З 26 па 30 верасня па ўсёй краіне праходзіць прафілактычнае мерапрыемства Міністэрства па надзвычайных сітуацыях пад назвай «Дом без пажару». Галоўная мэта — мінімізаваць рызыкі ўзнікнення пажараў і, як вынік, гібелі людзей. Ратавальнікі Міншчыны сумесна з прадстаўнікамі цэнтральнага апарату МНС, падраздзяленняў цэнтральнага падпарадкавання, Універсітэта грамадзянскай абароны, Беларускага добраахвотнага пажарнага таварыства, а таксама супрацоўнікамі раённага аддзела ўнутраных спраў засяродзілі свае намаганні на тэрыторыі Бараўлянскага сельвыканкама, дзе пражывае больш за 77 тысяч чалавек.
Комплексны падыход да бяспекі
Начальнік аддзела галоўнага ўпраўлення нагляду і прафілактыкі МНС Юрый БАРАВОЙ, правёўшы інструктаж, падкрэсліў важнасць комплекснага падыходу: «Наша з вамі задача — дайсці да кожнага: інфармаваць насельніцтва аб стане пажарнай бяспекі, растлумачваць наступствы пры незахаванні правілаў пажарнай бяспекі, вывучаць узровень пажарнай бяспекі аб’ектаў рознай формы ўласнасці. Выбар месца правядзення мерапрыемстваў не выпадковы. З пачатку года ў Мінскім раёне адбылося 240 пажараў, якія забралі жыцці 15 чалавек. Складаная пажарная абстаноўка назіраецца не толькі на Міншчыне, але і ў цэлым па рэспубліцы. На сённяшні дзень зарэгістравана 4897 пажараў, на якіх загінула 387 чалавек, уключаючы чацвярых дзяцей. Асноўнымі прычынамі ўзнікнення пажараў па-ранейшаму застаюцца: неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання, а таксама парушэнне правілаў эксплуатацыі пячнога ацяплення».
Трагічным напамінам аб наступствах грэбавання элементарнымі правіламі бяспекі стаў выпадак 22 верасня ў аграгарадку Калодзішчы. У агні загінулі пенсіянеры 1961 і 1960 гадоў нараджэння. Прычынай трагедыі стала неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.
Асаблівая ўвага ў рамках акцыі «Дом без пажару» аддаецца найбольш уразлівым катэгорыям грамадзян. Ратавальнікі наведваюць домаўладанні і кватэры грамадзян, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, адзінокіх пенсіянераў, інвалідаў і сем’яў з дзецьмі, асабліва тых, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Сяргей Кандрашын, намеснік старшыні Бараўлянскага сельскага выканаўчага камітэта, адзначыў, што пажар — гэта заўсёды страшна і разбуральна, таму вельмі важна праводзіць работу па яго прадухіленні. «Мерапрыемствы, падобныя да гэтага, з’яўляюцца істотнай падтрымкай, бо нам неабходна рэгулярна наведваць каля 5000 грамадзян, якія патрабуюць асаблівай увагі, — дадаў ён. — Да прафілактыкі прыцягваюцца розныя службы: Энерганагляд, Мінгаз, сельвыканкам, а таксама прадстаўнікі сферы адукацыі і медыцыны. Дзякуючы такім мерапрыемствам мы можам абследаваць вялікую колькасць домаўладанняў і павысіць іх бяспеку».
Прафілактычны рэйд ратавальнікаў у вёсцы Курганы
У вёсцы Курганы ратавальнікі агледзелі дом, дзе пражывае сям’я з двума маленькімі дзецьмі. Гаспадыні было настойліва рэкамендавана неадкладна заняцца рамонтам печы, каб пазбегнуць небяспекі ў ацяпляльны перыяд. Акрамя таго, ратавальнікі звярнулі асаблівую ўвагу на згубную звычку маці — курэнне ў памяшканні, а таксама падкрэслілі неабходнасць пастаяннага нагляду за дзецьмі.
