У Дзень Незалежнасці, ускладаючы кветкі да падножжа Кургана Славы, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў кіраўніцтву Мінскай вобласці даручэнне: разбіць каля мемарыяльнага комплексу парк, годны подзвігу герояў. Старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка паабяцаў, што яно будзе выканана — і слова сваё стрымаў. Сёння, 25 кастрычніка падчас рэспубліканскага суботніка быў закладзены новы зялёны сімвал памяці.
Дажджлівае надвор'е паспрабавала ўмяшацца ў планы ўдзельнікаў суботніка, але відавочна недаацаніла іх працавітасць і азарт. Таму кароткі інструктаж, і можна брацца за рыдлёўкі, граблі. Задача пастаўлена канкрэтная — высадзіць 400 адзінак саджанцаў дрэў і кустоў — дуб чырвоны, клён вастралісты, елка блакітная, ядловец, спірэя, туя, елка канадская, вярба ломкая і інш.
У кожнага дрэўца — свая кропка на карце, бо па выніку парк павінен мець форму крылаў бусла. І гэта таксама невыпадкова: белая птушка лічыцца заступнікам беларускага народа, чыстага душой, шчырага верай і дабром.
Курган Славы — адзін з самых вядомых манументаў краіны. Менавіта тут праходзіў найважнейшы этап вызваленчай аперацыі «Баграціён». Сімвалічны і сам манумент: чатыры штыкі — гэта чатыры фронты, якія вызвалялі краіну ад фашызму.
- Каля 100 тысяч чалавек штогод наведваюць Курган Славы — гэта не магло не адбіцца на яго стане. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі комплекс было вырашана рэканструяваць, а вясной, падчас рэспубліканскага суботніка, каля яго падножжа з'явілася алея з 360 дрэў і 82 кустоў. Цяпер жа гэты святы для кожнага беларуса сімвал упрыгожвае і новы парк, увасоблены ў форме крылаў бусла — птушкі, якая лунае над зямлёй, якую калісьці адстаялі героі. У цэнтры парку ўсталявалі малыя архітэктурныя формы, плюс зрабілі пешаходныя дарожкі.
Дарэчы, 50 % заробленых сродкаў будуць накіраваны на распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі аб'ектаў, якія ўваходзяць у склад гісторыка-культурнай каштоўнасці «Гарадзішча «Вал» у Заслаўі. Таксама сродкі пойдуць на закупку медыцынскага абсталявання хірургічнага корпуса № 2 «Мінскай ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга абласной клінічнай бальніцы».
Як паведаміў старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка, удзел у добраўпарадкаванні прымаюць больш за 330 тысяч жыхароў цэнтральнага рэгіёна. Яны добраўпарадкоўваюць скверы і паркі адпачынку, дзіцячыя пляцоўкі і тэрыторыі прадпрыемстваў. Таксама высаджана больш за 6 тысяч дрэў і кустоў, пры гэтым асаблівая ўвага нададзена мемарыялам Вялікай Айчыннай вайны.
Дарэчы, сам кіраўнік Міншчыны сёння працаваў каля Кургана Славы — тут быў закладзены парк. Гэты аб'ект, па словах губернатара, стане падарункам для ўсіх жыхароў і гасцей вобласці. «Кіраўнік дзяржавы, наведваючы Курган Славы ў рамках святкавання Дня Незалежнасці, даручыў разбіць парк каля падножжа мемарыяла. Мы вырашылі падысці да рэалізацыі гэтай задачы творча, былі распрацаваны тры канцэпцыі, — адзначыў Аляксей Кушнарэнка. — Мы іх усе разгледзелі і шляхам галасавання выбралі варыянт, які прадугледжвае высадку 400 дрэў і кустоў, уладкаванне дарожак, малых архітэктурных формаў. Пры выглядзе зверху дрэвы фарміруюць вобраз крылаў бусла. Як вядома, бусел — сімвал міралюбнасці нашай краіны.
Удзел у работах па пасадцы парка прынялі члены Мінаблвыканкама, абласны Савет дэпутатаў, моладзь. «У цэлым, у рэспубліканскім суботніку прымаюць удзел звыш 330 тысяч жыхароў вобласці. Яны працуюць ва ўсіх рэгіёнах Міншчыны: хтосьці на працоўных месцах, хтосьці займаецца навядзеннем парадку на зямлі, саджае дрэвы. Напрыклад, супрацоўнікі Бярэзінскага райвыканкама працуюць на аб'ектах аграпрамысловага корпуса. Пухавіцкага і Чэрвеньскага — добраўпарадкоўваюць крыніцы, у Жодзіне працуюць на добраўпарадкаванні прыбярэжнай паласы ракі. Усе ўключыліся ў гэтую добрую традыцыю правядзення рэспубліканскіх суботнікаў», — канкрэтызаваў губернатар.
Па словах кіраўніка Міншчыны, у цэнтральным рэгіёне плануецца зарабіць больш за 2 мільёна рублёў у рамках суботніка. «Гэтыя сродкі будуць падзеленыя на тры часткі: 50 % пойдуць на будаўніцтва Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, а грашовыя сродкі, якія засталіся ў распараджэнні Мінаблвыканкама, будуць накіраваныя на распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі гістарычнага вала ў Заслаўі і закупку медыцынскага абсталявання для хірургічнага корпуса абласной бальніцы», — рэзюмаваў Аляксей Кушнарэнка.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
фота БелТА