На прэс-канферэнцыі, якую праводзілі супрацоўнікі Генеральнай пракуратуры, разгледжаны вынікі работы ведамства за 2025 год, а таксама вызначаны арыенціры і мэты на 2026 год.
Як адзначыў намеснік генеральнага пракурора Аляксей СТУК, прынятыя сумесна з іншымі праваахоўнымі органамі меры садзейнічалі захаванню станоўчых тэндэнцый у дынаміцы і структуры злачыннасці. Агульная колькасць зарэгістраваных злачынстваў зменшылася ў параўнанні з 2024 годам на 12,7 працэнта. На 18,2 працэнта зменшылася колькасць улічаных карупцыйных злачынстваў.
Па выніках праведзеных праверак у сферы жывёлагадоўлі ўнесена больш за 3,1 тыс. актаў нагляду, да розных відаў адказнасці прыцягнута 9,2 тыс. асоб, у тым ліку 52 старшыні райвыканкамаў і іх намеснікаў, якія курыруюць пытанні сельскай гаспадаркі. Прыняты меры па кампенсацыі з вінаватых асоб урону, прычыненага падзяжом буйной рагатай жывёлы, на суму больш чым 3,8 млн рублёў. Па фактах утойвання падзяжу 10,5 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы распачата 299 крымінальных спраў.
Працягваюць заставацца актуальнымі пытанні забеспячэння бяспекі працы: на вытворчасці траўміравана 1835 работнікаў, з іх са смяротным зыходам — 103.
Пры гэтым колькасць крадзяжоў шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі павялічылася на 17 працэнтаў, вымагальніцтваў — на 43 працэнты. «У асноўным гэтыя злачынствы ўчынены з выкарыстаннем інфармацыйных сістэм і тэхналогій», — падкрэсліў намеснік генпракурора.
Ён таксама звярнуў увагу на тое, што на 26 % скарацілася падлеткавая злачыннасць. «Асноўную яе долю складаюць крадзяжы (303 выпадкі), хуліганства (157), факты незаконнага абароту наркотыкаў (66) і махлярства (68). Асаблівую трывогу выклікае значны рост колькасці фактаў загадзя лжывых паведамленняў аб небяспецы: з 6 да 25 выпадкаў», — дадаў намеснік генпракурора.
Нягледзячы на зніжэнне колькасці злачынстваў, учыненых непаўналетнімі, не страчвае вастрыні праблема ўключэння іх ва ўчыненне злачынстваў з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, а таксама ўчынення такіх злачынстваў адносна непаўналетніх.
Як падкрэсліў Аляксей Стук, пракурорамі забяспечана захаванне закона на ўсіх стадыях крымінальнага працэсу, падтрымання дзяржаўнага абвінавачання ў судзе, нагляду за адпаведнасцю закону судовых пастаноў па грамадзянскіх справах.
Адзначана, што ў рамках грамадзянскага судаводства па патрабаваннях пракурораў спагнана каля
78 млн рублёў, прызнаны экстрэмісцкімі каля 1,3 тыс. інфармацыйных матэрыялаў.
Пракурорамі забяспечаны поўны і ўсебаковы разгляд зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб, па выніках якога прымаліся належныя меры для абароны іх правоў і законных інтарэсаў, у тым ліку шляхам унясення амаль 5 тыс. актаў рэагавання.
Сяргей РУЧАНАЎ