па прапанове КДК урадам рэалізуюцца змены падыходаў да праверкі дамоў. Зацікаўленымі дзяржорганамі пачата работа па аналізе тэхнічнага стану цеплавых сетак і распрацоўцы мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне надзейнасці цеплазабеспячэння ўсёй краіны.

Кіраўнік КДК звярнуў увагу і на тое, што прыбытак ад такіх запатрабаваных паслуг, як пакос травы, абразанне і выдаленне дрэў, атрымліваюць не арганізацыі ЖКГ, а прыватныя структуры. Пры гэтым свабоднае цэнаўтварэнне дазваляе ім нядрэнна зарабляць. Напрыклад, рэнтабельнасць на абслугоўванні дамафонаў дасягала 62%. Аб гэтых рэзервах і праблемах даложана кіраўніку дзяржавы.

Таксама Васіль Герасімаў расказаў аб кантролі за выкананнем мерапрыемстваў у рамках Года добраўпарадкавання. Пасля ўмяшання КДК ужо на пачатковым этапе былі павялічаны планавыя заданні па большасці мерапрыемстваў (рамонт апор асвятлення, знос пустых дамоў, устаноўка і рамонт малых архітэктурных форм, уладкаванне дзіцячых і спартыўных пляцовак і інш.).

Усё пад кантролем 

У сваім дакладзе Васіль Герасімаў таксама падрабязна спыніўся на эфектыўнасці функцыянавання лясной галіны, дзейнасці аператараў сотавай сувязі, рэзультатыўных праверках у дарожнай гаспадарцы, выкананні даручэнняў кіраўніка дзяржавы па ўдасканаленні будаўнічай дзейнасці, кантролі за сацыяльнай сферай, супрацьдзеянні карупцыі і ўхіленню ад выплаты падаткаў, супрацьдзеянні фінансаванню тэрарызму і экстрэмізму і многіх іншых пытаннях.


Васіль Герасімаў падкрэсліў, што КДК прымае актыўны ўдзел у працэсе ўдасканалення заканадаўства, а таксама ў рабоце са СМІ і сувязі з грамадскасцю. Ён запэўніў парламентарыяў, што КДК працягне вырашаць пастаўленыя перад ім задачы, уносіць свой уклад у забеспячэнне эканамічнай бяспекі і павышаць эфектыўнасць кантролю за выкананнем даручэнняў кіраўніка дзяржавы. «Будзем выяўляць існуючыя праблемныя пытанні і незадзейнічаныя рэзервы, прымаць дзейсныя меры рэагавання, спыняць супрацьпраўныя дзеянні ў эканамічнай сферы, а таксама забяспечваць абарону законных правоў грамадзян», — рэзюмаваў старшыня КДК.

Па выніках выступлення Васіль Герасімаў адказаў на пытанні парламентарыяў.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ 

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю