Top.Mail.Ru
277

На нарадзе ў Лукашэнкі Мінпрыроды выступіла з ініцыятывай

Атрымліваць рэдказямельныя элементы з адходаў

На нарадзе па пытаннях абыходжання з адходамі і выкарыстання другасных матэрыяльных рэсурсаў у Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі прагучала прапанова выкарыстоўваць расійскі вопыт па атрыманні рэдказямельных элементаў з адходаў прамысловай вытворчасці, перадае БелТА.

Як растлумачыў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын, усе адходы, якія ўтвараюцца ў краіне, можна падзяліць на два блокі — адходы прамысловай вытворчасці і адходы ў выніку жыццядзейнасці насельніцтва. У першым блоку ёсць значная колькасць адходаў, якія цяпер не перапрацоўваюцца. Яны ўтвараюцца ў выніку вытворчасці на «Беларуськаліі» і Гомельскім хімічным заводзе. Астатняя частка адходаў прамысловай вытворчасці, па словах прэм’ер-міністра, так ці інакш перапрацоўваецца.

Па дадзеных, якія агучыў на нарадзе міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк, за 2024 год у краіне ўтварылася 60 млн т адходаў, з якіх 56 млн т — адходы вытворчасці. У іх структуры 70% прыпадае на долю буйнатанажных адходаў двух відаў — фосфагіпс (прадукт, які ўтвараецца ў выніку дзейнасці Гомельскага хімзавода, да цяперашняга часу назапашана больш за 26 млн т) і галітавыя адходы, якія ўтвараюцца пры вытворчасці на «Беларуськаліі».

Міністр далажыў, што спецыялісты вывучылі вопыт Расійскай Федэрацыі ў частцы выкарыстання адходаў фосфагіпсу. На нарадзе ў Прэзідэнта былі прадстаўлены ўзоры прадукцыі, якая вырабляецца ў Расіі з гэтых адходаў, у прыватнасці — рэдказямельныя элементы.

Як вядома, не так даўно было даручэнне кіраўніка дзяржавы Міністэрству прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, каб беларускія спецыялісты ўважліва вывучылі нетры краіны на прадмет наяўнасці новых відаў карысных выкапняў, у тым ліку рэдкіх металаў і рэдказямельных элементаў.

Міністр у сувязі з гэтым прапанаваў вывучыць расійскі вопыт і эканамічную мэтазгоднасць яго выкарыстання ў Беларусі. Паводле яго слоў, у адной тоне фосфагіпсу знаходзіцца парадку 80-84 кг штучнага гіпсу (па некаторых ацэнках яго характарыстыкі нават лепш, чым прыроднага), парадку 12-14% з гэтай тоны — гэта адходы, якія ўтвараюцца ў выніку вытворчасці, і каля 0,5% — прадукцыя, якая паспяхова вырабляецца ў Расіі, у прыватнасці — рэдказямельныя элементы.

«З улікам гэтага ў мяне прапанова, каб усё ж такі наша Акадэмія навук вывучыла гэты вопыт і ў выпадку неабходнасці, магчыма, яго рэалізаваць на практыцы праз будаўніцтва адпаведных ліній на базе Гомельскага хімічнага завода для атрымання канцэнтрату, а потым у выпадку эканамічнай мэтазгоднасці прыняцця рашэння па будаўніцтве завода па атрыманні з гэтага канцэнтрату рэдказямельных элементаў, якія прымяняюцца ў вытворчасці», — сказаў Сяргей Масляк. Ён лічыць, што прадукцыя, якая будзе атрымана, мае экспартны патэнцыял: «Мне здаецца, ёсць ніша для Рэспублікі Беларусь. Таму, з майго пункту гледжання, гэтым пытаннем варта займацца», — дадаў ён.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю