Top.Mail.Ru

На Міншчыне стартавала комплекснае вучэнне па абароне насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый

У Бярэзінскім райвыканкаме быў арганізаваны збор кіраўнікоў задзейнічаных арганізацый, штаба кіраўніцтва вучэнняў пры ўдзеле начальніка Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргея Лапановіча. Кіраўнікі раённых службаў і арганізацый далажылі аб магчымасцях, наяўных сіл і сродкаў па ліквідацыі розных НС.


«Практыка — ключ да бяспекі», — адкрываючы пасяджэнне, падкрэсліў старшыня Бярэзінскага райвыканкама Андрэй Сакалоўскі. Ён адзначыў важнасць вучэнняў для адпрацоўкі тэарэтычных навыкаў і забеспячэння гатоўнасці да любых няштатных сітуацый: «Мы ўдзячныя за выбар нашага раёна месцам правядзення гэтых вучэнняў. Сёння мы адпрацуем на практыцы ўсе неабходныя навыкі, каб быць гатовымі да любых надзвычайных сітуацый. Няма нічога даражэй чалавечага жыцця, і наша задача — забяспечыць бяспеку кожнага жыхара», — заявіў Андрэй Сакалоўскі. Кіраўнік раёна таксама засяродзіў увагу на пытаннях прафілактыкі пажараў у пажаранебяспечны перыяд. 

Начальнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Лапановіч акцэнтаваў увагу на практычных складніках вучэнняў: «Такія вучэнні — магчымасць адпрацаваць на практыцы рэагаванне службаў на любыя няштатныя сітуацыі. Для эфектыўнага процідзеяння небяспекам патрабуецца, каб спецыялісты валодалі адпаведнымі ведамі, уменнямі і навыкамі, валодалі неабходнай інфармацыяй. На гэта зробім упор». Сяргей Лапановіч таксама выказаў занепакоенасць ростам колькасці надзвычайных сітуацый і загінуўшых, уключаючы выпадкі траўміравання дзяцей на пажарах, і падкрэсліў неабходнасць павышэння пільнасці і прафілактыкі. 

Паводле легенды, у першы дзень вучэння ў раёне абвешчана штармавое папярэджанне. Неспрыяльныя ўмовы надвор’я прывялі да падзення дрэў на дарогах, дарожна-транспартных здарэнняў, пашкоджання будынкаў і збудаванняў, абрываў ліній электраперадач і аварый на сістэмах жыццезабеспячэння. Абвешчаны чырвоны ўзровень небяспекі.

Лес пад пагрозай пажару

У цэнтр аператыўнага ўпраўлення Бярэзінскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях паступіла паведамленне аб загаранні сухой расліннасці ў раёне населенага пункта Гарэнічы на плошчы адзін гектар. Існавала пагроза распаўсюджвання пажару на найбліжэйшы лясны масіў і населены пункт. У самыя кароткія тэрміны былі прыцягнутыя сілы і сродкі Бярэзінскага лясгаса, ААТ «Пагосцкае» і іншых зацікаўленых службаў. Загаранне было аператыўна ліквідавана. Дзеянні службаў і арганізацый кантралявалі работнікі Мінскага абласнога ўпраўлення МНС і Бярэзінскага райвыканкама.

Намеснік старшыні Бярэзінскага райвыканкама Вераніка Фаміна падкрэсліла, што падобныя вучэнні на тэрыторыі раёна праходзілі ў 2017 годзе. Паводле яе слоў, такія вучэнні дазваляюць яшчэ раз усім зацікаўленым экстраным службам адпрацаваць узаемадзеянне і рэагаванне на надзвычайныя сітуацыі. «У любой няштатнай сітуацыі мы гатовыя прыйсці на дапамогу людзям. Галоўнае — своечасова і якасна выканаць сваю работу», сказала яна.

Ураган і выратаванне заціснутага ў машыне кіроўцы

У выніку цыклона з ураганным ветрам упалі дрэвы, што прывяло да затору і спынення руху транспарту ў абодвух напрамках. У легкавым аўто знаходзіўся пацярпелы з колата-рэзанымі ранамі. Работнікі задзейнічаных службаў адрэгулявалі дарожны рух, вызначыўшы аб’язныя маршруты. Кіроўцу легкавіка дэблакавалі ратавальнікі, хуткая дапамога даставіла яго ва ўстанову аховы здароўя. Аператыўна была праведзена расчыстка дарожнага палатна ад паваленых дрэў.

Рэалістычнасць вучэнняў да дзеянняў пры рэальнай надзвычайнай сітуацыі падкрэсліў начальнік аддзела арганізацыйнага забеспячэння дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі НС і грамадзянскай абароны Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Алесь Крот: «На гэтай комплекснай уводнай былі задзейнічаны больш за 10 адзінак тэхнікі і больш за 30 чалавек асабовага складу розных службаў. Такіх лакацый з надзвычайнымі сітуацыямі ў рамках гэтых вучэнняў запланавана 10».

З-за пашкоджання плаціны і дэфармацыі затвора вадаскіда вёска Гарэнічы апынулася пад пагрозай затаплення. Дапамога спатрэбілася чалавеку, які апынуўся на льдзіне пасярод вадасховішча. Акрамя таго, адрэзаныя вадой апынуліся дзесяць чалавек, чые дамы затапіла. Арганізаваны пункт часовага збору для размеркавання пацярпелых ад стыхіі. На вуліцах пастаянна транслявалася інфармацыя, што неабходна ўзяць з сабой пры эвакуацыі.

Эвакуацыйная камісія пры райвыканкаме забяспечыла адсяленне насельніцтва з затопленых дамоў. Месцы для сну, харчаванне і аказанне першай дапамогі былі арганізаваны на базе Гарэніцкай школы.

Уцечка газу на газаправодзе

Пры правядзенні земляных работ па ліквідацыі аварыі на вадаправодзе было пашкоджаны газаправод, адчуваўся моцны пах газу. Работы па ліквідацыі аварыі былі спыненыя з-за небяспекі выбуху. Аператыўна было праведзена апавяшчэнне насельніцтва аб мерах бяспекі. Спецыялісты ліквідавалі ўцечку газу з трубаправода. Таксама ў рамках вучэнняў быў прапрацаваны шэраг іншых ўводных. Праверка гатоўнасці службаў раённага звяна была прадоўжана на наступны дзень.

Фота МНС

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю