Top.Mail.Ru

На маладзёжным кірмашы вакансій у Брэсце ёсць прапановы для людзей розных узростаў

І трактарысты, і барыста

Апоўдні ў сераду ў брэсцкі кінатэатр «Беларусь» з усіх бакоў ішлі хлопцы і дзяўчаты. Прыходзілі нярэдка амаль цэлымі класамі, групамі невялікімі і большымі, часам — па двое-трое. Памяшканне другога паверха кінатэатра на тры дні аддадзена пад маладзёжны кірмаш вакансій. 

— Сёння мы праводзім кірмаш вакансій, арыентаваны як на выпускнікоў школ, каледжаў, ВНУ, так і на тых, хто яшчэ з’яўляецца навучэнцам, — расказала карэспандэнту газеты начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Брэсцкага гарвыканкама Іна НАВАЖЫЛАВА. — Тут прадстаўлены наймальнікі з самых розных сфер народнай гаспадаркі: прамысловыя і перапрацоўчыя прадпрыемствы, гандаль, грамадскае харчаванне, ёсць установы аховы здароўя і сілавыя структуры, суб’екты гарадской гаспадаркі. 

Пачатак мерапрыемства быў прызначаны на 14 гадзін, але яшчэ за 15 хвілін да гэтага ў холе кінатэатра ўжо стаяла групка хлопцаў-старшакласнікаў, падзялілася назіраннямі Іна Дзмітрыеўна. 

— Як толькі кірмаш стартаваў, яны хуценька пайшлі па радах. Было відаць, што школьнікі мэтанакіравана шукаюць падпрацоўку. Некаторыя выглядаюць нерашучымі, бывае, саромеюцца спытаць, тады нашы супрацоўнікі падыходзяць і тактоўна падказваюць, дапамагаюць. Адным словам, працэс ідзе даволі актыўна, — расказала яна.

— Мерапрыемства анансаванае як маладзёжны кірмаш. Але гэта не значыць, што мы рады бачыць тут выключна маладых альбо зусім юных людзей. На кірмаш можа прыйсці, напрыклад, толькі што дэмабілізаваны з войска хлопец, якому патрэбна работа. Можа прыйсці і дарослы чалавек, які, скажам, захацеў памяняць работу. Тут ён зможа знайсці прыстойныя прапановы. Але, як паказвае практыка, большасць наведвальнікаў — вучні і студэнты. Асабліва напярэдадні лета многія хочуць зарабіць грошы на ўласныя патрэбы.

Гэта ўжо трэці такі кірмаш у горадзе. Па выніках леташняга прапановы па працаўладкаванні атрымалі больш за 700 чалавек, 420 з якіх былі юнакі і дзяўчаты ва ўзросце да 18 гадоў. Арганізатары спадзяюцца, што і цяпер многія знойдуць магчымасць уладкавацца на працу альбо падзарабіць. 

Вядомы ў Брэсце вытворца газавых пліт — прадпрыемства «Брэстгазаапарат» мае немалы спіс вакансій. Найбольшы попыт на людзей рабочых спецыяльнасцяў. Асабліва рады бачыць суіскальнікаў на пасаду слесара механазборачных работ. Завод прапануе прыстойны сацпакет, маецца інтэрнат для пражывання іншагародніх. Зарплата, паводле слоў прадстаўніка аддзела кадраў, залежыць ад кваліфікацыі і стажу работы. Таму ёсць стымул расці ў сваёй прафесіі. Прадпрыемства гатова абучыць работніка, калі ён не мае адпаведнай прафесіі.

Раз-пораз да стала з рэкламай «Брэстгазаапарата» падыходзілі школьнікі, але ім ветліва тлумачылі, што ў іх складаная вытворчасць і непаўналетніх яны не могуць браць. А вось суседзі вядомага вытворцы — ТАА «Бел Фуд Сэрвіс» прапаноўвалі хлопцам і дзяўчатам з 16 гадоў магчымасць працаваць на кухні, выконваць іншую работу, напрыклад, звязаную з дастаўкай ежы. 

Шматлюдна было каля стэнда БРСМ, там маладых людзей запрашалі стаць членамі студатрадаў, прапаноўвалі варыянты працаўладкавання для школьнікаў і студэнтаў. 

Варта сказаць, што наймальнікі прыйшлі з прапановамі па вельмі шырокім спектры прафесій, патрабаваліся трактарысты, вадзіцелі, прыбіральшчыкі, медсёстры і санітаркі, а таксама інжынеры, тэхнікі, сувязісты, міліцыянеры. 

Маю ўвагу прыцягнулі дзве дзяўчынкі, якія вельмі сур’ёзна вывучалі інфармацыйныя стэнды, чыталі буклеты асобных прадпрыемстваў. Як высветлілася, гэта былі вучаніцы 10 класа гімназіі № 1 Вераніка Турэнка і Марыя Паталай. Дзяўчаты займаюцца ў пракурорскім класе, разглядаюць магчымасць далейшай адукацыі, звязанай з юрыдычнымі навукамі. А на лета вырашылі папрацаваць, каб зарабіць кішэнныя грошы. Вераніка сказала, што хацела б паспрабаваць сябе ў якасці барыста. Як паведамілі сяброўкі: «Наогул прапаноў многа — вочы разбягаюцца». 

Паводле слоў Іны Наважылавай, два дні работа будзе праходзіць у рэжыме кірмашу вакансій, а на трэці запланавана прафарыентацыйнае мерапрыемства для школьнікаў, выпускнікоў каледжаў, словам, для тых, хто канчаткова не вызначыўся з выбарам прафесіі. 

Фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю