Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Санкт-Пецярбургу прыняў удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Традыцыйна, пасяджэнне прайшло ў вузкім і пашыраным складах. Пасля таго як лідары краін ЕАЭС абмеркавалі стратэгічныя напрамкі дзейнасці саюза, да іх далучыліся Прэзідэнт Узбекістана, а таксама прадстаўнікі Ірана і Кубы — гэтыя краіны маюць статус назіральніка ў ЕАЭС.
Што абмяркоўвалі ў вузкім складзе
Адкрыў пасяджэнне ў вузкім складзе Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. Паводле яго слоў, бакі сабраліся падвесці вынікі адыходзячага года, абмеркаваць бягучыя пытанні інтэграцыйнага будаўніцтва, разгледзець шэраг рашэнняў, накіраваных на далейшае паглыбленне супрацоўніцтва ў ЕАЭС у самых розных сферах, і намеціць планы на перспектыву. Кіраўнік расійскай дзяржавы нагадаў, што сёлета споўнілася дзесяць гадоў дагавору аб заснаванні ЕАЭС. «Дзейнасць Еўразійскага саюза садзейнічае пашырэнню гандлю і інвестыцыйных абменаў, нарошчванню дзелавых кантактаў, паглыбленню кааперацыйных сувязяў. А галоўнае — інтэграцыйнае ўзаемадзеянне прыносіць рэальную выгаду кожнаму з удзельнікаў нашага аб’яднання, на справе дапамагае забяспечваць стабільны, устойлівы рост эканомік дзяржаў „пяцёркі“ і еўразійскага рэгіёна ў цэлым», — заявіў Уладзімір Пуцін. Ён падкрэсліў, што Расія высока цэніць узаемавыгаднае шматпланавае супрацоўніцтва з партнёрамі па ЕАЭС і зацікаўлена ў актывізацыі сумеснай работы па ўсебаковым умацаванні аб’яднання.
У пратакольнай частцы пасяджэння ў вузкім складзе на правах старшыні таксама коратка выступіў прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян, які падключыўся да саміту па відэасувязі (раней стала вядома, што ў яго быў выяўлены каранавірус). Прыярытэтамі старшынства Арменіі ў ЕАЭС, якое падыходзіць да завяршэння, ён назваў стварэнне агульных рынкаў у энергетычнай сферы, устараненне бар’ераў на ўнутраным рынку ЕАЭС, развіццё транспартна-лагістычнай інфраструктуры і ўмацаванне міжнародных сувязяў, а таксама развіццё кааперацыйнага патэнцыялу і лічбавых тэхналогій.
Усяго ў парадак дня саміту было ўключана каля двух дзясяткаў пытанняў. Лідары краін ЕАЭС разгледзелі ў тым ліку ход фарміравання агульных рынкаў энергарэсурсаў і далейшую гарманізацыю заканадаўства, перспектывы супрацоўніцтва з трэцімі краінамі, а таксама шэраг рабочых пытанняў.
Аб чым спрачаліся ў шырокім складзе
Адкрываючы пасяджэнне ў пашыраным фармаце, Уладзімір Пуцін расказаў, што бакі дамовіліся не выступаць са сваімі заявамі, але ў той жа час вырашылі даць слова дзяржавам-назіральнікам і Беларусі як краіне, якая пераймае старшынства ў органах ЕАЭС у 2025 годзе. Аляксандр Лукашэнка дадаў: лідары таксама дамовіліся аб тым, што беларускі бок накіруе партнёрам інфармацыю аб асноўных напрамках, якім мае намер удзяляць самую пільную ўвагу ў час свайго старшынства ў ЕАЭС.
«Падчас дэбатаў у вузкім складзе я папрасіў пры абмеркаванні пытання штата і заработнай платы нашай Еўразійскай камісіі даць паўгода для таго, каб мы прааналізавалі штатны расклад і заработную плату і нарэшце вырашылі пытанне, якое ставіць камісія па павышэнні заработнай платы. Дэбаты былі сапраўды вельмі сур’ёзныя — ад заробку да нафты і газу, таму дамовіліся, што мы выступаць тут не будзем», — расказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў правесці наступны саміт ЕАЭС у Мінску напрыканцы мая. Як вядома, у ЕАЭС склалася практыка, калі адно з пасяджэнняў у годзе праводзіцца на тэрыторыі дзяржавы-старшыні, а другое — у Расіі. «Няма сэнсу нам мяняць гэту практыку, таму летняе пасяджэнне з улікам старшынства Беларусі ў органах ЕАЭС прапаную правесці ў Мінску і сумясціць яго з Еўразійскім эканамічным форумам, як гэта прадугледжана статутнымі дакументамі, — адзначыў беларускі лідар. — Калі будуць нейкія з вашага боку прапановы, змены, прымем дадатковыя рашэнні ў ходзе кансультацый».
Кіраўнік дзяржавы таксама папрасіў прыехаць на саміт назіральнікаў пры ЕАЭС, паколькі фармат асабістай прысутнасці найбольш эфектыўны ў час перагавораў. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта заўвага не адносіцца да Арменіі, бо Нікол Пашынян адсутнічаў на саміце па ўважлівай прычыне. «Нікол Ваваевіч, гэта вас не датычыцца. Мы ведаем, што вы не толькі пагалілі бараду, але і прыхварэлі крыху. Таму мы ўспрымаем вас як новага, маладога (знешне прынамсі) члена нашага саюза», — пажартаваў Прэзідэнт. Нікол Пашынян у адказ папярэдзіў, што яго краіна прыме ўдзел у мінскім саміце ў фармаце відэаканферэнцыі. «Мы не пярэчым супраць правядзення пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Мінску, але я хачу загадзя сказаць, што наша дэлегацыя прыме ўдзел у пасяджэнні ў рэжыме відэаканферэнцыі», — заявіў ён.
«А што за праблема? — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Далёка да Мінска або няма каму вас падвезці? Мы арганізуем дастаўку вашай дэлегацыі, калі трэба».
«Аляксандр Рыгоравіч, я з гэтай нагоды выступіў з публічнай заявай, і гэта заява застаецца ў сіле. Я не думаю, што гэта правільны фармат, каб абмяркоўваць гэтыя пытанні. Проста вы закранулі пытанне, і я павінен быў адразу зрэагаваць, каб не было ніякіх непаразуменняў», — сышоў ад прамога адказу Нікол Пашынян. Прэзідэнт Беларусі запэўніў, што прапанова армянскага боку будзе разгледжана. «А што тут разглядаць? Вы не можаце разглядаць маю заяву, таму што мая заява не падлягае разгляду», — не здаваўся прэм’ер Арменіі.
«Мы разгледзім, можа, тэлевізара не будзе, каб вы выступалі», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
«Няма праблем, няма праблем», — сказаў Нікол Пашынян і прапанаваў перайсці да працэдуры падпісання дакументаў.
Паводле прэс-службы Прэзідэнта
Па выніках
Кіраўнікі краін саюза вызначылі, што ў 2025 годзе старшынстваваць у Вышэйшым Еўразійскім эканамічным савеце, Еўразійскім міжурадавым савеце і савеце Еўразійскай эканамічнай камісіі будзе Рэспубліка Беларусь. Чарговае пасяджэнне веэс адбудзецца ў канцы мая 2025 года ў Беларусі.
Якія дакументы падпісаны на саміце
Вынікам пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета стала падпісанне пакета дакументаў. Гэтыя дакументы каардынуюць асноўныя напрамкі дзейнасці на міжнароднай прасторы.
Лідары краін Еўразійскага эканамічнага саюза зацвердзілі асноўныя напрамкі міжнароднай дзейнасці на 2025 год.
Сярод прыярытэтаў для ЕАЭС будуць актывізацыя ўзаемадзеяння з краінамі СНД, развіццё ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з дзяржавамі-назіральнікамі і сістэмны дыялог з ключавымі інтэграцыйнымі і міждзяржаўнымі аб’яднаннямі Еўразіі ў кантэксце ідэі Вялікага Еўразійскага партнёрства. У 2025 годзе ЕАЭС таксама засяродзіць увагу на павышэнні транспартнай звязанасці з рынкамі трэціх краін, якія актыўна развіваюцца, шляхам развіцця еўразійскіх транспартных калідораў і іх спалучэння са шматбаковымі міжнароднымі праектамі. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена стварэнню спрыяльных умоў для бізнесу дзяржаў — членаў ЕАЭС у частцы вядзення знешнеэканамічнай дзейнасці.
У асноўных напрамках дзейнасці ЕАЭС улічана пазіцыя беларускага боку аб неабходнасці развіцця сістэмнага дыялогу з ШАС і АСЕАН, інтэнсіфікацыі супрацоўніцтва з БРІКС, узаемадзеяння ЕЭК з Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы і з трэцімі краінамі, якія ўдзельнічаюць і падключаюцца ва ўстаноўленым парадку да развіцця рэгулярных узаемных паставак сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання па праекце «Еўразійскі аграэкспрэс».
Лідары краін Еўразійскага эканамічнага саюза падпісалі пагадненне аб адзінай сістэме мытнага транзіту ЕАЭС і трэцяга боку (трэціх бакоў).
Дакумент вызначае фундаментальныя прававыя асновы для заключэння асобных міжнародных дагавораў ЕАЭС з трэцімі краінамі аб стварэнні адзінай транзітнай сістэмы. Плануецца прымяненне адзінай транзітнай дэкларацыі ў выглядзе электроннага дакумента, выкарыстанне адзінага забеспячэння выканання абавязку па выплаце мытных пошлін, прымяненне асобных спецыяльных спрашчэнняў, навігацыйных пломбаў для адсочвання перавозак тавараў, узаемнае прызнанне рашэнняў, прынятых мытнымі органамі, і вынікаў правядзення мытнага кантролю.
Вышэйшы Еўразійскі эканамічны савет таксама прыняў рашэнне аб наданні Ірану статусу назіральніка.
Іран прасіў аб гэтым у маі 2024 года. Прадстаўнікі краіны-назіральніка маюць права ўдзельнічаць па запрашэнні ў пасяджэннях органаў ЕАЭС і самітах на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў. Статус дзяржавы-назіральніка пры ЕАЭС таксама маюць Куба і Узбекістан.
Кіраўнікамі дзяржаў адобраны пратакол аб унясенні змяненняў у Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе ў частцы, што датычыцца асаблівага механізму пры правядзенні расследаванняў і прыняцця рашэнняў аб прымяненні або непрымяненні спецыяльных ахоўных, антыдэмпінгавых і кампенсацыйных мер.
Міністр па гандлі ЕЭК Андрэй Сляпнёў растлумачыў, што асноўная мэта падобных змяненняў — удасканаленне падыходаў да падрыхтоўкі рашэнняў аб прымяненні ахоўных мер, якія даюць магчымасць улічваць інтарэсы ўсіх удзельнікаў працэсу, прымаць узважаныя і аператыўныя рашэнні, даючы пры гэтым максімальную гнуткасць. Для спажыўцоў тавару, які з’яўляецца аб’ектам расследавання, прадугледжаны дадатковыя гарантыі: калі рыначная сітуацыя таго патрабуе, разам з увядзеннем ахоўнай меры будуць прымацца рэкамендацыі вытворцам па недапушчэнні дыскрымінацыі спажыўцоў, праблем з даступнасцю тавару, неабгрунтаванага росту цэн.
Яшчэ адно новаўвядзенне — нормы аб «негатыўным рашэнні» Калегіі ЕЭК: калі члены Калегіі пярэчаць супраць прапанаванай ахоўнай меры, у бізнесу з’явіцца магчымасць азнаёміцца з аргументамі, якія ляглі ў аснову такога рашэння, і пры неабходнасці аспрэчыць зыход справы ў Судзе ЕАЭС.
Пра дровы, «Арэшнік» і адкрытую Еўропу
Пра што ў беларускага лідара пыталі журналісты
У кулуарах пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета Аляксандр Лукашэнка даў некалькі кароткіх інтэрв’ю журналістам. Прадстаўнікі СМІ пацікавіліся, навошта беларускі лідар ранкам калоў дровы. Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што ўзяў з сабой горныя лыжы, аднак надвор’е не спрыяла катанню — снег ператварыўся ў кашу. «Таму была альтэрнатыва. Юрый Валянцінавіч Кавальчук (асноўны акцыянер банка „Расія“ і ўладальнік большасці аб’ектаў комплексу „Ігора“. — „Зв.“), дзякуй яму, прывёз цэлы прычэп дроў, і я добра сёння папрацаваў. Штораніцы я павінен працаваць», — расказаў Прэзідэнт.
Журналісты таксама пацікавіліся, колькі ракетных сістэм «Арэшнік» будзе размешчана ў Беларусі. «Думаю, што пакуль дзясятак, а потым паглядзім. Калі ў расіян будзе жаданне больш іх размясціць, мы размесцім іх больш», — адказаў Аляксандр Лукашэнка.
У панядзелак на сустрэчы з мэрам Масквы Сяргеем Сабяніным беларускі лідар адзначыў: пасля яго нядаўняга візіту ў ААЭ можна не сумнявацца, што хутка адкрыецца і Еўропа. Журналісты скарысталіся момантам даведацца падрабязнасці. «Канешне адкрыецца. Вы пачытайце, што кажа будучы (я так лічу) канцлер ФРГ: мы не дзеці, мы разумеем, што такое танны газ. Значыць, будуць купляць у Расіі танны газ. Гэта ж толькі ідыёты могуць гэтым не скарыстацца, тым больш калі ёсць адна нітка газаправода, яны не паспелі яе ўзарваць», — сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што пытаўся ў свайго расійскага калегі, ці гатова Расія прадаваць газ Еўропы. Уладзімір Пуцін запэўніў, што Расія на гэта заўсёды гатова. «Няхай купляюць, плацяць грошы Расіі і аднаўляюць нармальныя адносіны. Не дзеля Расіі. Расія без іх справіцца, мы таксама. Няхай аднаўляюць свае адносіны дзеля сваёй эканомікі, нямецкай», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
«У Прэзідэнта гэта проста такі стыль жыцця»
Пра якую звычку Аляксандра Лукашэнкі даведаліся ўсе
У кагосьці раніца пачынаецца з кавы, а ў беларускага лідара — з колкі дроў. Тэлеграм-канал «Пул Першага» апублікаваў фота, на якім Аляксандр Лукашэнка ранкам перад пасяджэннем Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета на тэрыторыі ўсесезоннага курорта «Ігора» коле дровы. «Працоўная раніца Першага. А як перад важнымі перагаворамі размінаецеся вы?» — падпісаў фатаграфіі медыярэсурс.
І калі беларускіх журналістаў гэта не здзіўляе, якія неаднаразова калолі дровы з кіраўніком дзяржавы падчас адмысловага чэмпіянату, то ТАСС пацікавіўся падрабязнасцямі ў прэс-сакратара Прэзідэнта Беларусі. «Сёння Аляксандр Рыгоравіч зноў абраў свой традыцыйны від разгрузкі», — адзначыла Наталля Эйсмант у інтэрв’ю ТАСС на палях саміту. Яна расказала, што для беларускага лідара, з аднаго боку, — гэта магчымасць крыху развеяцца на свежым паветры з дапамогай фізічнай нагрузкі, з другога — звыклы занятак, які дазваляе пастаянна быць у тонусе. «У Прэзідэнта гэта проста такі стыль жыцця і спосаб не парушаць традыцыі, — расказала Наталля Эйсмант. — Па магчымасці, вядома. Не ўсюды яна прадстаўляецца. Мы ў гасцях (у Расіі), але практычна як дома, заўсёды дапамагаюць: і дровы, і сякеры заўсёды напагатове. Таму ўсе магчымасці ёсць, чаму б і не».
Па словах прэс-сакратара, Прэзідэнт коле дровы перад пачаткам важных перагавораў не толькі ў Расіі, але і дома. «Не раз расказвалі, ды і паказвалі таксама, што Аляксандр Рыгоравіч коле дровы фактычна кожны дзень і па некалькі разоў на дзень, раніцай і вечарам. У Мінску таксама», — падзялілася яна. Наталля Эйсмант адзначыла, што Аляксандр Лукашэнка таксама любіць розныя віды спорту, напрыклад, хакей, лыжы. «Тут мы не былі ўпэўнены, што будзе менавіта так, таму што мы ўсё ж такі знаходзімся на ўсесезонным курорце — ва ўсіх з сабой і гарналыжная форма, і лыжы таксама. Але надвор’е ёсць надвор’е, яно непрадказальнае», — дадала яна.
Фота БелТА