У Дзень друку і напярэдадні Дня працаўнікоў радыё, тэлебачання і сувязі ў Гомельскім абласным грамадска-культурным цэнтры назвалі пераможцаў штогадовага абласнога спаборніцтва сярод рэдакцый і журналістаў сродкаў масавай інфармацыі.
Традыцыя адзначаць найлепшых прадстаўнікоў СМІ і работнікаў паліграфічнай галіны ў рэгіёне захоўваецца ўжо на працягу 18 гадоў. Як адзначыў на цырымоніі ўшаноўвання старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко, сёння СМІ Гомельшчыны прадстаўляюць 24 друкаваныя выданні, 4 тэлеканалы, 6 радыёстанцый, у якіх у цэлым працуюць больш як 550 чалавек.

У гісторыю журналістыкі і друкаванай справы Гомельшчыны можна паглыбіцца пабываўшы ў Музеі журналіста ў Ельску, у некаторых рэдакцыях беражліва захоўваюць яшчэ «партызанскія» шрыфты, а ў Гомелі працуе ўнікальны для рэспублікі Музей фатаграфіі і друку.— Сваімі ўнікальнымі традыцыямі далёка за межамі рэгіёна вядомыя СМІ Гомельшчыны. Гэта і найстарэйшая абласная газета. Больш за 100 гадоў выходзяць тры раёнкі. Амаль усе выданні — старэйшыя за 90, — нагадаў кіраўнік рэгіёну. — Прынцыповая грамадзянская пазіцыя, аб’ектыўнасць і аператыўнасць адрозніваюць журналістаў Гомельшчыны. Так было заўжды. Прытрымліваючыся традыцый ветэранаў галіны, сучаснае пакаленне аддана сваёй прафесіі, валодае дапытлівым розумам і заўсёды дамагаецца праўды, — падкрэсліў Іван Крупко

— Як адзначае Кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, роля СМІ вельмі вялікая, і стаўленне да журналістаў сур’ёзнае. Менавіта вы з’яўляецеся чацвёртай уладай, фарміруеце вобраз не толькі сучаснасці, але і будучыні, — падкрэсліў Іван Крупко. — Лічбавы свет даўно стаў сапраўдным полем бою, дзе галоўная зброя — хлусня і дэзінфармацыя. Цяпер супраць Беларусі вядзецца сапраўдная інфармацыйная вайна. Мэта нашых апанентаў — пасеяць паніку і разлад, падарваць давер да інстытутаў улады. Але дзякуючы вам, людзі працягваюць атрымліваць праўдзівую, аб’ектыўную інфармацыю аб тым, што адбываецца ў рэгіёне і краіне ў цэлым, — выказаў упэўненасць кіраўнік рэгіёна
Старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко і памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гомельскай вобласці Руслан Пархамовіч уручылі ўзнагароды пераможцам абласнога спаборніцтва сярод рэдакцый і журналістаў сродкаў масавай інфармацыі.

У намінацыі «Лепшыя аўтарскія матэрыялы ў тэлевізійных і радыёвяшчальных сродках масавай інфармацыі» дыплом першай ступені атрымаў аўтар праекта «Навіны-сеткі», рэдактар аддзела падрыхтоўкі тэлевізійных праграм тэлеканала «Беларусь 4. Гомель» Міхаіл Трацэнка. Лепшым тэлевізійным, радыёвяшчальным СМІ рэгіёна прызнана радыёстанцыя «Праўда Радыё». Адно з самых маладых выданняў вобласці — газета «Савецкі раён» — прызнана пераможцам у намінацыі «Лепшы друкаваны сродак масавай інфармацыі Гомельскай вобласці».
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота ТК «Гомельшчына афіцыйна»