Top.Mail.Ru

На Савеце Палаты прадстаўнікоў падвялі вынікі міжнароднай дзейнасці дэпутатаў летась, вызначылі задачы на 2026 год

Міжнародная дзейнасць Палаты прадстаўнікоў ажыццяўляецца ў строгай адпаведнасці са знешнепалітычным курсам краіны, накіраваным на захаванне міру, падтрыманне глабальнай і рэгіянальнай бяспекі, эканамічнае развіццё і павышэнне якасці жыцця грамадзян.


«Без моцнай эканомікі нельга казаць аб суверэнітэце і самастойнай знешняй палітыцы» 

Як канстатаваў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА, сітуацыя на знешнім контуры застаецца няпростай. «Міжнароднае права падмяняецца правам моцнага, як сведчыць тое, што адбылося ў Венесуэле, — канкрэтызаваў спікер. — Натуральна, сітуацыя павінна быць урэгулявана выключна палітыка-дыпламатычнымі сродкамі ў адпаведнасці з палажэннямі і прынцыпамі Статута Арганізацыі Аб’яднаных Нацый».

Беларусь паслядоўна выступае за мірнае вырашэнне спрэчак і канфліктаў праз перагаворы на раўнапраўнай і ўзаемавыгаднай аснове. Па перакананні Ігара Сергяенкі, толькі сумленны і адкрыты дыялог, цеснае эканамічнае супрацоўніцтва здольныя стаць асновай для выпрацоўкі доўгачасовых і эфектыўных рашэнняў, якія адпавядаюць карэнным інтарэсам народаў — мір, справядлівасць і дабрабыт.

«У той жа час мы рэалісты і разумеем, што ў дзеючай сістэме міжнародных адносін спадзявацца на чыюсьці добрую палітычную волю катэгарычна недапушчальна, — заўважыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў. — І за гады незалежнасці нашай краіны мы дакладна ўсвядомілі: са слабымі ніхто не размаўляе. Жадаеш міру — трымай порах сухім. Гэты тэзіс чырвонай ніццю праходзіць практычна ва ўсіх выступленнях Прэзідэнта, яго ўстаноўках дзяржаўным органам, у тым ліку парламенту. Ён універсальны як для знешняй палітыкі, так і для вырашэння бягучых задач сацыяльна-эканамічнага развіцця. Без моцнай эканомікі нельга казаць аб суверэнітэце і самастойнай знешняй палітыцы».

У сувязі з гэтым спікер арыентуе дэпутатаў звяртаць асаблівую ўвагу, у тым ліку ў міжнароднай і заканатворчай дзейнасці, у рабоце з выбаршчыкамі, на пытанні абараназдольнасці краіны, тэхнічнае пераўзбраенне, прэстыж абаронцы Радзімы, ваенна-патрыятычнае выхаванне моладзі. 

«Сіла — у адзіным разуменні працэсаў»

Асобна спікер закрануў тэму ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй, якое, па яго словах, стварае рэальныя гарантыі міру і бяспекі, забяспечвае недатыкальнасць нашых заходніх граніц ва ўмовах нябачанай па сваіх маштабах мілітарызацыі еўрапейскага кантынента.

«Абараназдольнасць — гэта не толькі зброя, — удакладніў Ігар Сергяенка. — Як падкрэслівае Прэзідэнт, аснова ўсяго — эканоміка. Таму неабходна прадоўжыць работу па паглыбленні супрацоўніцтва ў рамках Саюзнай дзяржавы ў такіх важнейшых галінах, як станкабудаванне, авіябудаванне, мікраэлектроніка і іншых. Сумесныя прадпрыемствы і вытворчасці, якія забяспечваюць выпуск прадукцыі імпартазамяшчэння, павінны надзейна абараняць тэхналагічны суверэнітэт Беларусі і Расіі. Гэта прыярытэтныя кірункі для практычнай работы нацыянальнай дэпутацыі ў Парламенцкім Сходзе Саюза Беларусі і Расіі».

Перад дэпутацкім корпусам пастаўлены задачы больш актыўна задзейнічаць патэнцыял парламенцкага вымярэння ў АДКБ і СНД, прадаўжаць курс на ўсебаковы ўдзел Беларусі ў працэсах фарміравання шматпалярнага свету, выкарыстоўваючы парламенцкую дыпламатыю як важны інструмент міждзяржаўнага ўзаемадзеяння. Аналагічныя ўстаноўкі — пры рабоце ў рамках МПА СНД, МПС, Лацінаамерыканскім парламенце, МПА АСЕАН, Панафрыканскім парламенце, ПА АБСЕ. 

«Больш актыўна трэба пашыраць парламенцкія сувязі ў рамках БРІКС і ШАС, — дадаў Старшыня Палаты прадстаўнікоў. — Такі ж падыход трэба прасоўваць і на двухбаковым трэку ў палітычным, эканамічным супрацоўніцтве з парламентамі Кітая, Індыі, Інданезіі і іншых дзяржаў „далёкай дугі“. Наша сіла — у адзіным разуменні працэсаў, якія адбываюцца ў свеце, сумесным пошуку адэкватных адказаў на рэальныя выклікі і пагрозы сучаснасці».

Звыш 120 праведзеных міжнародных сустрэч і сур’ёзныя планы на перспектыву

Як звярнуў увагу старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Сяргей РАЧКОЎ, у 2025 годзе дэпутаты прынялі ўдзел у больш як 50 міжнародных мерапрыемствах, якія праводзіліся ў замежных дзяржавах. «Аналіз справаздач паказвае эфектыўнасць здзейсненых замежных камандзіровак у мэтах прасоўвання знешнепалітычных і знешнеэканамічных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь, пашырэння міжпарламенцкага супрацоўніцтва і давядзення пазіцыі нашай краіны па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня», — канкрэтызаваў ён.

Па словах старшыні Пастаяннай камісіі, летась дэпутаты Палаты прадстаўнікоў значна пашырылі геаграфію парламенцкіх кантактаў, атрымалі статус у шэрагу міжнародных парламенцкіх структур. «Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у 2025 годзе арганізавалі, прынялі ўдзел больш як у 120 міжнародных сустрэчах, перагаворах як у Рэспубліцы Беларусь, так і ў замежных дзяржавах, — праінфармаваў Сяргей Рачкоў. — Мы вельмі актыўна працавалі на міжнародных парламенцкіх пляцоўках. У першую чаргу ў Міжпарламенцкай Асамблеі СНД і Парламенцкім Сходзе Саюза Беларусі і Расіі». 

Не менш важныя задачы ў дэпутацкага корпуса стаяць на бягучы год. «Мы плануем правесці шэраг афіцыйных візітаў на высокім узроўні (размова ідзе аб кіраўніцтве Палаты прадстаўнікоў), чакаем візіты калег спікера з шэрагу краін, якія вельмі важныя для Беларусі як у палітычным плане, так і ў развіцці гандлёва-эканамічных сувязяў, — канкрэтызаваў Сяргей Рачкоў. — Чакаецца буйное мерапрыемства па лініі Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі: 2-і Міжнародны патрыятычны форум, які мы правядзём у Брэсце». 

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю