На мітынгу ў горадзе Карур у паўднёвым індыйскім штаце Тамілнад у цісканіне загінулі 39 чалавек, каля 100 атрымалі раненні. Аб гэтым паведамляе ТАСС.
Цісканіна адбылася на перадвыбарным мітынгу папулярнага акцёра і палітыка Віджая. Паліцыя праводзіць расследаванне. Двум кіраўнікам партыі Віджая TVK прад’яўлены абвінавачанні ў забойстве.
Ва ўрадзе штата Тамілнад заявілі аб парушэнні правілаў правядзення мітынгу. Паводле папярэдніх звестак, арганізатары не забяспечылі ўдзельнікаў шматтысячнага сходу вадой і ежай. Людзі чакалі Віджая больш за сем гадзін. У выніку некаторыя з іх сталі губляць прытомнасць і падаць, што прывяло да цісканіны. Падчас выступу палітыка раптоўна выключылася святло і ў натоўпе пачалася паніка.
Машыны хуткай дапамогі не змаглі праехаць да месца здарэння. Пасля цісканіны Віджай перапыніў мітынг. У яго партыі настойваюць, што пры арганізацыі мерапрыемства прытрымліваліся ўсіх неабходных правілаў і ўказанняў паліцыі.