Top.Mail.Ru

На што кіраўнік дзяржавы арыентуе нафтавікоў

Шукаць, знайсці і не здавацца

Продкі навучылі беларусаў працаваць на зямлі. А навуковы прагрэс і сучасныя тэхналогіі дазволілі працаваць з тым, што знаходзіцца пад зямлёй. Гаспадарскі падыход і арыентацыя на максімальнае выкарыстанне «свайго» — такі прынцып Прэзідэнт «прывівае» ў развіцці розных сфер. У тым ліку, у галіне нафтаздабычы, тым больш, што рэзервы, а значыць, і перспектывы ёсць. На гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звяртаў увагу на нарадзе, якая прайшла ў гэты аўторак.

Да тэмы запасаў нафты і іх распрацоўкі кіраўнік дзяржавы звяртаецца не ўпершыню. «Мяне інфармуюць, што на сёння прамысловыя запасы беларускай нафты складаюць каля 45 млн тон. За 2016–2023 гады яны прыраслі на 14 млн тон, у тым ліку толькі ў 2023 годзе — на 2,5 млн тон, што з’яўляецца рэкордам за апошнія 40 гадоў. Значыць, нешта ёсць. Яшчэ раз паўтараю: ідзіце і шукайце тое, што трэба краіне», — арыентаваў адказных Прэзідэнт на нарадзе аб стане і развіцці мінеральна-сыравіннай базы рэспублікі, нарошчванні геолагаразведачных работ, у тым ліку па вуглевадароднай сыравіне, яшчэ ў сакавіку 2024 года. Тады ж Аляксандр Лукашэнка назваў ўсе карысныя выкапні стратэгічным запасам, які належыць толькі народу. А паколькі цэны на карысныя выкапні і тым больш нафту з кожным годам растуць, не выкарыстоўваць шанец зарабіць яшчэ грошай і павысіць дабрабыт народа — недапушчальна.

Чаму трэба глядзець «углыб» зямлі і наколькі гэта важна для эканомікі краіны, растлумачылі і эксперты.

Нафта лягчэйшая, але здабываць яе цяжэй

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэту і фінансах, старшыня Беларускага дзяржаўнага канцэрна па нафце і хіміі Ілья Ікан расказаў, што за першае паўгоддзе 2025 года беларуская нафтаздабываючая галіна прадэманстравала ўпэўнены рост, павялічыўшы аб’ёмы на 4,5 %. І такі рост, па словах кіраўніка канцэрна, стаў магчымы дзякуючы прымяненню перадавых тэхналогій і вопыту спецыялістаў «Беларуснафты», якія адпавядаюць сусветным стандартам. «Выкарыстанне сучасных метадаў дазваляе не толькі эфектыўна здабываць нафту, але і пастаянна павялічваць аб’ёмы разведаных запасаў. Здабыча вуглевадароднай сыравіны — гэта не толькі ўклад у развіццё Гомельскай вобласці, дзе сканцэнтравана асноўная дзейнасць кампаніі, але і значны фактар для ўмацавання энергетычнай бяспекі ўсёй краіны. У бягучым годзе мы разлічваем здабыць крыху больш за 2 мільёны тон нафты», — паведаміў Ілья Ікан —  «Немалаважна, што беларуская нафта — добрай якасці. Напрыклад, яна лягчэйшая за расійскую, што дазваляе на выхадзе атрымліваць больш светлых нафтапрадуктаў, такіх як бензін і дызельнае паліва», — адзначыў ён. Гэта, у сваю чаргу, павышае эканамічную эфектыўнасць перапрацоўкі і дазваляе выпускаць прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю.

Илья Икан.jpg

Павелічэнне здабычы і высокая якасць беларускай нафты ствараюць трывалую аснову для далейшага развіцця нафтаперапрацоўчай галіны краіны і ўмацавання яе пазіцый на ўнутраным і знешнім рынках. Далейшае ўкараненне інавацыйных тэхналогій і прыцягненне інвестыцый у разведку новых радовішчаў дазволяць забяспечыць стабільны рост здабычы. Ілья Ікан падкрэсліў, што гэты рост з’яўляецца не толькі пазітыўным сігналам для эканомікі, але і стымулам для далейшага развіцця айчыннай нафтаперапрацоўчай галіны. Павелічэнне попыту на паліва спрыяе павелічэнню аб’ёмаў вытворчасці, стварэнню новых рабочых месцаў і папаўненню дзяржаўнага бюджэту. «Белнафтахім» і ў далейшым будзе прыкладаць усе намаганні для стабільнага забеспячэння ўнутранага рынку якасным палівам па даступных цэнах, спрыяючы тым самым развіццю эканомікі і павышэнню якасці жыцця грамадзян Беларусі, — запэўніў Ілья Ікан.

Важны складнік энергетычнай бяспекі

Пра тое, што з нафты вырабляюць розныя віды паліва, ведае кожны школьнік. Але нафта таксама выкарыстоўваецца для вытворчасці змазачных матэрыялаў, пластмас, сінтэтычнага каўчуку, растваральнікаў, лакаў, фарбаў, бітуму. Нават у касметалогіі і фармацэўтыцы прымяняюцца кампаненты, атрыманыя з нафты. Сапраўды, не проста так нафту называюць чорным золатам. На гэта звярнула ўвагу Жанна Чарняўская, старшыня Пастаяннай камісіі па экалогіі і прыродакарыстанні Палаты прадстаўнікоў. 

Жанна Черневская.jpg

«Нафта адыгрывае важную ролю ў эканоміцы краіны, надзвычай выгадная не толькі як паліва, але і як хімічная сыравіна. Нафта — гэта карысны выкапень, непаўторны ў сваім родзе. З нафты атрымліваюць паліва і многія іншыя прадукты, неабходныя сучаснаму грамадству. І яшчэ важны аспект — пасля перапрацоўкі нафты практычна не застаецца адходаў, так як усе яе складнікі выкарыстоўваюцца ў розных мэтах. Спецыялісты „Беларуснафты“ эфектыўна здабываюць нафту з пастаянным прыростам як здабывальных, так і разведвальных аб’ёмаў. Сёння гэта добрая дапамога не толькі для Рэчыцкага раёна і Гомельскай вобласці, але і ў цэлым для краіны. І ўся наша нафта перапрацоўваецца на беларускіх НПЗ, — адзначыла парламентарый. — Спецыялісты гавораць аб Прыпяцкім прагібе як аб асноўным нафтаносным рэгіёне, які мае яшчэ як мінімум два перспектыўныя ўчасткі. Яны называюць Аршанскую і Падляска-Брэсцкую западзіны і паўднёвыя раёны Гомельскай вобласці. На гэтых тэрыторыях раней выконваліся здымачныя работы, геафізіка, бурыліся асобныя свідравіны. А з улікам новых тэхнічных магчымасцяў і кампетэнцый можна выконваць даразведку і маніторынг, у тым ліку ўжо наяўных свідравін. Больш дакладна ажыццяўляць распрацоўку радовішчаў і свідравін, эфектыўна выкарыстоўваць, тым самым скарачаючы выдаткі». Жанна Чарняўская зрабіла акцэнт на тым, што ўласная сыравіна і іншыя рэсурсы з’яўляюцца залогам суверэнітэту і стабільнага развіцця эканомікі. «Гэта важны складнік энергетычнай бяспекі Беларусі, а таксама гэта сыравіна для вытворчасці экспартных тавараў з высокай дабаўленай вартасцю, што актуальна ў перыяд санкцыйнага ціску. І калі паглядзець на сусветны рынак нафты — зніжэнне цэн некалькі гадоў таму не вылілася ў масавае закрыццё праектаў па здабычы высоказатратнай нафты і не змагло прымусіць групу нафтаздабываючых краін знізіць вытворчасць нафты. А значыць попыт у свеце на нафту і яе прадукты стабільна ёсць», — дадала яна.

Спрашчаць гэту тэму не варта

Праблема ў тым, што большая частка запасаў беларускай нафты залягае вельмі глыбока. Самая глыбокая свідравіна — Прадрэчыцкая № 1 глыбінёй 6755 м. Для параўнання, напрыклад, у Расіі багатыя радовішчы залягаюць на глыбіні ад аднаго кіламетра. Але было б жаданне — і з прымяненнем сучасных тэхналогій, з разумна арганізаваным падыходам усё можна здабыць. А гэта яшчэ і развіццё навуковай школы ў той сферы, без якой сучаснаму чалавецтву не абысціся.

Швайба.jpg

Медыяэксперт Дзмітрый Швайба ў эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё» заўважыў, што Беларусь мае вельмі сур’ёзныя кампетэнцыі ў частцы здабычы нафты. «Мы маем неабходныя тэхналогіі, абсталяванне, спецыялістаў. А гэта працэс складаны. Няма такога, што ледзь заглыбіўся — і там ужо нафта. Спрашчаць гэтую тэму не варта. Спецыялісты ведаюць, наколькі высокатэхналагічна ў Беларусі адбываюцца гэтыя працэсы, — адзначыў ён. — Адпрацоўваючы свае кампетэнцыі на тэрыторыі Беларусі, мы іх паспяхова прымяняем у Расійскай Федэрацыі. А тое, што кампетэнцыі сёння назапашаныя сур’ёзныя, — гэта відавочны факт». Эксперт падкрэсліў, што геолагаразведка — працэс нятанны, але неабходны: «Гэта мяжуе і з навукай, і з развіццём тэхналогій. Гэта і захаванне кампетэнцый унутры краіны. Таму што гэта настолькі ўнікальныя спецыялісты: на ўмоўным сусветным рынку такія спецыялісты будуць вельмі запатрабаваныя. Важна, што гэта беларусы, і што яны працуюць унутры краіны».

Інтэнсіўнасць працы істотна павысілася

Аб тым, які практычны вынік даюць сучасныя тэхналогіі нафтаздабычы лепей за ўсё раскажуць лічбы, якія прывёў намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці «Беларуснафты» Дзяніс Вараб’ёў: «У цяперашні час мы кратна скарацілі цыкл будаўніцтва свідравіны. Калі раней такія аб’екты будаваліся прыкладна 135–140 сутак, то сёння будуем і здаём у эксплуатацыю за 45 сутак. Інтэнсіўнасць і тэхналагічнасць працы істотна павысіліся». Дзяніс Вараб’ёў дадаў, што за апошнія гады атрыманы кратны прырост праходкі. «Тэмпы, якія мы сёння набралі, дазваляюць выходзіць на аб’ём здабычы нафты па гэтым годзе больш за два мільёны тон», — раскаў спецыяліст.

Денис Воробьев.jpg

У планах «Беларуснафты» на гэты год — рэкордныя 300 тысяч метраў праходкі горных парод. Амаль трэць ад гэтага планавага паказчыка — практычна 100 тысяч метраў — па кірунку пошуку і разведкі. «Для падтрымання і росту ўзроўню здабычы нафты ў рэгіёне да 2030 года неабходна падтрымліваць бурэнне ў аб’ёмах да 340 тысяч метраў праходкі. У будучым дзякуючы атрыманым вынікам плануем адкрываць невялікія залежы, працаваць з цяжказдабывальнай нафтай. Ужо цяпер магу з упэўненасцю сказаць, што навукова абгрунтаваны прагноз дазваляе планаваць на 2030 год узровень здабычы нафты ў аб’ёме 2,3 млн тон», — падзяліўся планамі намеснік генеральнага дырэктара па геалогіі «Беларуснафты» Пётр Поўжык.

Повжик.jpg

Нафтаздабыча для Беларусі — галіна не новая. «Чорнае золата» на тэрыторыі нашай краіны здабываюць з 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Самая багатая на гэты рэсурс — Гомельская вобласць. Гэта ўжо родны рэгіён для нашых нафтавікоў. Днямі яны запрасілі журналістаў ў лагер сейсмаразведчыкаў у Рэчыцкім раёне. І, як расказаў Пётр Поўжык, цяпер праца сканцэнтравана на паўднёвых раёнах Гомельшчыны. На нядаўняй нарадзе ў Прэзідэнта было вырашана, што вывучаць гэтыя тэрыторыі «Беларуснафта» будзе сумесна з Міністэрствам прыроды і аховы навакольнага асяроддзя. «Вывучэнне паўднёвых тэрыторый Гомельскай вобласці можна лічыць нашым геалагічным шанцам для адкрыцця новых радовішчаў нафты і газу. У цяперашні час разам з Мінпрыроды мы распрацавалі збалансаваную схему ўзае-мадзеяння. Наша кампанія будзе працаваць непасрэдна ў межах раней адкрытых радовішчаў Паўночнай структурна-тэктанічнай зоны і ўсходняй часткі Цэнтральнай структурна-тэктанічнай зоны, а прадпрыемствы Міністэрства — у межах заходняйчасткі Цэнтральнай структурна-тэктанічнай зоны і ў Паўднёвай структурна-тэктанічнай зоне, якая ахоплівае тэрыторыі Ельскага, Лельчыцкага і Нараўлянскага раёнаў», — цытуе спецыяліста БелТА.

«Нафтавая ліхаманка» Беларусі, напэўна, не пагражае. Бо, нягледзячы на безумоўную важнасць і неабходнасць гэтага рэсурсу для нашай краіны, галоўнымі патрабаваннямі для гэтай дзейнасці застаюцца гаспадарскі падыход, апраўданыя распрацоўкі і дысцыпліна.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю