Top.Mail.Ru
287

На Гомельшчыне для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў бязвыплатна перададзены 50 аб’ектаў нерухомасці

На пачатак года 24 праекты ўжо паспяхова завершаны. Як вынік — створаны новыя працоўныя месцы, пашыраны спектр паслуг, у населеных пунктах адкрыты новыя сацыяльна-значныя аб’екты, запатрабаваныя жыхарамі. 


Як падкрэсліла старшыня камітэта дзяржаўнай маёмасці Гомельскага аблвыканкама Наталля Сацута, такая работа дазваляе паслядоўна вяртаць у гаспадарчы абарот будынкі, якія працяглы час не выкарыстоўваліся.


Гэта практыка жыве і дае вынік, што пацвярджае канкрэтны прыклад — гісторыя будынку 1957 года пабудовы ў Буда-Кашалёве. Аб’ект агульнай плошчай 420 квадратных метраў спачатку меў гаспадарчае прызначэнне. З цягам часу ён страціў функцыянальнае значэнне. У 2010 годзе будынак прадалі, аднак пакупнік не выканаў умовы дагавора. У выніку аб’ект вярнулі ў дзяржаўную ўласнасць. У наступныя гады будынак не выкарыстоўваўся і знаходзіўся ўжо ў плачэўным стане. Нягледзячы на гэта будаўнічы «старажыл» райцэнтра разглядаўся як перспектыўная база для рэалізацыі інвестыцыйнага праекта. Шлях яго аднаўлення пачаўся амаль дзесяць гадоў таму. 


— На момант перадачы інвестару будынак патрабаваў комплекснай рэканструкцыі і значных укладанняў. У ходзе рэалізацыі гэтага праекта ўзнікалі складанасці, у тым ліку звязаныя з тэрмінамі выканання абавязацельстваў новым ўласнікам. Але дзякуючы падтрымцы раённых органаў улады, пастаяннаму суправаджэнню супрацоўнікаў камітэта дзяржаўнай маёмасці Гомельскага аблвыканкама на ўсіх этапах рэалізацыі праекта, інвестар паспяхова завяршыў работы і ўвёў аб’ект у эксплуатацыю, — распавяла Наталля Сацута. 

Сёння будынак нягледзячы на свой салідны ўзрост, але адноўлены утульны выгляд — адзін з выбітных аб’ектаў райцэнтра. Тут працуе шматфункцыянальны комплекс з фітнес-цэнтрам, салонам прыгажосці, цырульняй і іншымі аб’ектамі сферы паслуг. 



— Уключэнне будынка ў эканамічную дзейнасць станоўча адбілася на гарадскім асяроддзі Буда-Кашалёва, спрыяла развіццю малога бізнесу і стварэнню новых працоўных месцаў, — звярнула ўвагу старшыня камітэта дзяржаўнай маёмасці Гомельскага аблвыканкама. — Мы адкрытыя да супрацоўніцтва і гатовыя падтрымаць усіх, хто імкнецца рэалізаваць інавацыйныя, перспектыўныя і сацыяльна значныя ініцыятывы, увасобіць новыя ідэй і смелыя рашэнні на тэрыторыі Гомельскай вобласці, — выказала ўпэўненасць кіраўнік.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

фота Камітэта дзяржаўнай маёмасці Гомельскага аблвыканкама

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю