Top.Mail.Ru

На Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы адкрыўся Міжнародны квартал

Цырымонія адкрыцця Міжнароднага квартала на палях XXXІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу — адно з першых маштабных мерапрыемстваў у рамках беларускага старшынства ў органах ЕАЭС. Яго мэта — даць магчымасць акрэдытаваным у нашай краіне дыпламатычным місіям, замежным кнігавыдаўцам і аўтарам шырока прадставіць літаратурныя дасягненні сваіх краін.


Вялікі кніжны форум працягвае вабіць на пляцоўкі ўсё большую колькасць гасцей і наведвальнікаў, падкрэсліў першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Андрэй Кунцэвіч: «Толькі за першы дзень работы праз выставачны цэнтр на праспекце Пераможцаў прайшло больш за 11 тысяч чалавек — небывалая дагэтуль лічба».

Разам з партнёрамі і пры актыўным удзеле дыпламатычных місій ужо не першы год на выстаўцы арганізоўваецца работа Міжнароднага квартала. Сёлета, паводле слоў спікера, на яго пляцоўках прадстаўлены кнігі з 21 краіны. А ўсяго за гады правядзення ў мінскім кніжным форуме ўзялі ўдзел пісьменнікі, кнігавыдаўцы з больш чым 60 дзяржаў, што робіць выстаўку значнай падзеяй як у самой Беларусі, так і за яе межамі.

Варта адзначыць, што геаграфія Міжнароднага квартала з кожным годам пашыраецца. Сёлета тут прадстаўлены дзяржавы СНД, Лацінскай Амерыкі, Азіі, Блізкага Усходу. Андрэй Кунцэвіч выказаў упэўненасць, што кожны, хто зазірне ў кніжны квартал, знойдзе нешта цікавае для сябе.

Сёлета лейтматывам усёй выстаўкі-кірмашу з’яўляецца знакавая дата — 80-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. «Гэта важная тэма, якая жыве ў нашых сэрцах і аказвае істотны ўплыў на ўсіх нас, — адзначыў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Павел Уцюпін. — Вялікая Перамога — так яе называюць на постсавецкай прасторы — гэта гісторыя неверагоднага подзвігу і гераічнай самаахвярнасці на карысць лепшай будучыні ўсяго чалавецтва. Гэту неад’емную і найкаштоўнейшую частку нашай агульнай гісторыі дзесьці на Захадзе сёння спрабуюць перапісаць, забыць, перайначыць. І каб супрацьстаяць гэтым спробам, важна не толькі захаваць гістарычную памяць, але і перадаваць яе з пакалення ў пакаленне. Упэўнены, што адным з найлепшых спосабаў гэтай перадачы з’яўляецца добрая кніга пра тыя падзеі», — адзначыў выступоўца.

Прынята лічыць, дадаў ён, што людзі ўсё радзей карыстаюцца кнігамі, аднак беларусы абвяргаюць гэты факт: «Паводле сацыялагічных даследаванняў, 70 % грамадзян нашай краіны некалькі разоў на тыдзень бяруць у рукі кнігу. Нягледзячы на шырокае распаўсюджванне электронных кніг, большасць — каля 80 % — аддаюць перавагу менавіта папяровым выданням». Гэта тлумачыць, чаму Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш ужо больш чым 30 гадоў карыстаецца такой папулярнасцю.

На адкрыцці Міжнароднага квартала былі афіцыйныя прадстаўнікі дзяржаў — членаў ЕАЭС.

«Нас усіх тут сабрала любоў да кнігі, — сказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы Беларусь Цімур Жаксылыкаў. — Нягледзячы на тое, што мы жывём у век лічбавых тэхналогій, глабалізацыі, кніга па-ранейшаму застаецца галоўнай крыніцай ведаў і сродкам перадачы культуры, захавання гістарычнай памяці».

Яна ВАЛАСАЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

У тэму

Жыццё на выстаўцы-кірмашы віруе літаральна кожную гадзіну. 13 сакавіка сярод шматлікіх прэзентацый было нямала і цікавых «звяздоўскіх»: наша калега Валерыя Сцяцко прадстаўляла сваю кнігу пра вядомых спартсменаў «Па той бок медаля», а дзіцячая пісьменніца Кацярына Хадасевіч-Лісавая, чые кнігі выходзяць у Выдавецкім доме «Звязда», зладзіла на нашым стэндзе чарговую казачную гісторыю для сваіх маленькіх чытачоў.

Таксама на палях кніжнага форуму падчас круглых сталоў спецыялісты выдавецкай справы абмеркавалі тэмы выдання сацыяльна значнай літаратуры і яе выкарыстання ў школьнай праграме.

Наперадзе яшчэ шмат цікавага — выстаўка-кірмаш будзе працаваць у выхадныя. Прыходзьце на яе разам з дзецьмі і не забудзьцеся зазірнуць на пляцоўку Выдавецкага дома «Звязда»: у нас шмат добрых кніг, ёсць магчымасць сустрэцца з іх аўтарамі і нават, калі пашанцуе, атрымаць падарунак.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю