Top.Mail.Ru

«На першыя грошы купіла карову». Гэта беларуска са Жлобінскага раёна стала топ-мадэллю сусветнага ўзроўню

Аднойчы васьмікласніца Алеся Гаўрыленка пасля ўрокаў у школе ўбачыла ў сацсетках невялікае пісьмо-рэкламу: «Хто хоча стаць мадэллю — пастаў плюс». Дзяўчынка пакінула патрэбны знак, і якім жа было яе здзіўленне, калі ад сталічнага агенцтва прыйшоў запыт: «Вышліце свае фота і параметры фігуры». Пра гэта паведамляе БелТА.


Каб пераканацца, што ўсё афіцыйна, сур’ёзна, празрыста, у мадэльнае агенцтва ў Мінск адправіўся і бацька Алесі. Вячаславу Іванавічу адміністрацыя офіса паказала дазвольныя дакументы, сертыфікаты. Толькі пасля гэтага Алеся заключыла з мадэльным агенцтвам кантракт — і адразу на тры гады. Правялі першую ў яе жыцці фотасесію для базавага партфоліа. І бацькі пайшлі дамаўляцца з дырэктарам школы: усё ж такі прапусціць два месяцы вучобы, адправіўшыся на мадэлінг, — не маленькі тэрмін!

Ужо на зімовых канікулах дзяўчына паляцела ў сваю першую рабочую паездку ў якасці мадэлі. Пасля яе роднай вёскі Стрэшын і нават Мінска мегаполіс Сеул здаваўся вялізным, шумным, чужым.

На сваім першым паказе Алесі давялося дэманстраваць для вясельнага часопіса ўпрыгажэнні аднаго з самых топавых брэндаў у свеце. Трэба было доўга сядзець у адным становішчы ў прыгожай позе. Гэта вельмі стомна, прызналася гераіня. І ў адзін з момантаў гадзіннік з рукі ўпаў на падлогу! Сек’юрыці, прыстаўленыя для аховы каштоўнасцей, кінуліся іх падымаць, аглядаць: ці не разбіліся? На шчасце, не. Здымкі прадоўжылі. Наступнымі былі пярсцёнкі і завушніцы ад гэтага ж брэнда. Так першыя фота Алесі ў якасці мадэлі апынуліся на вокладцы вядомага часопіса.

Праз два месяцы Алеся вярнулася ў Стрэшын. Прыйшоўшы ў школу, хутка навярстала ўпушчанае. Скончыла дзявяты клас, здала экзамены з добрымі ацэнкамі. Ужо навучаючыся ў 10-м, таксама зімой, наша гераіня паляцела ў другую сваю рабочую паездку. Сёння пра гэта Алесі і яе родным нагадвае сімвалічны дамашні куток славы. Там сабраны часопісы з яе фота, бэйджы з персанальнымі данымі і пазначэннем кампаній, дзе праходзілі фотасесіі.

На першыя заробленыя ў 14 гадоў ад мадэлінгу грошы Алеся купіла... карову. За першай з’явілася яшчэ адна. На падворку Гаўрыленкаў сёння цэлы статак жывёл. Толькі дойных кароў 12, а яшчэ бычкі на адкорме і цяляты. Мама Алесі, Галіна Мар’янаўна, доіць іх не ўручную, а з дапамогай даільнага апарата. Алеся як вясковая дзяўчына таксама ўмее даглядаць жывёл.

Сваю будучыню Алеся Гаўрыленка звязвае з роднай краінай. Цяпер яна студэнтка завочнага аддзялення юрыдычнага факультэта Міжнароднага ўніверсітэта «МІТСО». У школе марыла паступіць на архітэктурны, але ў выніку выбрала міжнароднае права. Добры дыплом — надзейная падушка бяспекі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю