Мінск прымае Кубак мацнейшых па канькабежным спорце. 30 найлепшых беларускіх і 30 расійскіх спартсменаў на працягу трох дзён будуць паказваць сваё майстэрства і здзіўляць хуткасцямі. Арганізатары абяцаюць не толькі захапляльныя спаборніцтвы, але і яркае шоу. Даведаліся падрабязнасці.
Назва кажа сама за сябе — на Кубку мацнейшых выступяць наймацнейшыя канькабежцы Беларусі і Расіі. Беларуская зборная прадстаўлена ў поўным складзе. Як адзначыў Мікалай Гуляеў, прэзідэнт Саюза канькабежцаў Расіі, у сілу аб’ектыўных прычын на мінскі лёд не выйдуць некаторыя лідары расійская зборнай. «Але тыя, хто ёсць, складуць больш чым дастойную канкурэнцыю гаспадарам катка. Нашы спартсмены сюды прыехалі не проста паглядзець спаборніцтвы, а менавіта для таго, каб даць бой наймацнейшым беларускім спартсменам. Упэўнены, што накал барацьбы будзе вельмі сур’ёзны. Да гэтага турніру мы (упэўнены, і беларускія спартсмены таксама) рыхтаваліся як да важнейшага міжнароднага старту», — падкрэсліў ён.
Галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Беларусі Віталь Рогаўцаў расказаў, што на спаборніцтвы заяўлены ўсе лідары: Ганна Дамарацкая, Ігнат Галавацюк, Марына Зуева і Кацярына Гагіева. Канкурэнцыю ім складуць прызёры Алімпійскіх гульняў Данііл Алдошкін, Сяргей Трафімаў і Ангеліна Голікава, чэмпіён свету Павел Куліжнікаў, медалісты планетарных форумаў Дар’я Качанава, Руслан Мурашоў, Віктар Муштакоў і іншыя.
«У складах абедзвюх зборных ёсць па тры-чатыры спартсмены, якія маюць вынікі ў топ-10 сусветных рэйтынгаў. Секунды нашай Ганны Дамарацкай і расіянкі Дар’і Качанавай адпавядаюць узроўню прызёраў на этапах Кубка свету, што сведчыць аб высокім узроўні турніру. Гэты старт адкрывае марафон канькабежнага спорту, пасля Кубка наймацнейшых мы адправімся на фінал Кубка Расіі ў Каломну, а адтуль — на заключны этап Кубка Саюзнай Дзяржавы ў Маскву. Сезон скончыцца ў сярэдзіне сакавіка», — расказаў Віталь Рогаўцаў.
Аляксандр Кібалка, член Савета Міжнароднага саюза канькабежцаў (ISU), ацаніў высокі ўзровень арганізацыі Кубка мацнейшых. Па яго словах, нават на некаторых этапах Кубка свету не наводзіцца такая прыгажосць на аб’екце. «Перад стартам турніру я звярнуў увагу, што арганізатары ўспрымаюць гэтыя спаборніцтвы як міні-алімпіяду: светлавое шоу, дадатковае табло. Добры падыход з беларускага боку. Для спартсменаў важна выступаць не на радавым мерапрыемстве, а ў атмасферы свята. І вельмі важна, што за гады ізаляцыі да гэтага падышлі», — заўважыў ён.
Як вядома, Міжнародны саюз канькабежцаў дапусціў беларусаў і расіян да адбору на Алімпійскія гульні 2026 года. Ужо восенню гэтага года нашы спартсмены выступяць на этапах Кубку свету, якія стануць адборачнымі на галоўныя старты чатырохгоддзя. Таму зараз увесь фокус увагі канькабежцаў — менавіта на гэтыя старты. І Кубак мацнейшых у Мінску стане добрай праверкай сіл. Аляксандр Кібалка, член Савета ISU, расказаў, што разам са сваім беларускім калегам Аляксеем Хатылёвым, які таксама працуе ў міжнароднай арганізацыі, праводзяць вялікую працу для таго, каб санкцыі з беларускіх і расійскіх спартсменаў знялі поўнасцю. «Мы знаходзімся на вастрыні нажа па ўсіх правілах, па ўсіх тэндэнцыях. Мы маем магчымасць прадстаўляць пазіцыю нашых краін. Сапраўды праводзіцца вялікая праца, большая частка за зачыненымі дзвярыма», — падкрэсліў ён.
Мікалай Гуляеў падкрэсліў, што кіраўніцтва Саюза канькабежцаў Расіі знаходзіцца ў кантакце з кіраўніцтвам Міжнароднага саюза канькабежцаў: «Кіраўніцтва арганізацыі ведае, як шмат мы робім для папулярызацыі масавага і дзіцячага спорту. Ацэнка нашай працы з боку ISU — вельмі высокая, там сапраўды чакаюць, калі змогуць зноў супрацоўнічаць з намі ў поўнай меры». Па словах функцыянераў, гэты момант, калі нашы канькабежцы паўнавартасна вернуцца на міжнародны лёд усё бліжэй.
«Пасля допуску ва ўсіх спартсменаў вочы гараць яшчэ больш, бо ёсць перспектыва міжнародных стартаў. А гэта самае галоўнае для атлетаў. Як любы салдат марыць стаць генералам, так і любы спартсмен марыць пакарыць алімпійскі п’едэстал. Такая магчымасць зараз у нас ёсць. І тая атмасфера свята, якая зараз пануе на „Мінск-арэне“ дапаможа нашым спартсменам паказаць свае лепшыя вынікі і дадасць ім матывацыі і стымулу на далейшую працу», — сказаў Мікалай Гуляеў. Аляксандр Кібалка пагадзіўся з калегам і звярнуў увагу на яшчэ вельмі важны аспект — Кубак мацнейшых, як і іншыя беларуска-расійская старты — выдатная магчымасць для маладых спартсменаў (а за тры гады адхілення вырасла новая плеяда канькабежцаў), якія не маюць вялікага досведу выступлення на міжнародных стартах, набрацца практыкі, праверыць свае сілы і закаліць характар. Канькабежны спорт у гэтым мае перавагу ў тым, што тут спартсмен змагаецца толькі з секундамерам і ўсюды павінен паказваць свой лепшы час.
Адказваючы на пытанне журналістаў, ці застанецца беларуска-расійскае супрацоўніцтва такім жа актыўным пасля паўнавартаснага вяртання канькабежцаў на міжнародныя каткі Мікалай Гуляеў адказаў канкрэтна і зразумела: «Было, ёсць, будзе». «Спартыўны каляндар змяніцца. Але ні беларускія, ні расійскія спартсмены ў поўных складах на ўсе міжнародныя старты ездзіць не будуць. Вялікая колькасць будзе заставацца. Таму мы створым усе ўмовы, каб яны маглі спаборнічаць, набірацца практыкі і працягваць традыцыі, якія былі закладзены ў апошнія гады. На мой погляд, гэта абсалютна правільна, фармат нашых сумесных стартаў трэба пакідаць адназначна. Мы адзін аднаму можам шмат чаго даць і дапамагчы», — заявіў прэзідэнт Саюза канькабежцаў Расіі.
Фота БелТА