Пра дынастыю мэбельшчыкаў
Фабрыка працуе з 1954 года. І калі больш за 70 гадоў таму ў штаце налічвалася ўсяго 52 чалавекі, то сёння тут старанна працуюць 438 спецыялістаў. Пра гэта нам расказаў галоўны інжынер прадпрыемства Віктар Грывіцкі, у яго самога стаж працы тут даволі вялікі — 35 гадоў: «У 1989 годзе, калі вучыцца ў Беларускім тэхналагічным інстытуце заставаўся яшчэ год, я прыехаў на прыём да кіраўніка „Маладзечнамэблі“ з просьбай узяць мяне на работу па размеркаванні пасля выпуску. На шчасце, ён пагадзіўся».
Як аказалася, выбар месца работы стаў для Віктара Іванавіча лёсавызначальным — тут ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, з якой разам стварылі шчаслівую сям’ю. Цесць і цешча, са слоў галоўнага інжынера, таксама ўсё жыццё аддалі працы з дрэвам: «Цесць Аляксандр Цярэшка пачаў працоўную дзейнасць сталяром Маладзечанскага гарпрамкамбіната (цяпер — „Маладзечнамэбля“. — Заўв. аўт.) яшчэ ў 1949 годзе, — падзяліўся гісторыяй суразмоўца. — Цёшча доўгія гады працавала тут жа машыністкай. Бацькі жонкі не толькі працавалі па сваёй асноўнай спецыяльнасці, але і асабіста прымалі ўдзел у будаўніцтве новых цэхаў, акультурванні тэрыторыі прадпрыемства».


Станочнік паўатаматычных ліній 6-га разраду Ігар Паклікуха

Станочнік дрэваапрацоўчых станкоў 4-га разраду Вольга Попель
Сціпла Віктар Іванавіч расказаў нам пра тое, чаго яму ўласна ўдалося дасягнуць за гады працы на фабрыцы. Пры яго кіраўніцтве, актыўным удзеле і садзейнічанні была праведзена істотная (каля 80 %) мадэрнізацыя сістэм аспірацыі, укаранёны сучасныя сістэмы рукаўных фільтраў, якія дазваляюць ачышчаць забруджанае паветра да 99 %. Гэтая распрацоўка дазволіла значна сэканоміць на энергарэсурсах, а таксама палепшыць экалагічную абстаноўку вакол фабрыкі.
Якасць залежыць ад кожнага
Пагутарыўшы з галоўным інжынерам, мы адправіліся вывучаць вытворчасць знутры. Расказаць і паказаць, наколькі працаёмкі працэс вырабу мэблі, пагадзілася начальнік аддзела тэхнічнага кантролю Ала Полаз. Паводле яе слоў, вытрымліваць канкурэнцыю на рынку ўдаецца дзякуючы натуральнай айчыннай сыравіне, з якой вырабляецца прадукцыя. «Экалагічную мэблю набываюць з ахвотай, — расказала спецыяліст. — Што датычыцца экспарту, прыярытэтнымі напрамкамі для нас з’яўляюцца краіны СНД: Дагестан, Грузія, Абхазія, Расія, Казахстан, Татарстан, Узбекістан. Увогуле прадпрыемства мае шырокія сувязі на знешнім рынку і самастойна ажыццяўляе экспартна-імпартныя аперацыі».
...Найперш мы трапілі ў цэх механічнай апрацоўкі плітавых матэрыялаў. Тут займаюцца апрацоўкай пліт ДСП, ДВП, ДДФ, шпону струганага: «Пасля раскрою пліты, выразаныя ў неабходны памер дэталі пастаўляюцца на аднапралётны прэс. Затым яны ідуць на лініі абліцоўвання кантаў. Наступны крок — паступаюць на прысадку і фрэзераванне, — патлумачыла Ала Полаз. — Пасля механічнай апрацоўкі на станках дэталі перадаюцца на ўчастак здачы, дзе работніцы ўручную пераглядаюць дэталі, шліфуюць іх фасады, шпаклююць дэфекты драўніны».
Нашу ўвагу падчас знаходжання ў цэху прыцягнуў станок лазернай рэзкі і гравіроўкі — на ім выразаюцца дэкаратыўныя элементы, якія набіваюць на фасады. Каля ўстройства сустрэліся са станочнікам 5-га разраду Ірынай Прохарык. Жанчына працуе на прадпрыемстве з 1995 года: «Доўгі час займалася лакафарбавым пакрыццём вырабаў, а цяпер працую на станках лазернай устаноўкі, — расказала яна. — Прыходжу на работу з задавальненнем, усведамляючы, што мая дзейнасць прыносіць карысць і камфорт людзям. Каб ствараць якасны прадукт, не толькі на маім участку работы, усюды неабходна павышаная ўвага, цярпенне і карпатлівасць».

Станочнік 5-га разраду Ірына Прохарык

Гаворачы пра якасць, на прадпрыемстве зазначылі, што ў 2005 годзе тут была ўведзена сістэма якасці ў адпаведнасці з міжнародным стандартам ІSO 9001. Спецыялісты заматываваныя працаваць на вынік, агульная мэта — каб гатовы выраб спадабаўся спажыўцу. «Штогод работнікі наведваюць разнастайныя тэхнічныя і тэхналагічныя выстаўкі, — адзначыла Ала Полаз. — Акрамя таго, на прадпрыемстве існуе тарыфна-кваліфікацыйная камісія, якая займаецца арганізацыяй навучання, праверкі ведаў рабочых».
Асаблівую ўвагу, паводле яе слоў, на фабрыцы ўдзяляюць таксама мадэрнізацыі вытворчасці, ды і пра бяспеку не забываюць: «Патрэбна ісці ў нагу з часам. На прадпрыемства рэгулярна закупляюцца новыя станкі, укараняюцца новыя тэхналогіі. У сувязі з тым, што дрэваапрацоўка — даволі небяспечная справа, асноўны ўпор пры выбары новага абсталявання робіцца на тую тэхніку, якая па максімуме выключыць кантакт чалавека з небяспечным фактарам».
Клопат пра экалогію
Каб убачыць, як прадукцыя набывае колер і становіцца ўжо больш падобнай знешне да той мэблі, якую мы прывыклі бачыць у крамах, мы накіраваліся ў апрацоўча-зборачны цэх: сюды паступаюць дэталі з механічных цэхаў для лакафарбавага пакрыцця, абсталявання неабходнай фурнітурай, зборкі і ўпакоўкі.



Як патлумачыла Ала Полаз, да 2008 года мэбля апрацоўвалася нітрацэлюлознымі лакамі і фарбамі, якія трэба было разводзіць вялікай колькасцю растваральніку і ацэтону. Гэтыя матэрыялы — не самыя лепшыя «суседзі» і для жылых дамоў, размешчаных вакол фабрыкі, і для навакольнага асяроддзя. Для вырашэння праблемы, а таксама для павышэння экалагічнасці прадукцыі фабрыка перайшла цалкам на апрацоўку дэталяў пры дапамозе водных фарбавальнікаў. «Гэта дазволіла ў разы павысіць рэйтынг і пакупніцкую прывабнасць нашай прадукцыі. Для прыкладу: калі да 2008 года прадпрыемства выкідвала ў атмасферу да 300 тон лятучых рэчываў, то пасля ўкаранення экалагічна чыстых матэрыялаў гэтыя паказчыкі былі зніжаны ў 8-10 разоў», — расказала спецыяліст.
Спалучэнне ручной і машыннай працы
Аддзелачнік Ларыса Гарлоўская ў апрацоўча-зборачным цэху ўручную займаецца нанясеннем паціны на дэкаратыўныя элементы — менавіта дзякуючы ёй мэбля набывае так званы вінтажны, вытанчаны выгляд: «На гэтым участку трэба ўмець не толькі з адказнасцю ставіцца да работы, а яшчэ і ў нейкай ступені ўмець бачыць прыгажосць. Я думаю так: калі мне вынік спадабаўся, то, верагодна, і пакупніку стане даспадобы таксама, — падзялілася думкамі жанчына. — У кожны выраб мы ўкладваем часцінку сваёй душы. І як жа прыемна бачыць сабраную прадукцыю і ўсведамляць, што ў ёй пакінуты твой след».

Аддзелачнік Ларыса Гарлоўская


Кантралёр АТК 5-га разраду Святлана Буева
Пасля зборкі і апрацоўкі дэталі па канвееры паступаюць на аўтаматычныя лініі ўпакоўкі. Адсюль прадукцыя адпраўляецца на склад, адкуль ідзе на рэалізацыю. Дарэчы, кожны выраб на фінішным этапе правяраецца кантралёрам.
На прадпрыемстве ёсць яшчэ адзін адносна новы напрамак дзейнасці — выраб мяккай мэблі. Цяпер у цэху, які знаходзіцца крыху паводдаль ад асноўнага месца вытворчасці, устаноўлена каля 40 адзінак швейнага, раскройнага, дрэваапрацоўчага і ўпаковачнага абсталявання. Як паведамілі на фабрыцы, гэты цэх увогуле можа практычна існаваць самастойна — тут наладжаны поўны тэхналагічны цыкл вытворчасці мяккай мэблі: збіраюцца каркасы, праводзіцца раскрой тканіны і скуры, якія затым сшываюцца ў вырабы...

Але гэта яшчэ не ўсё. Як паведамілі на фабрыцы, існуюць і іншыя дапаможныя, але не менш значныя падраздзяленні і ўчасткі. У прыватнасці транспартны і рамонтна-механічны цэхі, электратранспартны і рамонтна-будаўнічы ўчасткі, якія таксама задзейнічаны ў вытворчасці.
Яна ВАЛАСАЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД