Top.Mail.Ru

На што звярнуць увагу бацькам падчас «школьнага шопінгу»?

Напярэдадні новага навучальнага года ў Беларусі сфарміраваны «Рэестр беларускіх вытворцаў адзення для навучэнцаў устаноў адукацыі, якія рэалізуюць абавязковыя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі».


Ініцыятыва належыць «Беллегпраму», праект рэалізуецца пры ўдзеле Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі і падтрымцы Міністэрства адукацыі. Таксама ўнесены змяненні ў дзяржаўны стандарт на адзенне для навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Даведаліся падрабязнасці ў спецыялістаў.

Што змянілася?

З сакавіка 2018 года ў Беларусі дзейнічае дзяржаўны стандарт СТБ-2517-2017 «Адзенне для навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Агульныя тэхнічныя ўмовы». З 13 жніўня 2026 года ў стандарт уносіцца змяненне, распрацаванае Беларускім дзяржаўным інстытутам стандартызацыі і сертыфікацыі. Мэта — актуалізацыя патрабаванняў, пазіцыянаванне адзення для навучэнцаў як беларускага брэнда, павышэнне дасведчанасці спажыўцоў, адзначыла старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь Алена Маргунова.

Дык што ж змянілася? Навацыя — выкарыстанне стандарту пры добраахвотнай сертыфікацыі, у тым ліку для ўнясення звестак аб вытворцах адзення ў анлайн-рэсурс «Рэестр беларускіх вытворцаў адзення для навучэнцаў устаноў адукацыі, якія рэалізуюць абавязковыя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі».


— Стандарт улічвае патрабаванні тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза «Аб бяспецы прадукцыі, прызначанай для дзяцей і падлеткаў» па ўсіх паказчыках бяспекі, а таксама да маркіроўкі, — адзначыла Алена Маргунова. — Разам з тым ён утрымлівае шэраг дадатковых патрабаванняў па фізіка-механічных паказчыках, што прад’яўляюцца да тканін. Сталі больш жорсткімі патрабаванні да такіх паказчыкаў, як разрыўная нагрузка і ўстойлівасць да пілінгу.

Стандарт таксама дапоўнены патрабаваннем: адзенне павінна быць зроблена на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з пераважным выкарыстаннем матэрыялаў, вырабленых на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы.

Лепш выбіраць натуральнае

Пры вырабе адзення для школьнікаў прымяняюцца тэкстыльныя матэрыялы, у якіх абмежаваныя штучныя і сінтэтычныя валокны, патлумачыла Алена Маргунова. 


Для вырабаў касцюмнага і сукеначнага асартыменту павінны быць выкарыстаныя шарсцяныя, напаўшарсцяныя і змешаныя тканіны, але штучныя валокны ў іх не павінны перавышаць 70 %. Для вырабаў кашуль і блузак дапускаюцца тканіны з натуральных, штучных валокнаў і сумесі з сінтэтычнымі, але апошніх не павінна быць больш за 50 %. Калі гаворка ідзе пра трыкатаж, сінтэтычныя валокны не павінны перавышаць 70 %, а ў якасці падшэўкі дапушчальныя толькі тканіны і трыкатажныя палотны з утрыманнем сінтэтычных валокнаў не больш за 55 %.

Чаму гэта важна

Дзіця праводзіць у школьным адзенні цэлы дзень — і гэта пяць дзён на тыдзень. А значыць, такое адзенне павінна валодаць шэрагам якасцяў, якія робяць яго бяспечным для здароўя. Акрамя таго, яно павінна быць дастаткова трывалым, каб бацькам не давялося купляць новае яшчэ да заканчэння навучальнага года.

— Рэестр дае бацькам і настаўнікам актуальную і дакладную інфармацыю аб айчынных вытворцах, чыя прадукцыя цалкам адпавядае дзяржаўнаму стандарту і мае павышаныя характарыстыкі якасці, — сказала намеснік старшыні канцэрна «Беллегпрам» Наталія Мароз. — У рэестр — падкрэслю, на добраахвотнай аснове — уключаюцца вытворцы, якія пацвердзілі адпаведнасць сваёй прадукцыі стандарту шляхам сертыфікацыі.


Часцей за ўсё пры выбары адзення дзелавога стылю да новага навучальнага года бацькі звяртаюць увагу на мадэль і цану, дадала яна. Але менавіта ў дадзеным выпадку асабліва важна якасць прадукцыі: каб такое адзенне «дыхала», не рвалася, не сціралася. — Мы ініцыявалі стварэнне рэестра, каб звярнуць увагу пакупнікоў: менавіта дадзеная прадукцыя абсалютна бяспечная для дзіцяці, — адзначыла Наталія Мароз.

Вытворца добраахвотна прайшоў дадатковую сертыфікацыю (акрэдытаваны орган для яе правядзення — РУП «Цэнтр навуковых даследаванняў лёгкай прамысловасці») і можа гарантаваць: гэтае адзенне высокай якасці, яно не нанясе шкоду здароўю школьніка.

— Па выніках кантрольна-наглядных мерапрыемстваў у 2025-м і першым паўгоддзі 2026 года былі выяўленыя парушэнні абавязковых патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў да прадукцыі школьнага асартыменту, — праінфармавала Алена Маргунова. — Больш за 2750 найменняў прадукцыі, у тым ліку на электронных гандлёвых пляцоўках, былі з парушэннямі бяспекі і якасці. Практычна 20 % — гэта неадпаведнасць па паказчыках «гіграскапічнасць», «паветрапранікальнасць». Таму і было прынятае рашэнне аб стварэнні рэестра айчынных вытворцаў, прадукцыі якіх можна давяраць.

Пра густы сучаснай моладзі

Сёння на беларускім рынку дастаткова адзення дзелавога стылю ад розных вытворцаў — як айчынных, так і замежных. Што датычыцца прадпрыемстваў канцэрна «Беллегпрам», асартымент мадэляў для школьнікаў абнаўляецца на 60 % з году ў год, распавяла Наталія Мароз.

— Мы сканцэнтраваныя на капсульных калекцыях: спадніца, штаны, камізэлька, бомбер і г. д., каб можна было збіраць розныя вобразы ў адпаведнасці з надвор’ем, настроем, сезонам, — канкрэтызавала яна.


Спецыяліст удакладніла, што ў сучасных падлеткаў запатрабаваныя шырокія штаны і стыль оверсайз. Дзяўчынкі часта выбіраюць мадэлі штаноў палаца, а сёлета — таксама штаны клёш. Самыя «ходкія» колеры ў школьнікаў сёння — сіні і чорны. Асаблівую ўвагу вытворцы канцэрна ўдзяляюць пытанням утульнасці і функцыянальнасці: крой улічвае асаблівасці розных дзіцячых фігур. Так, у поясе штаноў і спадніц выкарыстоўваюцца гумкі, што дазваляюць рэгуляваць шырыню. Прымаюцца і індывідуальныя заказы, калі асаблівасці фігуры не дазваляюць падабраць нешта ў крамах. Але такія выпадкі адзінкавыя: толькі «Беллегпрам» прапануе пакупніку да пачатку новага навучальнага года 300 000 вырабаў школьнага асартыменту, а ў цэлым усе прадпрыемствы краіны прадстаўляюць пакупнікам пастаянна каля мільёна такіх вырабаў, падагуліла Наталія Мароз. Дарэчы, кожны год канцэрн выпускае каталог школьнага асартыменту. Пагартаць яго можна на сайтах «Беллегпрама» і Міністэрства адукацыі.

Хопіць усім!

Пашыраны продаж тавараў для школьнікаў да новага навучальнага года стартаваў з сярэдзіны ліпеня і працягнецца практычна да канца верасня, праінфармавала намеснік начальніка аддзела метадалогіі ўпраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Міністэрства антыманапольнага рэгулявання гандлю Кацярына Макуцэня.

Набыць тавары школьнага асартыменту можна ва ўнівермагах, гіпермаркетах, фірменных крамах айчынных вытворцаў, дзе вылучаныя дадатковыя гандлёвыя месцы, аформленыя куткі школьніка і першакласніка. Практычна ва ўсіх магазінах рэспубліканскіх і рэгіянальных суб’ектаў гандлю ўжо ёсць секцыі з канцылярскімі таварамі для школьнікаў.


Па традыцыі ва ўсіх рэгіёнах Беларусі пакупнікоў запрашаюць школьныя кірмашы, кірмашы выхаднога дня, выставы-продажы — такіх мерапрыемстваў запланавана каля 250. Гандаль таварамі школьнага асартыменту арганізаваны таксама праз інтэрнэт-крамы і маркетплэйсы (у прыватнасці, на адным з афіцыйных беларускіх маркетплэйсаў Post Market). У Мінску школьныя кірмашы пройдуць у чатырох сталічных універмагах і ГЦ «Першы Нацыянальны гандлёвы дом». У швейных майстэрнях універмагаў пакупнікам прапануецца бясплатная прыладка школьнай формы. А зніжкі на школьны асартымент (ад 5 да 15 %) прадугледжаны для шматдзетных сем’яў, сем’яў, што выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, і дзіцячым дамам сямейнага тыпу.

Аляксандра Анцэлевіч
Фота БелТА

На сайце Мінадукацыі размешчаны каталог адзення для школьнікаў

Яшчэ ў мінулым навучальным годзе Міністэрства адукацыі ўзаконіла падыходы да знешняга выгляду школьнікаў. Сёлета правілы засталіся ранейшымі — ніякіх новаўвядзенняў няма. «На заканадаўчым узроўні было ўрэгулявана, што школьнікі на ўроках павінны знаходзіцца ў школьным адзенні дзелавога стылю. Усе ўстановы адукацыі вызначыліся са сваімі каляровымі гамамі, адзінымі элементамі адзення», — падкрэсліла начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі — намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Каржова. 

Адпавядаць агульным патрабаванням не складзе асаблівай цяжкасці — праводзіцца ўся неабходная работа для таго, каб падрыхтоўка дзяцей да школы была для бацькоў максімальна камфортнай. У тым ліку на сайце Міністэрства адукацыі размешчаны каталог адзення для школьнікаў 2026–2027 навучальнага года, спіс арганізацый па вытворчасці нашывак для адзення дзелавога стылю і трыкатажных вырабаў, а таксама інфармацыя аб іх вытворцах. Тут бацькі могуць знайсці і мінімальны пералік неабходных канцылярскіх прылад. 

Ірына Каржова падкрэсліла: «Каталог школьнага адзення, які размешчаны на сайце Міністэрства адукацыі, з’яўляецца прыкладным і падрыхтаваны толькі ў дапамогу бацькам для падрыхтоўкі дзяцей да школы. Аднак галоўнае патрабаванне — гэта каляровая гама, абраная ва ўстанове адукацыі, і вызначаны ёю адзіны элемент адзення. У астатнім выбіраць, купляць штосьці з каталога або шыць самастойна, — права бацькоў». 

«Міністэрствам адукацыі сумесна з органамі ўпраўлення адукацыі ажыццяўляецца маніторынг гандлёвых аб’ектаў, у якіх арганізаваная праца школьных кірмашоў, — адзначыла таксама Ірына Каржова. — У першую чаргу глядзім на наяўнасць асартыменту, памераў, неабходных для ўстаноў адукацыі каляровых гам». Не абмінаюць увагай і канцылярыю: напрыклад, правяраюць, ці дастаткова ў продажы сшыткаў, дзённікаў, прычым як на рускай, так і на беларускай мове. Маніторынгавыя групы, дарэчы, працуюць не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах. Іх галоўная задача — аператыўна выяўляць магчымыя праблемы і сігналізаваць аб іх у райвыканкамы, прадпрыемствы гандлю і іншыя кампетэнтныя структуры для хуткага вырашэння пытанняў. 

Аміна НАЗАРАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю