У хуткім часе жыхары і госці сталіцы змогуць расказваць аб праблемах, звязаных з работай святлафораў і іншых тэхнічных сродкаў арганізацыі дарожнага руху, з дапамогай мабільнага тэлефона, паведамілі агенцтву «Мінск-Навіны» ў КУП «СМЭП Мінгарвыканкама».
У 2026 годзе з надыходам станоўчых тэмператур на ўсіх святлафорных аб’ектах з’явяцца QR-коды, і любы грамадзянін з дапамогай мабільнага тэлефона зможа аператыўна паведаміць аб няспраўнасцях і пашкоджаннях. Для падачы заяўкі дастаткова адсканаваць QR-код. Пасля гэтага на смартфоне адкрыецца акно браўзэра з формай звароту, дзе можна будзе выбраць прычыну і пакінуць каментарый. Неабходна таксама прымацаваць фота канкрэтнага месца.
— Аб усіх няспраўнасцях і пашкоджаннях дарожных знакаў, святлафораў, кантролераў мы просім паведамляць у дзяжурную службу нашага прадпрыемства па кароткім нумары 155, — расказаў намеснік дырэктара — галоўны інжынер «СМЭП Мінгарвыканкама» Ілья Махавікоў. — Як правіла, такую інфармацыю часцей за ўсё даводзяць кіроўцы грамадскага транспарту і супрацоўнікі ДАІ. З устаноўкай таблічак з QR-кодам гэта зрабіць стане прасцей. Дастаткова будзе падысці з тэлефонам, навесці камеру і перадаць інфармацыю. Нашы спецыялісты аператыўна выедуць на месца і ліквідуюць недахопы.