Top.Mail.Ru

На Гродзеншчыне людзі дапамагаюць адно аднаму

Не думаю, што хтосьці будзе спрачацца з тым, што беларусы ўжо адвыклі ад снежных зім. Хутчэй, так званая еўразіма стала нормай. Апошні магутны снегапад быў у 2021 годзе, калі на сінявокую абрынуўся «Ларс». Выдатна памятаю тую непагадзь! Я тады жыла ў прыватным сектары, снегу было па пояс у двары, а на хвіліначку мой рост 170 см. Тады мой дзень пачынаўся ў 5 раніцы з ачысткі двара. У шоку, канешне, была не толькі я. І вось праз 5 гадоў снег зноў вярнуўся ў Беларусь, але на гэты раз ён стаў не каменем спатыкнення, а нават у некаторым родзе аб’яднаў людзей. Але пра ўсё па парадку.


Як толькі сіноптыкі паведамілі аб тым, што на краіну рухаецца снежная непагадзь, абсалютна ўсе службы прыйшлі ў стан баявой гатоўнасці. У Гродзенскім абласным выканаўчым камітэце адбылася экстранная нарада пад кіраўніцтвам старшыні аблвыканкама Юрыя Караева. Ён падкрэсліў, што ўсім абласным службам неабходна падрыхтавацца загадзя, прадугледзеўшы наяўнасць рэзервовай тэхнікі і персаналу. Кіраўнік рэгіёна таксама адзначыў, што прагноз надвор’я павінен суправаджацца канкрэтнымі прапановамі па дзеяннях. Кожнае ведамства павінна дакладна пазначыць сваю гатоўнасць да ўдзелу і прадаставіць рэкамендацыі па прыцягненні дадатковых рэсурсаў.

— Я ведаю, што ў вас ёсць свае рэсурсы і вы гатовыя аператыўна мабілізавацца. Аднак, калі ўзнікне нешта экстраардынарнае, трэба быць гатовымі прыцягнуць дадатковыя сілы і сродкі, — заявіў Юрый Караеў падчас нарады.

Але што самае галоўнае, не застаюцца ў баку жыхары рэгіёна! У сацыяльных сетках раз-пораз мільгаюць відэа, дзе людзі штурхаюць аўтобусы, чысцяць снег, імкнуцца дапамагчы адно аднаму. Так, вядома, усе службы мабілізаваны. Толькі ў Гродне задзейнічаны 20 аўтамабіляў МАЗ, абсталяваных раскідальнікамі пяску, якія працуюць на дарогах, і 14 трактароў з аналагічнымі прыстасаваннямі, якія расчышчаюць тратуары. Для прыборкі прыпыначных пунктаў і пешаходных пераходаў задзейнічана 117 прыбіральшчыкаў тэрыторый.

Дырэктар ДГУПП «Спецаўтагаспадарка» Алег Захарчык заявіў, што ў прыярытэце — бяспека і даступнасць. Ён дадаў, што ў горадзе расчышчаюць дарогі, пешаходныя пераходы і прыпынкі грамадскага транспарту, якіх больш за 500. Ён адзначыў, што службы працуюць у напружаным рэжыме з першага дня новага года, і колькасць задзейнічанай тэхнікі павялічылася з-за большай колькасці ападкаў. Узмоцненую службу нясуць супрацоўнікі МНС, ДАІ, МУС, дапамогу аказваюць вайскоўцы, працуе Чырвоны Крыж. Справіцца з непагаддзю лягчэй разам! Грамадзяне не застаюцца ў баку.

Напрыклад, сланімчане вельмі адказна падышлі да справы. Там жыхары без пытанняў выходзяць на вуліцы. Калектыў Слонімскага раённага выканаўчага камітэта далучылася да прыборкі снегу. Супрацоўнікі і навучэнцы СШ № 3 г. Слоніма падключыліся да акцыі «Прыбяром снег разам» і адчысцілі ўсе падыходы і пад’езды да тэрыторыі школы. У Ваўкавыскім раёне людзі таксама не засталіся абыякавымі і накіраваліся на дапамогу службам, у тым ліку і кіраўніцтва райвыканкама. І так па ўсёй вобласці! Людзі не засталіся абыякавымі, а калі мы разам, дык нічога не страшна!

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю