Top.Mail.Ru

На фестывалі дзіцячага чытання ўсталяваны рэкорд

Традыцыяй стала правядзенне фестываля дзіцячага чытання «Ідзі, зіма, ідзі ў дарогу!» ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. Яго заснавальнікі поруч з музейнай установай — Саюз пісьменнікаў Беларусі, Выдавецкі дом «Звязда», выдавецтва «Беларусь», кнігарня «Акадэмкніга».


Праведзены сёлета 28 лютага чарговы фестываль стаў рэкордным па наведвальнасці ўдзельнікаў. Каля 700 школьнікаў не толькі з Мінска, але і з Мінскай вобласці (у прыватнасці, з Мінскага і Дзяржынскага раёнаў), пазнаёміліся з сучаснымі пісьменнікамі, якія працуюць з разлікам на юнага чытача, адкрылі для сябе скарбы сучаснай дзіцячай літаратуры. У час фестываля працаваў кніжны гандаль. Да ўвагі ўдзельнікаў былі прадстаўлены літаральна ўсе навінкі дзяржаўных кніжных выдавецтваў — і Выдавецкага дома «Звязда», і выдавецтваў «Мастацкая літаратура», «Беларусь». 

Пра сваю творчасць, герояў сваіх кніг хлопчыкам і дзяўчынкам, а таксама іх настаўнікам расказвалі Наталія Андрасюк, Наталля Залеская, Алена Басікірская, Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Жанна Міўс, Алесь Карлюкевіч. 

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч перадаў удзельнікам фестываля прывітанне ад народнага паэта Беларусі Уладзіміра Карызны. Якраз гасцямі свята чытання і кнігі былі землякі Уладзіміра Іванавіча (ён нарадзіўся ў вёсцы Закружка Мінскага раёна) — вучні Крупіцкай сярэдняй школы. А школьнікі з Дзяржынска прыехалі на фестываль, трымаючы ў памяці нядаўняе свята дарэння кнігі, правядзенне якога стала добрай традыцыяй для Дзяржынскага раённага ўпраўлення па адукацыі, спорту і турызму. 

  • Праца з Саюзам пісьменнікаў Беларусі, кніжнымі выдавецтвамі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь над прапагандай чытання стала добрай традыцыяй для нашай асветніцкай і сапраўды літаратурнай установы, — гаворыць дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Ірына Мацяс. — Мы праводзім фестывалі такога характару тры разы на год. Наперадзе ў нас «Міхасёвы прыгоды». Такія мерапрыемствы з’яўляюцца нагодай і для звароту да творчасці народнага песняра Беларусі. Менавіта ў межах падрыхтоўкі да фестываляў па ініцыятыве музея і Саюза пісьменнікаў Беларусі Выдавецкі дом «Звязда» выдаў шэраг кніг Якуба Коласа з разлікам на юнага чытача. Гэта і ўзнаўленне першага, яшчэ даваеннага, выдання «Міхасёвых прыгод», і выданне прыгожымі маляўнічымі кнігамі ў афармленні Ліяны Жванія асобных раздзелаў з неўміручай паэмы «Новая зямля». Так што, вельмі спадзяюся на гэта, у фестываляў дзіцячага чытання ў музейнай прасторы вялікі патэнцыял. І мы прадумваем, якімі цікавосткамі парадаваць дзяцей у блізкай будучыні.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю