Top.Mail.Ru

На гераічнай зямлі да захавання слаўнай гісторыі актыўна далучаюцца мясцовыя жыхары

Акцябрскі раён — зямля трагічнага і разам з тым гераічнага мінулага. Менавіта тут у гады Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся цэнтр Акцябрска-Любанскай партызанскай зоны, у глыбокім тыле фашыстаў захоўвалася савецкая ўлада і працавалі савецкія школы.



Ужо ў першыя дні вайны на тэрыторыі цяперашняга Акцябрскага раёна быў створаны атрад «Чырвоны Кастрычнік», а яго камандзіры Ціхан Бумажкоў і Фёдар Паўлоўскі аднымі з першых у краіне атрымалі званні Герояў Савецкага Саюза. У тагачаснай Рудабелцы базіраваліся падпольныя абкамы і штабы партызанскіх злучэнняў, друкавалася газета «Звязда». Адсюль і трывалыя назвы, што замацаваліся ў той час за рэгіёнам: «партызанскі край», «другая Масква». Цяпер жа тут устаноўлены знак, рэстаўрыраваны партызанскія зямлянкі, адкрыты турыстычны маршрут «Музей пад адкрытым небам».

Але работы па захаванні гістарычнай памяці Акцябрскага раёна працягваюцца. Так, адной з такіх ідэй загарэліся ў Пратасаўскім сельскім Савеце: «З праектнай дзейнасцю на прыкладзе развіцця лакальных тэрыторый мы пазнаёміліся ў навучальным курсе «Школа рэгіянальнага развіцця», арганізаваным Гомельскай абласной асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў. Даведаліся, як ажыццяўляецца фінансаванне, навучыліся правільна апісваць праекты, — расказвае ініцыятар праекта, старшыня Пратасаўскага сельскага Савета дэпутатаў Аксана ГАЛЧЫНСКАЯ. — Тады і нарадзілася ідэя нашай уласнай грамадзянскай ініцыятывы — «Памяць вогненных гадоў».


Праект прадугледжвае стварэнне комплекснага гісторыка-турыстычнага аб’екта на аснове фактаў з гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, якім няма аналагаў у ваенным гістарычным летапісе. Размова ідзе аб першым і адзіным танкавым таране варожага бронецягніка. Подзвіг у чэрвені 1944 года на станцыі Чорныя Броды на ўжо падбітым танку здзейсніў экіпаж гвардыі сяржанта Міхаіла Бухтуева і гвардыі лейтэнанта Дзмітрыя Камарова.

Штогод на месцы здзяйснення подзвігу праходзяць мерапрыемствы рознага маштабу. Але прапанаваная мясцовымі жыхарамі ініцыятыва прадугледжвае значна шырэйшы ахоп: гэта і даследчая дзейнасць, і дзелавыя сустрэчы, і тэматычныя канферэнцыі. Першы этап праекта ўжо быў рэалізаваны дзякуючы падтрымцы з боку Акцябрскага райвыканкама і перамозе ў адкрытым конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў. Так, у ліпені гэтага года ў аграгарадку Рассвет Акцябрскага раёна з’явілася музейная экспазіцыя — першы этап рэалізацыі ініцыятывы. Асобная ўвага ў ёй удзелена земляку — Герою Савецкага Саюза Андрэю Пінчуку.

«Мы правялі агульны сход грамадзян, на якім была вылучана ідэя, зацверджана назва праекта.

Усе жыхары нашага аграгарадка план работы актыўна падтрымалі, — падзялілася Аксана Галчынская. — Быць сярод пераможцаў адкрытага конкурснага адбору праектаў грамадзянскіх ініцыятыў ганарова і вельмі адказна. Упэўнена, што з кожным годам экспазіцыя будзе дапаўняцца неабходнымі матэрыяламі, экспанатамі, дакументамі, якія будуць прымяняцца работнікамі Рассветаўскага сельскага дома народнай творчасці. Яна стане месцам памяці для наступных пакаленняў, жыхароў і гасцей нашага населенага пункта, а таксама цэнтрам патрыятычнага выхавання».

Аднак на гэтым стваральнікі праекта не спыняюцца, выстаўка — толькі яго пачатак. Далейшыя планы значна больш маштабныя: актывісты хочуць стварыць у Пратасаўскім сельскім Савеце турыстычную падзею ў фармаце ваенна-гістарычнай рэканструкцыі, распрацаваць турыстычны маршрут. Бо аднаўленне таго самага подзвігу, які ўвайшоў у гісторыю Вялікай Айчыннай, здольны прыцягнуць увагу не толькі жыхароў Гомельскай вобласці, але і турыстаў з усёй Беларусі, краін блізкага і далёкага замежжа. Відавочная і актуальнасць задумкі — захаваць памяць для будучых пакаленняў і развіваць рэгіянальны турызм у раёне. Для гэтых мэт актыўна вядзецца работа па ўстанаўленні партнёрскіх сувязяў, прычым як з беларускімі структурамі, так і з краінамі блізкага замежжа. Напрыклад, з Рэспублікай Тыва, дзе ў горадзе Кызыл школа № 1 носіць імя Міхаіла Бухтуева, які адтуль родам. Наладжваюцца кантакты і з Ніжагародскай вобласцю — малой радзімай Дзмітрыя Камарова.

Аміна НАЗАРАВА
Фота: газета «Чырвоны Кастрычнік»

Чытайце таксама: Перамога ў нашых сэрцах

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю