Top.Mail.Ru

На кож­на­га бе­ла­ру­са пры­па­дае ў ся­рэд­нім дзве вы­да­дзе­ныя ў кра­і­не кні­гі

Летась дзейнасць па выпуску выдавецкай прадукцыі ажыццяўлялі 233 выдаўцы. На долю 15 выдавецтваў-лідараў прыходзіцца больш за 100 найменняў кніжнай прадукцыі. Айчынныя кнігавыдаўцы сёння стараюцца напоўніць рынак, павялічваюць свае тыражы. Такая інфармацыя прагучала падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай папулярызацыі чытання і падтрымцы кнігавыдання, што адбылася напярэдадні Міжнароднага дня дарэння кніг, які адзначаецца штогод 14 лютага.


Паводле сацыялагічных даследаванняў, беларусы працягваюць чытаць кнігі, аддаючы перавагу папяровым выданням, гэта ўлічваюць выдавецтвы. Летась назіраўся рост кніжнай прадукцыі, што выдавалася ў Беларусі: у агульным аб’ёме гэта 983 найменні.

— 88,9 % чытачоў нашай краіны самі выбіраюць кнігі і сочаць за навінкамі, — адзначыў намеснік міністра інфармацыі Дзяніс ЕЗЕРСКІ. — Чаму купляюць кнігі? Перш за ўсё лічаць, што кніга з’яўляецца сродкам развіцця і баўлення часу дзяцей. Па-другое, цікавяць змест і аўтары. Па-трэцяе, менавіта таму, што кніга лічыцца добрым падарункам.

У гандлёвай сетцы «Белкнігі» прыярытэтнае палажэнне і па тыражы (каля 80 %), і па сумах рэалізацыі (каля 70 %) займае менавіта беларуская кніга. Паводле даных за мінулы год, у нашай краіне выпушчана 7137 найменняў кніг і брашур агульным тыражом 18 мільёнаў 198 тысяч асобнікаў. Гэта больш, чым у 2024-м. Сярэдні тыраж адной кнігі таксама ўзрос і складае цяпер 2550 экзэмпляраў. 

Нашы выдавецтвы працуюць не толькі з дзяржаўнымі мовамі — рускай і беларускай, летась свет убачылі кнігі на 25 мовах свету. На беларускай мове выпусцілі 982 кнігі, іх тыраж павялічыўся і склаў 2,69 мільёны. На кожнага беларуса прыпадае ў сярэднім дзве кнігі, гэта стабільны паказчык сярод краін постсавецкай прасторы, які сведчыць, што наша нацыя чытае. Найбольш зацікаўленыя чытаннем людзі ва ўзросце да 29 гадоў. І ў нашай краіне больш чытаюць жанчыны. Гэта добра, бо менавіта жанчына становіцца правадніком дзяцей у кніжны свет, лічыць Дзяніс Езерскі.

У Год беларускай жанчыны роля і ўнёсак прыгожай паловы чалавецтва ў асветную справу будзе адзначана падчас Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, што адбудзецца ў сакавіку. Каля асобнага стэнда змогуць прадставіць свае кнігі жанчыны-пісьменніцы, пройдуць іх прэзентацыі, сустрэчы, аўтограф-сесіі. Гэту тэму падтрымаюць і госці, сярод якіх павінны быць прадстаўнікі ўсіх краін — удзельніц СНД (сёлета 35 гадоў з моманту яе ўтварэння). Жанчыны працягваюць рабіць вялікі ўнёсак у літаратуру, што адзначыць выдавецтва «Мастацкая літаратура», дзе на красавік запланавана выданне «Сучасная жаночая проза» ў серыі «Бібліятэка беларускай аповесці». Акрамя таго, сёлета Міністэрства інфармацыі запускае кніжную серыю ў межах падтрымкі лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Серыя «Маладосць» будзе прысвечана маладым аўтарам, якія сябе праявілі ў розных літаратурных конкурсах.

Паводле сацыялагічных даследаванняў, 83,6 % насельніцтва аддаюць перавагу кнігам папяровага фармату, але ёсць запыт і на лічбавыя платформы, аўдыя- і электронныя кнігі (19,7 % бачаць у гэтым спосаб прыцягнення дзяцей і шлях развіцця кніжнага рынку). У нас ёсць ініцыятывы і выдавецтвы, якія прадстаўляюць гэты кірунак. Найбольш запатрабаваная дзіцячая кніга. Але ёсць цікавасць да сацыяльна значнай літаратуры пра дасягненні і традыцыі нашай краіны (37,8 % набываюць літаратуру такога зместу), да кніг на тэму Вялікай Айчыннай вайны (34,6 %). Сацыялагічнае даследаванне пацвердзіла: чытачу патрэбны кнігі.

Ларыса ЦІМОШЫК.
Фота Лізаветы ГОЛАД.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю