Спрасціць і паскорыць
Заканадаўчыя ініцыятывы накіраваны на зніжэнне адміністрацыйнай нагрузкі, павышэнне эфектыўнасці правапрымяняльнай практыкі і ўмацаванне міжведамаснага ўзаемадзеяння на трансгранічным узроўні.
Дзеля здаровага балансу інтарэсаў
Плануецца істотна скараціць тэрміны атрымання ахоўных пасведчанняў на аб’екты прамысловай уласнасці. Гэта прадугледжана законапраектам «Аб змяненні законаў па пытаннях прававой аховы аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці». Стварэнне больш гнуткай і эфектыўнай сістэмы, з аднаго боку, абароніць правы аўтараў, а з іншага — спросціць жыццё карыстальнікам іх інтэлектуальнай уласнасці. Законапраектам удакладняецца і парадак выплаты аўтарам узнагароджання за выкарыстанне службовых твораў навукі, вынаходстваў, карысных мадэляў, прамысловых узораў, сартоў раслін, тапалогій інтэгральных мікрасхем і сакрэтаў вытворчасці.
Таксама прапануецца даць магчымасць свабоднага выкарыстання музычных твораў пры стварэнні тэлепраграм, якія ўваходзяць у абавязковы агульнадаступны пакет, пры ўмове абавязковай выплаты, справядлівай узнагароды іх аўтарам і праваўладальнікам. «Гэта звязана са спецыфікай тэлевізійнай вытворчасці, калі трэба аператыўна атрымаць згоду ад праваўладальніка ці аўтара музычных твораў, але далёка не заўсёды гэта магчыма, — расказаў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Вячаслаў Даніловіч. І падкрэсліў, што ў гэтым пытанні важна дасягнуць балансу: «Жыць у грамадстве і быць свабодным ад яго немагчыма, таму тут павінен быць здаровы баланс паміж інтарэсамі праваўладальнікаў і грамадства».
Законапраект «Аб ратыфікацыі Пагаднення аб супрацоўніцтве па абмене інфармацыяй пры ажыццяўленні прымусовага выканання судовых актаў, актаў іншых упаўнаважаных органаў і службовых асоб» паскорыць атрыманне інфармацыі аб тым, ці ёсць у даўжніка актывы на тэрыторыі іншай дзяржавы — удзельніцы СНД, а таксама звесткі аб яго месцазнаходжанні і месцы працы. Усё для таго, каб спагнальнік, які знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, мог загадзя ўдакладніць, куды трэба накіроўваць дакументы.
Па словах міністра юстыцыі Яўгена Каваленкі, гэта эканоміць і час, і арганізацыйныя рэсурсы дзяржаўных структур: «Мы бачым, што эканамічныя адносіны развіваюцца, носяць трансгранічны характар, ідзе міграцыя насельніцтва, — адзначыў міністр. — Пагадненне накіравана якраз на тое, каб забяспечыць найбольш хуткае і эфектыўнае выкананне рашэнняў судоў на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў інтарэсах нашых грамадзян». Пры гэтым прадугледжана абарона фінансавай прыватнасці: будзе паведамляцца толькі факт наяўнасці грошай на рахунках даўжніка, без раскрыцця банкаў, нумароў рахункаў і сум.
Сумесны адказ на агульныя пагрозы
Дэпутаты разгледзелі праект закона, які прадугледжвае ратыфікацыю Пагаднення паміж дзяржавамі — членамі Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, падпісанага 1 верасня мінулага года ў Цяньцзіні. Дакумент прадугледжвае заснаванне Антынаркатычнага цэнтра Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (АНЦ ШАС). Яго асноўная задача — падтрымка ўзаемадзеяння профільных структур дзяржаў — удзельніц ШАС, а таксама каардынацыя іх сумесных дзеянняў у барацьбе з незаконным абаротам наркотыкаў.
Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў звярнуў увагу на тое, што пасля ратыфікацыі пагаднення з’явіцца магчымасць для больш эфектыўнай каардынацыі антынаркатычных мер на асобных этапах крымінальнага наркаабароту, уключаючы вытворчасць, пастаўку, распаўсюджванне і спажыванне.
На цэнтр жа будуць ускладзены канкрэтныя функцыі: выяўленне і спыненне дзейнасці транснацыянальных злачынных груповак, якія займаюцца наркабізнесам, садзейнічанне ў міжнародным вышуку асоб, што маюць дачыненне да такіх злачынстваў, па запытах зацікаўленых бакоў. Таксама АНЦ ШАС зоймецца арганізацыяй і каардынацыяй сумесных міжнародных антынаркатычных аперацый і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў. Цэнтр будзе адказваць за стварэнне і вядзенне ўласнага банка даных, у абавязкі якога ўвойдзе збор, захоўванне, абарона, аналіз і абмен інфармацыяй, звязанай з незаконным наркаабаротам, з далейшым прадастаўленнем гэтых звестак кампетэнтным органам краін-удзельніц па іх запытах.
Эканоміка і інавацыі
Біржавы гандаль у нашай краіне развіваецца ўжо больш за 20 гадоў. Ісці ў нагу з часам, каб эфектыўна арганізоўваць яе на празрыстых умовах, прапануе праект закона «Аб змяненні закона Рэспублікі Беларусь «Аб таварных біржах».
Рэспубліка Беларусь удзельнічае ў рэалізацыі многіх міжнародных праектаў па фарміраванні адзіных біржавых таварных і фондавых рынкаў Саюзнай дзяржавы, краін СНД і ЕАЭС, і практычна ў кожным з гэтых дакументаў ідзе размова аб устанаўленні адзіных прынцыпаў біржавога гандлю. Таму ўжо сёння варта пачаць з нацыянальных, што і прадугледжана законапраектам. «Замацоўваюцца такія прынцыпы, як добрасумленная канкурэнцыя, публічнасць таргоў, свабоднае, адкрытае цэнаўтварэнне», — растлумачыла член Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы, гандлі і будаўніцтве Палаты прадстаўнікоў Алена Лапцева.
Дарэчы, штогод на біржавых таргах Беларускай універсальнай таварнай біржы здзелкі заключаюць больш за 10 тысяч яе ўдзельнікаў. «Для таго, каб была зразумелая роля ў біржавых працэсах самога кіраўніка і яго прадстаўніка, гэта значыць трэйдара, намі замацоўваюцца статус і прававыя асновы дзейнасці гэтых удзельнікаў», — адзначыў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Артур Карповіч. Распрацаваны і методыкі для стварэння нацыянальнай сістэмы індэксаў.
Таксама прапануецца прадаставіць біржавому брокеру права выступаць адначасова на баку некалькіх пакупнікоў, здзяйсняць цэнтралізаваную закупку. «Мы бачым у гэтым перспектыву найперш для арганізацыі адной сістэмы ці холдынга, — адзначыў Артур Карповіч. — Асноўная мэта новаўвядзення — стварэнне спрыяльных біржавых механізмаў для скарачэння расходаў пакупнікоў і аптымізацыі працэдур закупак». Па словах міністра, пілотны праект, сумесны з Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі, ужо стартаваў.
Аміна НАЗАРАВА
Фота БелТА