Top.Mail.Ru

На сесіі Мінскага абласнога Савета дэпутатаў падвялі вынікі адыходзячага года і абмеркавалі планы на будучыню

Падыходзіць да канца пяцігодка 2021-2025 гадоў. Мінская вобласць падводзіць папярэднія вынікі: што ўдалося, дзе ўзніклі цяжкасці і якія мэты ставіць на наступны, 2026 год. Агульная карціна — гэта гісторыя росту, які месцамі аказаўся нават вышэй чаканняў, але з некаторымі важнымі агаворкамі. Пра гэта і не толькі гаварылі днямі на чарговай сесіі Мінскага абласнога Савета дэпутатаў. 


На пасяджэнне сесіі былі вынесены наступныя пытанні: вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Мінскай вобласці за 2021-2025 гады, а таксама разгляд абласнога бюджэту на 2026 год. 

«Далейшая работа будзе пабудавана ў адпаведнасці з рашэннямі, прынятымі дэлегатамі УНС»

«19 снежня 2025 года была разгледжана і зацверджана на другім пасяджэнні VII Усебеларускага народнага сходу Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2026-2030 гады, — звяртаючыся да прысутных, адзначыў старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка. — Многія з прысутных таксама ўнеслі свой уклад у яе распрацоўку. Праект праграмы разглядаўся ўсімі дэлегатамі, выносіўся на абмеркаванні, дзе на пытанні дэлегатаў адказваў міністр эканомікі». 

Губернатар нагадаў, што ў праграме вызначаны 7 ключавых прыярытэтаў з улікам актуальных грамадскіх запытаў і сучасных тэндэнцый, зададзеных кіраўніком дзяржавы ў сваёй перадвыбарнай праграме. «Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця адлюстроўвае актуальныя патрэбнасці грамадства і дзяржавы, і наша далейшая работа будзе пабудавана ў адпаведнасці з рашэннямі, прынятымі дэлегатамі Усебеларускага народнага сходу, — падкрэсліў кіраўнік цэнтральнага рэгіёна. — Сёння мы павінны разгледзець вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця не толькі за адыходзячы год, але і за ўсю мінулую пяцігодку. Важна, каб кожны ўбачыў, якія вынікі былі атрыманы, дзе і ў якіх напрамках мы недапрацавалі, і зрабілі работу над памылкамі». 


Паводле слоў Аляксея Кушнарэнкі, прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця на будучы год павінен улічваць два асноўныя аспекты. З аднаго боку, арыентавацца на амбіцыйныя перспектыўныя праекты, якія забяспечваюць устойлівае развіццё вобласці. З другога — неабходна ўлічваць бягучыя ўмовы, уключаючы магчымыя рызыкі, знешнія выклікі і рэальныя эканамічныя магчымасці вобласці. «Пры планаванні паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці на 2026 год былі ўлічаны найважнейшыя паказчыкі і параметры сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, а таксама тэрытарыяльныя асаблівасці кожнага рэгіёна, — дадаў губернатар Міншчыны. — Сёння на пасяджэнні мы не проста плануем і даводзім паказчыкі. Мы задаём вектар развіцця вобласці і ставім выразныя мэты і задачы. Пры гэтым я хацеў бы зрабіць акцэнт на тым, што 2026-ы — гэта стартавы год на наступную пяцігодку. Поспех шмат у чым будзе залежаць ад таго, наколькі хутка і эфектыўна мы разгорнемся. Будзе закладзены і падмурак паспяховай работы на ўсе пяць гадоў», — падагульніў кіраўнік вобласці.

На Міншчыне рэалізуюць больш за 180 інвестпраектаў

Як адзначыў намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Дзяніс Курленка, падводзячы вынікі работы эканомікі Мінскай вобласці за 2025 год, практычна ўсе прагнозныя паказчыкі выкананы за выключэннем валавога рэгіянальнага прадукту. «Што датычыцца пяцігодкі, то па ўсіх паказчыках у эканоміцы цэнтральнага рэгіёна перавышаны базісны ўзровень, на які мы ўсе раўняемся, — паказчыкі 2020 года. З улікам гэтага, а таксама даведзеных урадам заданняў, мы і вызначылі прагнозныя паказчыкі для нашых рэгіёнаў на наступны перыяд. І гэтыя заданні будуць дастаткова напружаныя», — расказаў намеснік старшыні.

Паводле яго слоў, для выканання іх неабходна правесці аналіз існуючых рэзерваў. «А імі стануць інвестыцыйныя праекты, запланаваныя на будучы год. Нам трэба будзе рэалізаваць больш за 180 інвестпраектаў арганізацый рознай формы ўласнасці, якія будуць весціся ў гарадах з колькасцю насельніцтва звыш 80 тысяч чалавек (Маладзечна, Барысаў, Салігорск), якія з’яўляюцца драйверамі для эканомікі вобласці. Таксама рэалізуюцца ў нашых прэферэнцыйных зонах СЭЗ „Мінск“, індустрыяльным парку „Вялікі камень“ і на тэрыторыі Мінскага прамысловага пояса», — адзначыў Дзяніс Курленка.


Ён падкрэсліў, што для развіцця Мінскага прамысловага пояса на наступную пяцігодку ў Праграму развіцця Мінскай вобласці ўключаны спецыяльны раздзел. «З улікам ужо наяўнай інфраструктуры апорных пунктаў прамысловага пояса (а гэта Барысаўская, Маладзечанская, Слуцка-Салігорская, Дзяржынская, Стаўбцоўская зоны) ён стане яшчэ адным рэзервам для развіцця эканомікі вобласці. Гэта тыя рэгіёны, дзе маюцца і нашы пляцоўкі СЭЗ, і вытворчыя невыкарыстоўваныя магутнасці ў буйных прамысловых цэнтрах, і тэрыторыі, землі якіх можна выдзеліць разам з ужо наяўнай інфраструктурай, для таго, каб рэалізаваць тыя ці іншыя інвестпраекты», — патлумачыў намеснік старшыні.

