Top.Mail.Ru
290

На што міліцыянеры звяртаюць увагу адпачывальнікаў

У прыярытэце — асабістая і маёмасная бяспека

Супрацоўнікі патрульна-паставой службы міліцыі Фрунзенскага РУУС г. Мінска Вадзім Рабцэвіч і Аляксей Місуна адказваюць за правапарадак на тэрыторыі свайго сталічнага раёна. Гэтым разам у рамках прафілактычнага рэйду міліцыянеры накіраваліся ў сквер «Сямейны», дзе пагутарылі з грамадзянамі аб правілах паводзін у грамадскіх месцах адпачынку, праінфармавалі іх аб найбольш распаўсюджаных парушэннях, якія ўчыняюцца жыхарамі і гасцямі сталіцы.

Сквер «Сямейны», які знаходзіцца ў раёне вуліцы Гарэцкага, — адно з любімых месцаў для адпачынку жыхароў Фрунзенскага раёна. Пры ўваходзе ў сквер увагу супрацоўнікаў праваахоўных органаў прыцягнуў мужчына, які прысеў на лаўку і дастаў з пакета бутэльку піва. Міліцыянеры правялі тлумачальную гутарку з парушальнікам, нагадаўшы аб недапушчальнасці ўжывання алкагольных напояў у грамадскіх месцах.

  • «Згодна з артыкулам 19.3 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях за распіццё алкагольных, слабаалкагольных напояў або піва на вуліцы, стадыёне, у скверы, парку або з’яўленне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення, што абражае чалавечую годнасць і грамадскую маральнасць, прадугледжана адміністрацыйная адказнасць, — звяртае ўвагу Вадзім Рабцэвіч. — Санкцыя першай часткі артыкула прадугледжвае штраф да 8 базавых велічынь. Калі ж на працягу года чалавек паўторна здзяйсняе такія дзеянні, то памер штрафу павялічваецца да 15 базавых. Альтэрнатывай могуць стаць грамадскія працы ці адміністрацыйны арышт».

Па словах супрацоўнікаў міліцыі, распіццё алкаголю — найбольш распаўсюджанае правапарушэнне ў месцах масавага адпачынку. На другім месцы — дробнае хуліганства. За яго парушальніка чакае пакаранне ажно да адміністрацыйнага арышту

Каля сажалкі праваахоўнікі заўважылі юнага рыбалова. Хоць рыбалка тут не забаронена, супрацоўнікі міліцыі нагадалі аб неабходнасці захавання правілаў бяспекі. Аляксей Місуна адзначыў, што купанне ў Мінску дазволена толькі на Цнянскім вадасховішчы, Камсамольскім возеры і вадасховішчы Дразды. Купанне ў забароненых месцах цягне за сабой адміністрацыйную адказнасць і штраф да 3 базавых велічыняў.

Алкаголь і купанне — несумяшчальныя рэчы. Пра гэта міліцыянеры таксама пагаварылі з тымі, хто адпачываў у скверы. Знаходжанне ў вадзе ў стане алкагольнага ап’янення нярэдка прыводзіць да трагічнага выніку. Асаблівую заклапочанасць выклікае тое, што на вадзе гінуць непаўналетнія. Невыпадкова праваахоўнікі падчас рэйдаў праводзяць прафілактычныя гутаркі з бацькамі і просяць іх сачыць за сваімі дзецьмі паблізу ад вады яшчэ больш пільна, ні ў якім разе не адпускаць адных на вадаём.

«Таксама праводзім тлумачальную працу з адпачывальнікамі аб выкананні асабістай і маёмаснай бяспекі, — кажа Аляксей Місуна. — Часта, ідучы купацца, людзі пакідаюць на беразе каштоўныя рэчы, у тым ліку мабільныя тэлефоны, дакументы, кашалькі. Гэта сігнал для зламыснікаў, якія могуць карыстацца сітуацыяй. Таму лепш не браць з сабой каштоўныя рэчы, а калі і прынеслі іх, дык не пакідаць без увагі. Акрамя таго, варта трымаць сваю маёмасць не за спіной, а навідавоку або збоку ад сябе. Таксама нельга пакідаць рэчы пад наглядам незнаёмцаў»

Галоўная задача супрацоўнікаў патрульна-паставой службы міліцыі — сачыць за тым, каб у месцах масавага адпачынку грамадзянам было камфортна і бяспечна. «Мы беражом іх спакой», — запэўнілі міліцыянеры.

Фота прэс-службы Фрунзенскага РУУС сталіцы

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю