На тэрыторыі Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода адкрыта новая пажарная аварыйна-выратавальная часць № 7 пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада Мазырскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях.
Новая пажарная аварыйна-выратавальная часць забяспечвае не толькі папярэджанне надзвычайных сітуацый, але і бяспеку работнікаў прадпрыемства, дзе сёння працуе амаль шэсць тысяч чалавек.
Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця важнага для прамысловага флагмана аб’екта прынялі ўдзел міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі, намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Андрэй Бараноўскі, кіраўніцтва прадпрыемства, будаўнікі і асабовы склад падраздзялення.
Абнаўленне пажарнай інфраструктуры на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе стала надзённай неабходнасцю. Пажарнае дэпо на тэрыторыі прадпрыемства было пабудавана яшчэ сорак гадоў таму. З цягам часу будынак перастаў адпавядаць сучасным патрабаванням. Рашэнне аб будаўніцтве новай пажарнай аварыйна-выратавальнай часці прынялі ў 2023 годзе.
На цырымоніі адкрыцця новай пажарнай аварыйна-выратавальнай часці адзначылі аператыўную і якасную работу будаўнікоў, што дазволіла ўзвесці аб’ект у сціслыя тэрміны. Узведзены сучасны будынак цалкам адпавядае дзеючым стандартам. Унутраную планіроўку распрацавалі з улікам спецыфікі службы на прамысловым аб’екце з павышаным узроўнем небяспекі. Створаны ўмовы для аператыўнага выезду, размяшчэння асабовага складу і тэхнікі.
За ўклад у папярэджанне надзвычайных сітуацый і добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў узнагароды атрымалі і ратавальнікі.
Як падкрэсліў міністр па надзвычайных сітуацыях, асноўная задача новага баявога падраздзялення — адказная работа па забеспячэнні бяспекі аднаго з найважнейшых аб’ектаў эканомікі краіны і, вядома ж, працаўнікоў завода. Кіраўнік ведамства акцэнтаваў увагу на тым, што выкананне ўсіх пастаўленых перад выратавальнікамі мэт і задач немагчыма без адказнай падрыхтоўкі асабовага складу, пастаяннай баявой вучэбнай падрыхтоўкі, удасканалення практычных навыкаў.
— І, вядома ж, ролю кіраўніцтва ў гэтым працэсе нельга пераацаніць. Камандзіры, начальнікі ўсіх ступеняў павінны добра ведаць аб’ект і забяспечыць належнае кіраванне асабовым складам у ходзе вырашэння ўскладзеных задач, — падкрэсліў Вадзім Сіняўскі.Міністр па надзвычайных сітуацыях нагадаў аб падтрымцы ратавальнікаў і супрацоўнікаў сілавых ведамстваў, якая сёння аказваецца ў нашай краіне.
— Толькі ў Мазыры за мінулы год 24 сям’і атрымалі арэнднае жыллё. У цэлым па краіне работнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях атрымалі ўжо больш як 1 тысячу кватэр — як арэндных, так і ўзведзеных з дзяржаўнай падтрымкай, — звярнуў увагу кіраўнік ведамства.
Як падкрэсліў намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Андрэй Бараноўскі, устойлівае развіццё рэгіёна немагчыма без сістэмнай работы па ўмацаванні бяспекі на прадпрыемствах, якія маюць стратэгічнае значэнне. Адкрыццё новай пажарнай аварыйна-выратавальнай часці на тэрыторыі Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода стала своечасовым і абгрунтаваным рашэннем.
— Жыццё змяняецца, а разам з ім змяняюцца і патрабаванні, у тым ліку да забеспячэння бяспекі і аснашчэння падобных аб’ектаў. Наша вобласць не стаіць на месцы. У апошнія гады быў адкрыты шэраг аб’ектаў і гэта работа будзе працягвацца. Таму што няма нічога больш важнага, чым бяспека нашых людзей, бяспека прадпрыемстваў, — выказаў падзяку ратавальнікам за штодзённую працу Андрэй Бараноўскі.
Значэнне новай пажарнай аварыйна-выратавальнай часці для стабільнай работы прадпрыемства, на якім пытанне пажарнай бяспекі прыярытэтнае, асабліва адзначылі генеральны дырэктар ААТ «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод» Віталь Паўлаў і старшыня Мазырскага райвыканкама Алена Паўлечка.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
фота ТК «Гомельшчына афіцыйна»