Вырасціць тону бульбы для школьнай сталовай, пашыць «калекцыю» для работы ва ўласнай цяпліцы і, галоўнае, самастойна зарабіць сваю першую зарплату ў мясцовай гаспадарцы. Парады моладзі, дзе і як працаўладкавацца летам, — у нашым матэрыяле.
Дзякуючы моцным экалагічным традыцыям і актыўнаму супрацоўніцтву з мясцовай гаспадаркай у Вуцеўскай сярэдняй школе Добрушскага раёна прапануюць падлеткам рознабаковы фармат летняй занятасці.
Ва ўстанове адукацыі — 121 вучань. Яна добра вядомая ў раёне сваёй экалагічнай накіраванасцю. З 2010 года з’яўляецца апорнай пляцоўкай па экалагічным выхаванні ў раёне і адной з першых у гэтым кірунку выхавання ў Гомельскай вобласці. А яшчэ пад яе наглядам вялікі вучэбна-доследны ўчастак.

Не губляць сувязь з зямлёй
Дырэктар Вуцеўскай сярэдняй школы Ганна СТАНКЕВІЧ усё жыццё прысвяціла рабоце з вясковымі дзецьмі. Амаль дваццаць гадоў узначальвае ўстанову адукацыі, а да гэтага шмат гадоў была завучам. Яна галоўны ідэйны натхняльнік самых розных экалагічных і агра- праектаў у школе. У сельскай мясцовасці вельмі важна не губляць сувязь пакалення, якое падрастае, з зямлёй і працай на ёй, пераканана Ганна Мікалаеўна:
— Раз мы жывём у вёсцы, то павінны максімальна выкарыстоўваць гэтую асаблівасць у працэсе навучання і выхавання. Заахвочваць дзяцей да стваральнай працы на зямлі — наш свядомы падыход.
Гэтага падыходу ў школе прытрымліваюцца і ў доглядзе ўласных «сотак». Самі вырошчваюць расаду ў цяпліцах. На вучэбна-доследным участку штогод паўгектара зямлі адводзяць пад плодаагароднінныя культуры. Для харчавання ў школьнай сталовай нарыхтоўваюць бульбу, буракі, моркву, цыбулю і капусту. Акрамя гэтага сваімі сіламі вырошчваюць агуркі, памідоры, яблыкі і чорныя парэчкі.

Штогод частку ўласнага ўраджаю школа абавязкова перадае ў якасці дапамогі ў раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр і раённы цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.
Менавіта школьны вучэбна-доследны ўчастак летам становіцца галоўнай пляцоўкай для працоўнай практыкі. Займаецца вырошчваннем агародніны разам са школьнікамі настаўнік працоўнага навучання Лідзія Дудзянава, якая больш за 30 гадоў аддала Вуцеўскай школе. Ганна Станкевіч удзячна ўсяму калектыву за падтрымку ў гэтай справе і асобна руплівым памочнікам — працаўніцам тэхперсаналу Наталлі Мятліцкай, Алене Марфушкінай, Алене Карчэўскай, якія ўвесь летні сезон дапамагаюць даглядаць не толькі пасадкі на вучэбна-доследным участку, але і безліч кветнікаў на тэрыторыі школы.
Цяпер якраз пачалася школьная працоўная практыка — абавязковая форма занятасці для вучняў 5–8 класаў. Кожны мусіць адпрацаваць пяць дзён па чатыры гадзіны.
— У ліпені прапануем яшчэ адну форму другаснай занятасці. Яна арганізуецца праз упраўленне па працы і сацыяльнай абароне райвыканкама. Сёлета арганізуем пашыў фартухоў і хустак. Паколькі на ўчастку актыўна задзейнічаны цяпліцы, такія вырабы нам патрэбны для сельскагаспадарчых работ. Пашытыя камплекты таксама будуць выкарыстоўвацца ў школьнай сталовай для дзяжурных на раздачы, — тлумачыць дырэктар.
Такую форму занятасці прапануюць усім дзецям ад 14 гадоў і старэйшым. Удзельнічаць могуць таксама выпускнікі 9 і 11 класаў.
Адказ на давер
У апошні месяц лета ў школе традыцыйна арганізуюць лагер працы і адпачынку.
— За чэрвень і ліпень дзеці паспяваюць засумаваць па школе, — расказвае Ганна Мікалаеўна. — Да таго ж да жніўня мы цалкам заканчваем рамонт. Будынак чысты, прыгожы, без паху фарбы, таму знаходзіцца тут дзецям вельмі камфортна. Ды і на ўчастку якраз масава спее ўраджай, якому патрэбен догляд.
Для старэйшых вучняў (ад 14 гадоў) прадугледжана не толькі праца на школьным агародзе, але і афіцыйнае працаўладкаванне ў мясцовай гаспадарцы — ААТ «Вуцеўскае».
У асноўным юнакі і дзяўчаты займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторыі, афарбоўкай агароджаў, дапамагаюць з кветнікамі, выконваюць розныя гаспадарчыя работы.
— Акрамя гэтага, мы падтрымліваем сувязь і кантралюем сітуацыю з нашымі вучнямі, якія самастойна ўладкоўваюцца на работу ў гаспадарку, — адзначае дырэктар.
Пра супрацоўніцтва з ААТ «Вуцеўскае» Ганна Станкевіч гаворыць з асаблівай удзячнасцю. Дарэчы, сёння асноўная частка механізатараў, аграномаў, спецыялісты кіравання гаспадаркі — выпускнікі Вуцеўскай сярэдняй школы. Яна асобна дзякуе кіраўніку ААТ «Вуцеўскае» Арцёму ЛЕВАНЦОВУ. Для Вуці ўласная гісторыя гэтага маладога кіраўніка гаспадаркі — найлепшы прыклад пераемнасці пакаленняў вясковых людзей працы. Ён калісьці сам школьнікам вось так запісваўся ў лагер працы і адпачынку ды прыходзіў працаваць у гаспадарку.
Самі старшакласнікі з радасцю падзяліліся ўражаннямі ад мінулага працоўнага лета ў гаспадарцы. Прызнаюцца, што хацелася не толькі правесці канікулы цікава, але і зарабіць уласныя грошы.
— Праўда, разляцеліся яны — вокам маргнуць не паспелі, — гавораць дзевяцікласнікі Аляксандр Галкін і Ілья Карабельнікаў.
Хтосьці патраціў заробленае на новыя навушнікі, хтосьці — на пачастункі.
— На касметыку! — са смехам прызнаюцца школьніцы. — Бацькі затое былі вельмі задаволеныя, што мы пры справе, а не проста ў тэлефонах цэлымі днямі сядзім.
Добра паказалі сябе ў рабоце Ангеліна Марозава, Карына Карпенка, Валерыя Марфушкіна і Валерыя Саўчанка — у адных у гаспадарцы працуе маці, у кагосьці — тата, сваякі. Так што дзяўчаты імкнуліся працаваць вельмі адказна, каб не падводзіць родных.
— Калі дзеці самі ўдзельнічаюць у рабоце, яны пачынаюць разумець сапраўдны кошт чалавечых намаганняў. А калі за сваю працу атрымліваюць і сумленна заробленыя грошы, то гэта вельмі карысны жыццёвы вопыт для іх, — рэзюміруе Ганна Станкевіч.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота аўтара