Top.Mail.Ru

На калегіі Мінспорту абмеркавалі вынікі і перспектывы развіцця сферы

Адным з найважнейшых для галіны ў 2025 годзе стаў Указ Прэзідэнта аб падтрымцы спартыўных арганізацый. Прынцыповым у новым указе з’яўляецца тое, што ён дае магчымасць спартыўным федэрацыям і клубам атрымліваць субсідыі на ажыццяўленне сваёй дзейнасці.


— Гэта прынцыпова новая сістэма ўзаемаадносін паміж дзяржавай, клубамі і спартыўнымі федэрацыямі, але датычыцца не толькі спорту. Гэта новы парадак узаемаадносін з дзяржавай, з дзяржаўным бюджэтам і з усімі структурамі, — адзначыла намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Наталля Пяткевіч.


Па яе словах, такая сістэма новая не толькі з пункту гледжання адміністравання, але і чыста псіхалагічна.

— Як мінімум гэты год мы павінны правесці з федэрацыямі і клубамі ў адной лодцы. Нам трэба адно аднаму дапамагчы мякка ўвайсці ў гэту сістэму. 


Будуць нейкія праблемы — будзем карэктаваць. Калі вось у такім мірным узаемадзеянні мы ўкарэнім гэты ўказ, то ён абавязкова пачне працаваць, — падкрэсліла Наталля Пяткевіч.

Таксама вельмі важнай навацыяй стала і тое, што сёння турызм выведзены ў асобную сферу дзейнасці, якая наўпрост падпарадкавана ўраду. Міністр спорту Сяргей Кавальчук выказаў упэўненасць у тым, што гэта дасць новы імпульс развіццю турызму ў Беларусі. Ён дадаў, што 2025 год у сферы турызму аказаўся самым прарыўным за ўсю гісторыю краіны па экспарце турыстычных паслуг — 385 мільёнаў долараў.


— Таму нам не сорамна перадаваць частку нашай якасна зробленай працы. Тым не менш сёння неабходны новыя прарыўныя рашэнні ў сферы турызму. У нас цудоўная краі-
на, і я думаю, што рашэнне па вывядзенні турызму ў асобную сферу дасць свае вынікі, — заключыў міністр спорту.

Што датычыцца сферы спорту, то Сяргей Кавальчук падкрэсліў, што ў дадзенай галіне ідзе якасная планамерная работа.

— Сёлета спрагрэсавалі тэквандо, каратэ, веславанне акадэмічнае, стральба кулявая. Да таго ж біятлон дастойна прадстаўляе нашу краіну на міжнароднай арэне. За ўвесь 2025 год мы атрымалі добрую рэзультатыўнасць, нягледзячы на санкцыйны ціск, нядопуск нашых спартсменаў да спаборніцтваў. Вынік — больш за 730 медалёў на міжнародных турнірах, — адзначыў ён.

Безумоўна, апроч падвядзення вынікаў мінулага года, важна аналізаваць і прымаць рашэнні, куды рухацца далей.


Дарэчы

У Раўбічах стартаваў фінал рэспубліканскіх спаборніцтваў па біятлоне «Снежны снайпер» на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Да фіналу турніру дайшлі 168 юных спартсменаў, якія сталі пераможцамі абласных і мінскага гарадскога этапаў.

— У нас засталося крыху больш за 20 раённых цэнтраў, дзе няма фізкультурна-аздараўленчых цэнтраў. У Дзяржаўную праграму на 2026–2030 гады па рашэнні Прэзідэнта закладзена будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчых цэнтраў ва ўсіх раённых цэнтрах Рэспублікі Беларусь, у якіх гэтых аб’ектаў дагэтуль не было, — падзяліўся міністр спорту.

Лізавета ГОЛАД.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю