Top.Mail.Ru

На плошчы Дзяржаўнага сцяга адкрылася абноўленая Рэспубліканская дошка Гонару

Па працы – і пашана


Напярэдадні 1 Мая ўшанавалі тых, хто забяспечваў рост эканомікі не толькі ў мінулым годзе, але і ўсю пяцігодку. Напярэдадні Свята працы тут сустрэлі найлепшых. Традыцыя ўпісваць вобласці, гарады і прадпрыемствы залатымі літарамі ў гісторыю краіны адрадзілася 27 гадоў таму — менавіта столькі часу прайшло з моманту, калі Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 573 «Аб Рэспубліканскай дошцы Гонару». І вось сёння, у гэты вясновы дзень, гісторыя атрымала чарговае пацвярджэнне – у нас ёсць кім ганарыцца.

Спачатку — галоўнае. Па выніках пяцігодкі найлепшымі прызнаны Брэсцкая, Мінская і Магілёўская вобласці. Па выніках жа 2025 года перамаглі Брэсцкая і Мінская вобласці, а таксама горад Мінск. Сярод раёнаў — Жабінкаўскі і Камянецкі Брэсцкай вобласці, Нясвіжскі і Салігорскі Мінскай вобласці, Горацкі раён Магілёўскай вобласці. Акрамя таго, адзначылі Брэст, а таксама Маскоўскі і Першамайскі раёны сталіцы.

Але галоўнае — не толькі рэгіёны. На Рэспубліканскую дошку Гонару занесены 53 пераможцы па выніках працы ў 2025 годзе. Сярод іх — 9 арганізацый прамысловасці, тры будаўнічыя, 9 прадпрыемстваў сельскай і рыбнай гаспадаркі, дзве арганізацыі лясной гаспадаркі і 30 арганізацый сферы паслуг (гандлю, адукацыі, аховы здароўя, навукі, культуры, сацыяльнага абслугоўвання).

На цырымоніі адкрыцця міністр эканомікі Юрый ЧАБАТАР асобна адзначыў дасягненні прамысловасці (больш як 900 праектаў за пяцігодку) і аграрыяў, якія летась пабілі рэкорды па ўраджайнасці. Не забылі і сацыяльную сферу. За пяць гадоў уведзена больш за 300 аб'ектаў.

Знаёмімся з пераможцамі

Генеральны дырэктар УП «Мінскі парнікова-цяплічны камбінат» Сяргей НЕКРАШЭВІЧ

— У 2025 годзе мы сабралі амаль 5000 тон агародніны — гэта гістарычны рэкорд. З’явіліся новыя віды: салата «Лалік», грыбы, вешанкі. Абнавілі вытворчасць ружаў: сёння мы найбуйнейшы вытворца гэтай пяшчотнай кветкі галандскай селекцыі — больш за 10 сартоў аднагадовых і 12 куставых. Кветкавае афармленне вуліц Мінска — пераважна наша работа, — падзяліўся ён. — Пасля мадэрнізацыі самай буйной цяпліцы плануем павялічыць збор агуркоў з 300 да 600 тон — удвая.

Анатоль Вядзёрчык, генеральны дырэктар ААТ «Будтрэст № 4»:

— Наша арганізацыя занесена на Рэспубліканскую дошку Гонару па выніках 2025 года. Трэст ішоў да гэтага доўгія гады. Штогод мы дасягалі розных вынікаў, але апошнім часам яны станавіліся ўсё лепшымі. Мяне радуе, што нас заўважылі. Рэнтабельнасць склала 7,4 %. Сярэдняя заработная плата за год — 3700 рублёў. Эмоцыі немагчыма перадаць словамі — гэта ацэнка працы ўсяго калектыву.

Кацярына КАМІНСКАЯ, старшыня прафсаюзнага камітэта Аб’яднанай пярвічнай арганізацыі ДП «Белаэранавігацыя»

— «Белаэранавігацыя» ўпершыню занесена на Рэспубліканскую дошку Гонару. Для нас гэта велізарны гонар, асабліва ўлічваючы складаную абстаноўку апошніх гадоў. Мы пачыналі з вялікай работы па выхадзе з фінансавага крызісу і сёння выйшлі на чысты прыбытак — не скарацілі персанал, не зменшылі заробную плату ні на адным этапе. Гэта заслуга кіраўніцтва і ўсяго калектыву, — падзялілася яна.

Першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама Аляксандр Камендант:

— Мінск дае трэць валавога рэгіянальнага прадукту, больш за палову прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове, больш за палову аптовага тавараабароту і каля 50 % экспарту паслуг. Асабліва прыемна, што выдзелены Маскоўскі і Першамайскі раёны, а таксама наш Парнікова-цяплічны камбінат — двойчы запар.

Кіраўнік адміністрацыі Першамайскага раёна г. Мінска Вадзім Пярэдня:

— Мы кожны год павінны даказваць, што знаходжанне на Рэспубліканскай дошцы — заканамернасць. Хочацца сказаць словы ўдзячнасці ўсім прадпрыемствам, таму што гэта дасягненне не асобнай адміністрацыі, а шматтысячных калектываў, — падкрэсліў спікер. — Вельмі прыемна, што на дошку Гонару занесены не толькі Першамайскі раён, але яшчэ два нашы прадпрыемствы — Мінскі парнікова-цяплічны камбінат і РВУП «Акадэмфарм», якія паказалі выдатныя вынікі.

Занясенне на Рэспубліканскую дошку Гонару — не проста ўзнагарода. Гэта сімвал грамадскага прызнання і адначасова старт для новых дасягненняў. Сёння на плошчы Дзяржаўнага сцяга чарговы раз пацвердзілі, што традыцыя, закладзеная 27 гадоў таму, жыве і працягваецца. А новыя імёны найлепшых назаўжды ўпісаны ў гісторыю суверэннай Беларусі.

Надзея Зуева

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю