Top.Mail.Ru

На прэзідэнцкія выбары акрэдытавана 456 міжнародных назіральнікаў

Такую лічбу паведамілі ў Міністэрстве замежных спраў. У іх ліку — парламентарыі з краін СНД і далёкага замежжа, прадстаўнікі цэнтральных выбарчых органаў замежных дзяржаў, рэгіянальных органаў улады, дыпламатычнага корпуса, незалежныя эксперты. «Што датычыцца міжнародных арганізацый, нашы запрашэнні атрымалі Выканкам і Міжпарламенцкая асамблея СНД, Парламенцкая асамблея АДКБ, Парламенцкі сход Саюзнай дзяржавы, Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва, Сакратарыят Нарады па ўзаемадзеянні і мерах даверу ў Азіі, маладзёжная арганізацыя Руху недалучэння. Запрашэнне было таксама накіравана Бюро пэмакратычных інстытутах», — сказана ў паведамленні МЗС.


У ведамстве падкрэслілі, што па добрай традыцыі для ўсіх назіральнікаў будуць створаны роўныя ўмовы, якія дазволяць ім чарговы раз пераканацца ў нашай адкрытасці, транспарэнтнасці і, вядома ж, на свае вочы ўбачыць міралюбівую і гасцінную Беларусь.

Некаторыя назіральнікі ўжо ў гэтым пераканаліся. Місія назіральнікаў ад Садружнасці Незалежных Дзяржаў апублікавала прамежкавую справаздачу аб ходзе назірання за падрыхтоўкай выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — з 18 студзеня місія ажыццяўляе маніторынг падрыхтоўкі выбараў. У прамежкавай справаздачы сцвярджаецца, што выбары праводзяцца на аснове палажэнняў Канстытуцыі, Выбарчага кодэкса, іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, а таксама пастаноў Цэнтральнай выбарчай камісіі, якія растлумачваюць асобныя працэдуры арганізацыі выбарчай кампаніі. Члены місіі адзначаюць, што кандыдаты і іх давераныя асобы для сваёй агітацыйнай кампаніі выкарыстоўваюць усе прадстаўленыя заканадаўствам спосабы. Значная частка агітацыйнай работы перадвыбарнымі штабамі кандыдатаў вядзецца з выкарыстаннем розных інтэрнэт-рэсурсаў і сацыяльных сетак. На думку місіі, агітацыйная кампанія праходзіць спакойна і арганізавана, у строгай адпаведнасці з патрабаваннямі выбарчага заканадаўства. «Кандыдатам створаны роўныя ўмовы для перадвыбарнай агітацыі і забяспечана права выступлення ў сродках масавай інфармацыі, — гаворыцца ў справаздачы. — Свае канчатковыя высновы і ацэнкі місія выкладзе ў падагульняльным дакуменце па выніках маніторынгу падрыхтоўкі і правядзення выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

А ў той жа час БДІПЧ АБСЕ заявіла, што не зможа накіраваць сваіх назіральнікаў у Беларусь. У арганізацыі адзначылі, што запрашэнне паступіла ўсяго за 10 дзён да выбараў, што нібыта «перашкаджае доступу» місіі да ключавых этапаў электаральнай кампаніі і робіць немагчымым паўнавартаснае назіранне. 

«Як гаворыцца, ёсць жаданне — ёсць тысячы магчымасцяў. Калі няма жадання, то ёсць тысячы прычын», — адрэагавала на гэта беларускае Міністэрства замежных спраў у сацсетцы Х.

Тым часам у аўторак, 21 студзеня, пачне работу цэнтр грамадскага назірання за выбарамі. Прадстаўнікі найбуйнейшых грамадскіх аб’яднанняў, палітычных партый краіны зноў аб’ядноўваюць намаганні для сумеснай работы па назіранні за ходам галасавання. Пачынаючы з першага дня датэрміновага галасавання пачне работу Цэнтр грамадскага назірання за выбарамі, дзе будзе акумулявацца інфармацыя ад назіральнікаў аб ходзе галасавання і магчымых пазаштатных сітуацыях. Грамадскімі аб’яднаннямі, палітычнымі партыямі ўжо вылучана каля 30 тысяч назіральнікаў. Яны акрэдытаваны практычна на ўсіх участках у кожным рэгіёне Беларусі.

Дарэчы

Журналістаў будзе шмат

Асвятляць выбары ў Беларусі плануюць найбуйнейшыя сусветныя медыя. Як паведамілі ў Міністэрстве інфармацыі, усяго ў інфацэнтр ЦВК акрэдытавана 812 журналістаў. «Міністэрства інфармацыі Беларусі сумесна з МЗС завяршылі апрацоўку заявак на акрэдытацыю журналістаў для работы ў інфацэнтры ЦВК. Усяго доступ у інфармацыйны цэнтр у Палацы Рэспублікі атрымаў 481 прадстаўнік з 24 беларускіх медыя і 331 журналіст з 70 замежных СМІ. Замежныя медыя будуць прадстаўлены з 23 краін Азіі, Еўропы, Лацінскай і Паўночнай Амерыкі, Блізкага Усходу», — адзначылі ў ведамстве.

Традыцыйна высокую цікавасць праявілі прадстаўнікі расійскіх медыя. Акрамя таго, свае заяўкі на акрэдытацыю накіравалі як вядучыя сусветныя СМІ — BBC, Reuters (Вялікабрытанія), Al Jazeera (Катар), Медыякарпарацыя Кітая (CCTV і CGTN), ТАСС, УДТРК (Расія), CNN, Assocіated Press (ЗША), AFP (Францыя), так і буйныя рэгіянальныя медыя — TeleSUR (Венесуэла), ZDF, ARD (Германія), EFE (Іспанія), France Televіsіons (Францыя).

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю