Аднак асноўная маса працэсаў усё роўна застаецца за чалавекам
Аднак асноўная маса працэсаў усё роўна застаецца за чалавекам
Каб права заставалася жывым інструментам рэгулявання грамадства, неабходна пачуць усіх, хто яго штодня прымяняе, адчувае на сабе або ўдасканальвае. У гэтым і заключаецца мэта Беларускага юрыдычнага форуму, які праходзіць гэтымі днямі ў Мінску і з’яўляецца першай і найбуйнейшай у краіне падобнай пляцоўкай такога ўзроўню.
Усе абмеркаванні вядуцца ў інтарэсах павышэння прававой культуры грамадства і пошуку аптымальнага вырашэння праблемных пытанняў, у тым ліку і для далейшага ўдасканалення заканадаўства. Усё для таго, каб яно заставалася максімальна актуальным і эфектыўным: абараняла правы грамадзян, стварала прадказальныя ўмовы для бізнесу, дапамагала дзяржаве вырашаць задачы па кіраўніцтве. Дарэчы, 1 студзеня 2026 г. уступяць у сілу асноўныя палажэнні Кодэкса грамадзянскага судаводства Рэспублікі Беларусь (КДС). Дакумент уводзіць адзіныя правілы разгляду грамадзянскіх і эканамічных спраў, замацоўваючы сучасныя падыходы да забеспячэння правасуддзя і адпаведнасці яго актуальным сацыяльна-эканамічным патрэбам.
«У нас было дастаткова часу, каб планамерна і паслядоўна рыхтаваць сістэму судоў агульнай юрысдыкцыі да прымянення Кодэкса, — адзначыў на форуме першы намеснік старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Валерый КАЛІНКОВІЧ. — З моманту яго прыняцця судзейскім корпусам праводзіліся планамерныя мерапрыемствы па вывучэнні яго асноўных палажэнняў, тлумачэнні пытанняў, якія ўзнікалі або павінны былі ўзнікнуць у правапрымяняльнікаў ва ўмовах практычнага прымянення». Ён таксама падкрэсліў: крытэрыем ісціны заўсёды з’яўляецца практыка, таму трэба быць гатовымі вырашаць тыя пытанні і праблемы, з якімі непазбежна сутыкнецца правапрымяняльная сістэма, якая асвойвае новы нарматыўны прававы акт.
Кодэкс замацоўвае і шэраг навацый, накіраваных на павышэнне эфектыўнасці грамадзянскага судаводства. Сярод ключавых новаўвядзенняў — прымяненне электронных доказаў, увядзенне інстытута калектыўных іскаў, а таксама развіццё спрошчанага судаводства. Існуюць перспектывы паэтапнага ўкаранення штучнага інтэлекту, перш за ўсё ў якасці электроннага памочніка суддзі. Да таго ж, сваю ролю гэта тэхналогія можа адыграць у больш аператыўнай арыентацыі ў інфармацыйных масівах, пры рабоце з заканадаўствам, удасканаленні і аналізе існуючай судовай практыкі. Аднак асноўная маса працэсаў усё ж такі застаецца за чалавекам: «Ацаніць сабраныя па справе доказы і, у адпаведнасці з законам і ўнутранымі перакананнямі, прыняць справядлівае рашэнне — наўрад ці калі-небудзь нават самы разумны штучны інтэлект з гэтай задачай зможа годна справіцца, — падкрэсліў Валерый Калінковіч. — І ў гэтым плане наша правасуддзе заўсёды было, ёсць і застанецца правасуддзем з чалавечым абліччам».
Працягваецца і лічбавізацыя судовага працэсу. Па словах міністра юстыцыі Яўгена КАВАЛЕНКІ, з 1 студзеня 2026 года для спагнання запазычанасцяў будуць актыўна прымяняцца лічбавыя тэхналогіі. Новыя падыходы чакаюць і натарыяльныя здзелкі: плануецца даць магчымасць пры дапамозе абароненых лічбавых каналаў сувязі праводзіць здзелкі адразу натарыусам абодвух бакоў нават калі яны з розных рэгіёнаў. Але міністр зазначыў: апошняе слова заўсёды будзе за чалавекам. Пачуццё справядлівасці, пачуццё неабходнасці абароны правоў і законаў грамадзян у першую чаргу рэалізуецца прадстаўнікамі юрыдычнай прафесіі, а не тэхнічнымі сродкамі.
Усебеларускі народны сход, які атрымаў канстытуцыйны статус па выніках рэферэндуму 2022 года, паслядоўна рэалізуе ўскладзеныя на яго народам задачы. 18-19 снежня адбудзецца яго другое пасяджэнне, таму і сярод першых і, дарэчы, самых папулярных на форуме — шэраг тэм, прысвечаных народаўладдзю. «Незалежна ад таго, якія маштабныя планы будуюцца, якія задачы ставяцца, канчатковая мэта нашай дзяржавы як сацыяльнай — гэта інтарэсы кожнага асобна ўзятага грамадзяніна. І, вядома, такое публічнае, адкрытае абмеркаванне павесткі, унясенне прапаноў у праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця, — гэта рэалізацыя ў жыцці высокага статусу Усебеларускага народнага сходу», — адзначыла суддзя Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Святлана ЛЮБЕЦКАЯ.
Пры падрыхтоўцы Закона аб Усебеларускім народным сходзе, безумоўна, вывучаўся і аналізаваўся міжнародны вопыт, аднак ён разглядаўся праз прызму нацыянальных асаблівасцяў, дзяржаўнага ладу, каштоўнасцяў і інстытутаў, прымальных для нашай краіны. Паводле слоў Святланы Любецкай, актыўная грамадская ўвага і цікавасць да пасяджэння, якое ў хуткім часе адбудзецца, сведчаць аб тым, што УНС атрымаў прызнанне ў грамадстве, і на яго ўскладаюцца сур’ёзныя чаканні: «Кожная дзяржава шукае пункт раўнавагі, балансу ва ўзаемадзеянні з грамадствам. Наша краіна прапанавала такі, я не пабаюся, унікальны, асаблівы механізм узаемадзеяння, які кіруецца задачамі кансалідаваць грамадства, забяспечыць адзінства ў рэалізацыі мэт і задач грамадства і накіраваны на росквіт нашай дзяржавы, як гэта зазначана ў прэамбуле Канстытуцыі».
Увогуле, як адзначыў Валерый МІЦКЕВІЧ, старшыня Саюза юрыстаў, начальнік Сакратарыята Усебеларускага народнага сходу, парадак дня форуму сфарміравалі такім чынам, каб быў прадстаўлены шырокі спектр меркаванняў. У якасці слухачоў і спікераў не толькі юрысты, але і журналісты, навукоўцы, педагогі, студэнты. Упершыню на Беларускі юрыдычны форум запрасілі школьнікаў. Іх, як і настаўнікаў, паспрабавалі зацікавіць шэрагам пляцовак, прысвечаных праблемам школьнай адукацыі, яе спецыфіцы.
Аміна НАЗАРАВА
Фота аўтара