«Раніцай 23 мая ў вёсцы Амелянец Брэсцкай вобласці адбылася трагедыя. Калі ўспыхнуў пажар, дзеці знаходзіліся дома адны. Пры тушэнні ўзгарання ў прыватным доме былі знойдзеныя целы дзвюх маленькіх дзяўчынак — шасцімесячнай і трохгадовай. Мы ў чарговы раз настойліва заклікаем: самае галоўнае — ніколі не пакідайце маленькіх дзяцей без нагляду! Паклапаціцеся пра бяспеку вашых дзяцей, ствараючы бяспечныя ўмовы для жыцця. Выконвайце правілы бяспекі самі і будзьце прыкладам для дзяцей», — заклікалі ратавальнікі.
У Чарцяжы — пад знакам бяспекі
Ратавальнікі правялі грунтоўную гутарку з мясцовымі жыхарамі вёскі Чарцёж, ахапіўшы шырокі спектр актуальных пытанняў пажарнай бяспекі. Асноўны акцэнт быў зроблены на прадухіленні надзвычайных сітуацый, бо прафілактыка — гэта лепшая барацьба з агнём.
Асаблівая ўвага была ўдзелена тэмам, непасрэдна звязаным з паўсядзённым жыццём сельскіх жыхароў. У прыватнасці, былі закрануты пытанні спальвання смецця на прыдамавых тэрыторыях. Ратавальнікі нагадалі аб неабходнасці захавання бяспечнай адлегласці ад будынкаў, наяўнасці сродкаў пажаратушэння і недапушчальнасці пакідання вогнішчаў без нагляду.
Значная частка тэрыторыі сельсавета — гэта прыватны сектар, дзе сістэмы ацяплення дамоў вельмі разнастайныя. Што выявілі работнікі МНС падчас візітаў да жыхароў?
Пажылая пара сустрэла прадстаўнікоў службы выратавання на ганку. Ацяпленне ў доме газавае, аднак аўтаномны пажарны апавяшчальнік у доме адсутнічаў. Спецыялісты Беларускага добраахвотнага пажарнага таварыства ліквідавалі гэты недагляд і ўстанавілі пажарны апавяшчальнік у жылым пакоі.
Таксама ратавальнікі наведалі адзінокую пенсіянерку ў вёсцы Скураты. У ходзе агляду было выяўлена, што комін патрабуе атынкоўкі і пабелкі, а таксама неабходна прыбраць староннія прадметы з паверхні печы. Гаспадыня запэўніла работнікаў МНС, што ліквідуе выяўленыя парушэнні ў бліжэйшы час.
Немалаважным фактарам у забеспячэнні пажарнай бяспекі домаўладанняў з’яўляецца выкананне правіл эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання. Ратавальнікі нагадваюць грамадзянам аб неабходнасці карыстацца толькі спраўнымі электрапрыборамі і папярэджваюць, што перагрузка сеткі, а таксама трухлявая электраправодка могуць прывесці да ўзгарання.
На пытанне, колькі часу спатрэбіцца акурку, які ўпаў на ложак, каб стаць прычынай пажару, мала хто змог правільна адказаць. Насамрэч хопіць усяго дзвюх хвілін!
Пры правядзенні інструктыўна-растлумачальнай работы з насельніцтвам ратавальнікі распаўсюджвалі інфармацыйныя матэрыялы з рэкамендацыямі па бяспецы жыццядзейнасці і дзеяннях у выпадку ўзнікнення пажару.
Жылыя дамы моцна адрозніваліся адзін ад аднаго: некаторыя былі ў ідэальным стане, іншыя патрабавалі сур’ёзнага ўмяшання, аж да навядзення парадку і рамонту печаў. Галоўнае, што з усімі ўладальнікамі ўдалося выбудаваць канструктыўны дыялог. Яны прызнавалі праблемы і абяцалі іх вырашыць.
Яна ВАЛАСАЧ
Фота МНС