У рамках ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект» у Мінскай вобласці па выніках 2025 года рэалізавана 29 інвестпраектаў, да якіх да канца года дадасца яшчэ пяць. Сума рэалізацыі ўсіх праектаў набліжаецца да адзнакі ў 700 мільёнаў рублёў. На новых вытворчасцях створана каля 1,2 тысячы працоўных месцаў.

Заробкі, прамысловасць, харчовая бяспека

Завяршаючы пяцігодку, вобласць можа пахваліцца двума буйнымі поспехамі. Заработная плата насельніцтва вырасла амаль на 20 %, што значна перакрывае першапачатковыя планы. Таксама кансалідаваны бюджэт вобласці атрымаў даходаў амаль на 15 % больш, чым планавалася. Аднак не ўсе мэты аказаліся дасягнутыя. Рост інвестыцый у асноўны капітал адстаў ад запланаванага тэмпу. Гэта важны сігнал, на які ўжо накіравана ўвага: наступны год павінен стаць годам інвестыцый.

Прамысловасць — гэта сэрца эканомікі Мінскай вобласці, на яе прыпадае больш за палову ўсяго створанага ў рэгіёне прадукту. За дзесяць месяцаў 2025 года аб’ём вытворчасці крыху вырас, але сітуацыя па раёнах нераўнамерная. Пакуль адны нарошчваюць абароты, у іншых зафіксавана зніжэнне. Яшчэ адзін «трывожны званочак» — запасы гатовай прадукцыі на складах. Іх не так шмат, але праблема ў складанасці з экспартам, у тым ліку ў лагістычных абмежаваннях праз парты іншых краін.

Але вобласць не стаіць на месцы. На 2026 год закладзены ўпэўнены рост прамысловай вытворчасці. Упор робіцца на харчовую прамысловасць: пашырэнне вытворчасці сыроў, мясных паўфабрыкатаў і мяса індычкі. Фармацэўтыку і хімію: павелічэнне выпуску лекаў і спецыяльных прадуктаў. Машынабудаванне: мадэрнізацыя такіх гігантаў, як БЕЛАЗ і BELGEE. Паралельна ідзе маштабная работа па імпартазамяшчэнні. Плануецца, што ў 2026 годзе мясцовыя прадпрыемствы выпусцяць прадукцыю на суму звыш 3 мільярдаў долараў, стварыўшы новыя магчымасці для ўнутранага рынку і экспарту.

Мінулы год стаў, як і ўсе папярэднія, няпростым для сельскай гаспадаркі. Капрызы надвор’я паўплывалі на ўраджай, але галіна дэманструе рост.

А яшчэ ў вобласці ідзе сапраўдная будоўля: узводзяцца новыя сучасныя малочнатаварныя комплексы і сховішчы для кармоў. Планы на 2026 год амбіцыйныя: рост вытворчасці малака, мяса і збожжавых. Стаўка робіцца не толькі на колькасць, але і на якасць — долю малака вышэйшага гатунку «экстра» хочуць давесці да 70 %.

Яшчэ адна важная тэндэнцыя — узбуйненне. Дробныя прадпрыемствы далучаюцца да буйных агракамбінатаў, такіх як «Дзяржынскі» або «Слуцкі сыраробны камбінат», каб стаць больш моцнымі і канкурэнтаздольнымі.

За год у вобласці з’яўляюцца тысячы новых кватэр. Планы на 2026 год уключаюць будаўніцтва не менш як 700 тысяч квадратных метраў жылля, частка з якога будзе даступная па арэндзе або з дзяржпадтрымкай.


Якім будзе абласны бюджэт на наступны год?

Улады Мінскай вобласці сфарміравалі бюджэт на наступны год. Гэты фінансавы план адлюстроўвае стратэгічныя прыярытэты рэгіёна: захаваць высокі ўзровень сацыяльнай абароны жыхароў, падтрымаць эканамічны рост і забяспечыць устойлівасць нават ва ўмовах абмежаваных рэсурсаў.

Больш за 90 % агульнай сумы складуць уласныя даходы рэгіёна — перш за ўсё, падатковыя паступленні ад прадпрыемстваў і насельніцтва. Астатняе — мэтавая дапамога з рэспубліканскага бюджэту на канкрэтныя інфраструктурныя і сацыяльныя праекты. Выдаткі запланаваны крыху ніжэй даходаў, што дазволіць сфарміраваць прафіцыт. Гэтыя сродкі будуць накіраваны на ўмацаванне фінансавай стабільнасці рэгіёна.

Сацыяльныя абавязацельствы — у прыярытэце. Бюджэт захоўвае выразную сацыяльную накіраванасць. Больш за 60 % усіх выдаткаў зарэзервавана на першачарговыя патрэбы, якія напрамую ўплываюць на якасць жыцця людзей.

Да іх адносяцца заработная плата ў бюджэтнай сферы, сацыяльныя выплаты, уключаючы пенсіі і дапамогі, субсідыі на аплату жыллёва-камунальных і транспартных паслуг. Асобным буйным блокам вылучаецца фінансаванне сацыяльнай сферы — на ахову здароўя, адукацыю, культуру і спорт плануецца накіраваць больш за палову ўсіх бюджэтных выдаткаў.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота прэс-службы Мінскага аблвыканкама

Чытайце таксама: Як Мінская вобласць узмацняе жывёлагадоўчую галіну

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю