На карысць здароўю
Сёлета ў Лідзе з’явілася велапешаходная дарожка працягласцю 1,2 кіламетра ад вуліцы Мітрапаліта Філарэта да вуліцы Грунвальдская і ад Замкавай да Грунвальдскай. Дагэтуль падобнай лакацыі ў раённым цэнтры не было. Такі фармат адпачынку спадабаўся моладзі, сем’ям, турыстам. Велапешаходная дарожка пракладзена каля Лідскага замка, а таму з’явілася выдатная магчымасць сумясціць знаёмства з горадам са здаровым ладам жыцця. Прадугледжаны размежаванні, дзякуючы чаму веласіпедысты і пешаходы не перашкаджаюць адзін аднаму. На працягу ўсяго маршруту ўстаноўлены ліхтары, малыя архітэктурныя формы. Апошнія, дарэчы, з падсветкай, таму ісці і ехаць па велапешаходнай дарожцы будзе камфортна нават ноччу. Альтанкі, лаўкі, арэлі, парковачныя месцы для веласіпедаў — для добрага адпачынку тут створаны ўсе ўмовы.
Як расказвае дырэктар Лідскага гарадскога ўнітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр СІНЕВІЧ, самым складаным у ажыццяўленні гэтага праекта было правядзенне земляных работ. «Мясцовасць у раёне збудавання велапешаходнай дарожкі балоцістая, а таму даводзілася спраўляцца з лішняй вільготнасцю, — удакладняе ён. — За перыяд правядзення работ было вывезена каля 40 тысяч кубоў торфу, столькі ж завезена пяску».
Пешаходная вуліца
З’явілася ў райцэнтры і свая пешаходная вуліца. Знаходзіцца яна каля Лідскага замка, адсюль і назва — Замкавая. Работы на гэтай вуліцы працягласцю 250 метраў пачаліся ў 2023 годзе, сёлета яе добраўпарадкаванне завяршылася.
«Рашэннем выканкама быў зменены тып прызначэння аб’екта: праезная вуліца стала пешаходнай, — адзначае дырэктар КУП „Лідскі дзяржаўны заказчык у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі“ Сяргей СІНЕВІЧ. — Асфальтабетоннае пакрыццё памянялі на плітку тратуарную (брусчатку), выкананую ў стылі старога горада, мадэрнізавалі вонкавае асвятленне вуліцы, устанавілі дэкаратыўныя таршэры, якія гарманічна спалучаюцца з Лідскім замкам. Дапоўнілі аб’ект дэкаратыўнымі малымі архітэктурнымі формамі».
Акрамя таго, супрацоўнікі прадпрыемства ажыццявілі мадэрнізацыю прылеглай да Лідскага замка тэрыторыі. «Самая вядомая славутасць нашага горада — Лідскі замак, а таму хацелася, каб і прылеглая да яго тэрыторыя адпавядала духу гісторыка-культурнай каштоўнасці, прыцягвала яшчэ большую колькасць турыстаў, стала любімым месцам адпачынку гараджан і гасцей горада», — заўважыў Сяргей Сіневіч.
Кветкавы горад
Сёлета Ліда нагадвала свайго роду батанічны сад. У ходзе маштабнага азелянення ў райцэнтры было высаджана амаль 1,5 тысячы дрэў, 5 тысяч кустоў і звыш 125 тысяч кветак. Канцэпцыю квітнеючага горада дапоўнілі падвесныя кашпо і фітамодулі. Упершыню «заквітнелі» масты. Каваныя канструкцыі і арыгінальныя лаўкі, устаноўленыя ў розных кропках Ліды, таксама былі дапоўнены кветкавымі кампазіцыямі.
«Толькі сіламі Лідскага КУП ЖКГ у горадзе было высаджана каля 110 тысяч кветак, — удакладняе Аляксандр Сіневіч. — Да працэсу добраўпарадкавання падключыліся і жыхары, якія за ўласныя сродкі наводзілі парадак на прыдамавых тэрыторыях. Так было і раней, але ў Год добраўпарадкавання людзі як ніколі праявілі сваю актыўнасць. Гэта датычыцца не толькі азелянення прыдамавах тэрыторый, а і добраўпарадкавання могілак».
Унёсак у экалагічнасць
Асобы аб’ект, які непасрэдна звязаны з навядзеннем парадку ў горадзе, — ачышчальныя збудаванні каналізацыі. Іх роля ў добраўпарадкаванні не бачная звычайнаму жыхару, але без нармальнай работы гэтага аб’екта нельга казаць ні пра парадак, ні ўвогуле пра камфортную жыццядзейнасць горада.
Ачышчальныя збудаванні ў Лідзе былі пабудаваны ў 1972 годзе. Іх фізічны знос, найперш абумоўлены прыростам насельніцтва, патрабаваў капітальнага рамонту. У 2019 годзе Лідскім КУП ЖКГ быў заключаны дагавор з чэшскай арганізацыяй па рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў. Працэс, які павінен быў вырашыць шэраг праблем, пачаўся, але ў 2022 годзе, нягледзячы на дамоўленасці, чэшская кампанія нядобрасумленна сышла з нашага рынку. У жніўні 2023-га дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы ажыццяўленне праекта аднавілася.
«У Лідзе актыўна пашыраецца жылфонд — адпаведна расце і нагрузка на ЖКГ, — звяртае ўвагу дырэктар Лідскага КУП ЖКГ. — Будуем тры аэратэнкі, мяняем абсталяванне, якое з’яўляецца сэрцам ачышчальных збудаванняў, а таму павінна бесперапынна працаваць. Аб’ект плануем увесці ў эксплуатацыю ў тэрміны, прадугледжаныя праектна-каштарыснай дакументацыяй».
Вераніка КАНЮТА.
Фота прадстаўлена Лідскім КУП ЖКГ.