Top.Mail.Ru

На факультэце міліцыі грамадскай бяспекі Акадэміі МУС вучыцца ўсяго адна дзяўчына

Усё часцей дзяўчаты робяць прафесійны выбар на карысць міліцэйскай службы. Сваёй мэтанакіраванасцю, упартасцю, стараннасцю, адказнасцю і нават не ўласцівай жанчынам мужнасцю яны даказваюць, што недарэмна носяць пагоны і стаяць у адным страі з мужчынамі. Марыя Ілюшына яшчэ толькі на шляху да сваёй мары, але шанцы вялікія. Нягледзячы на няўдалую спробу трапіць у Акадэмію МУС з першага разу, яна рызыкнула і паступіла з другога. Цяпер Марыя — упрыгажэнне факультэта міліцыі грамадскай бяспекі галоўнай міліцэйскай ВНУ краіны, адзіная дзяўчына сярод некалькіх сотняў будучых вартавых правапарадку.


Ці не складана вучыцца разам з аднымі хлопцамі і спасцігаць асновы мужчынскай прафесіі, чаму вырашыла служыць менавіта ў міліцыі і хто паказаў прыклад адданасці Айчыне, даведаліся падчас сустрэчы з курсантам Марыяй у сценах яе альма-матар.

Прага справядлівасці

З будучай прафесіяй Марыя Ілюшына вызначылася яшчэ ў восьмым класе. З самага дзяцінства яна была ўпэўнена ў тым, што будзе насіць пагоны. Нягледзячы на сваю знешнюю далікатнасць, унутраны моцны стрыжань рухаў дзяўчыну наперад да сваёй мары. Тым больш было на каго раўняцца. Бацька — афіцэр Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, у той час начальнік Стаўбцоўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, цяпер — падпалкоўнік унутранай службы ў адстаўцы. Брат — курсант Універсітэта грамадзянскай абароны, затым ратавальнік рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння «ЗУБР».

«Паступаць у Акадэмію МУС і звязаць жыццё з органамі ўнутраных спраў — быў выключна мой выбар: ніхто не ўгаворваў, а тым больш не накіроўваў, — расказвае курсант Ілюшына. — Магла б разгледзець Універсітэт грамадзянскай абароны, але душа ляжала да міліцыі».

«З самага дзяцінства было жаданне дапамагаць людзям. І цяпер так — мне ўвесь час і ва ўсім неабходна дабівацца справядлівасці».

Яна не моцна перажывала, калі ў 2023 годзе не паступіла ў Акадэмію МУС: у ВНУ сілавога блока заўсёды быў вялікі конкурс, асабліва для дзяўчат. Падаць духам, а тым больш збочыць са шляху да мары — не ў характары Марыі. А таму як толькі ёй споўнілася 18 гадоў, звярнулася ў аддзел кадраў Стаўбцоўскага РАУС (з гэтага горада яна родам) з заявай аб працаўладкаванні. Заяву разгледзелі і праз некаторы час запрасілі дзяўчыну на навучанне ў Цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў МУС.

Тры з паловай месяца Марыя вывучала асновы будучай прафесіі, трэніравала вынослівасць, прызвычайвалася жыць па распарадку, працавала над самадысцыплінай. Прызнаецца, не ўсё давалася лёгка, але нават у такія моманты ніколі не засумнявалася, што ідзе па правільным шляху.

Любімы прадмет — агнявая падрыхтоўка

Пасля паспяховага праходжання навучання Марыя Ілюшына была накіравана для праходжання службы ў ізалятар часовага ўтрымання. Там служыла нядоўга — набліжалася чарговая ўступная кампанія. Дзяўчына не страчвала надзеі атрымаць афіцэрскія пагоны. Як супрацоўнік органаў унутраных спраў, яна мела права паступаць на любы факультэт — як Акадэміі МУС, так і Магілёўскага інстытута МУС — па-за конкурсам. Марыя Ілюшына зрабіла выбар на карысць факультэта міліцыі грамадскай бяспекі.

«На гэтым факультэце больш спецыяльнасцяў, якія падыходзяць дзяўчатам, — аргументуе свой выбар курсант. — Тут вучацца і будучыя ўчастковыя інспектары міліцыі па справах непаўналетніх, інспектары крымінальна-выканаўчай інспекцыі, супрацоўнікі Дэпарта-
мента аховы, аддзелаў па грамадзянстве і міграцыі. Ды і Дзяржаўтаінспекцыя ўсё часцей становіцца папулярнай у дзяўчат».

Марыя пакуль не вызначылася, якая спецыялізацыя ёй па душы. Хацела б паспрабаваць свае сілы і ў аддзеле па грамадзянстве і міграцыі, і ў рабоце з непаўналетнімі, не супраць складаць адміністрацыйныя пратаколы на парушальнікаў Правілаў дарожнага руху, забяспечваць бяспеку на дарогах. Не выключае і службу ўчастковым інспектарам міліцыі. Яшчэ ёсць час падумаць. На першым курсе курсантам выкладаюць тыя дысцыпліны, якія важна ведаць усім міліцыянерам, дзе б яны ні служылі. Затым профільных прадметаў стане больш.

Чалавеку, які амаль усё сваё жыццё займаўся танцамі, нескладана было прызвычаіцца да фізічнай нагрузкі. 

«Даводзіцца рабіць усё тое, што і хлопцы, — ніякіх паблажак! — прызнаецца яна. — Мне ніколі не было складана ў мужчынскім калектыве».

«Калі трэба, заўсёды магу звярнуцца да аднакурснікаў па дапамогу. Яны, у сваю чаргу, прыходзяць да мяне па параду: пытаюцца, напрыклад, што падарыць дзяўчыне на тое ці іншае свята».

Адным словам, агульную мову з аднагрупнікамі знайшла хутка. Сябруе і з курсантамі іншых курсаў: як правіла, іх аб’ядноўваюць агульныя творчыя праекты.

Як не дзіўна, любімы прадмет Марыі — агнявая падрыхтоўка. Яе не пужаюць гучныя выстралы і цяжар зброі. 

Па рэкамендацыі выкладчыкаў курсант будзе наведваць секцыю па практычнай стральбе.

Культурная праграма і практычныя аспекты

Свой пакой у інтэрнаце Марыя Ілюшына дзеліць яшчэ з дзвюма дзяўчатамі з іншых факультэтаў. Паколькі на тэрыторыі факультэта грамадскай бяспекі, на якім яна вучыцца, інтэрнат разлічаны толькі на хлопцаў, штодзень даводзіцца ездзіць у раён галоўнага корпуса акадэміі. Марыя не лічыць гэта складанасцю. Наадварот, такога роду прагулку перад сном успрымае за бонус. На факультэце яна праводзіць большасць свайго часу (з самай раніцы да вечара), а таму некалькі прыпынкаў пераадольвае толькі для таго, каб пераначаваць.

«А калі не вячэраць, можна раней паехаць у інтэрнат?» — удакладняю ў суразмоўніцы.

«Можна, але есці ж хочацца. Тым больш тут так смачна кормяць!» — кажа Марыя.

Пасля заняткаў у курсантаў — дзве гадзіны самападрыхтоўкі. Затым у іх — вячэра. Калі справіліся раней і застаўся час да прыёму ежы, ідуць займацца спортам (на факультэце абсталявана сучасная трэнажорная зала) або ў бібліятэку.

Дома Марыя бывае нячаста. І справа не ў парушэнні парадку — з дысцыплінай у яе акурат усё добра. Больш таго, дадатковымі звальненнямі дзяўчына заахвочваецца і за ўдзел у шматлікіх конкурсах. Справа ў тым, што ёй хочацца наведаць тыя месцы, выезды ў якія па выхадных рэгулярна арганізоўваюць выкладчыкі факультэта: гэта і храмы, і культурныя ўстановы сталіцы, і розныя мерапрыемствы.

Дзяўчыне не церпіцца даведацца тонкасці прафесіі на практыцы. З сакавіка курсанты разам з супрацоўнікамі органаў унутраных спраў будуць задзейнічаны ў патруляванні горада. Марыя не баіцца цяжкасцяў. Яна цудоўна разумее: прафесія, якую выбрала, спалучана з небяспекай, а таму дзяўчына гатова і да форс-мажорных сітуацый. Па словах курсанта, людзі, нават агрэсіўна настроеныя, добра рэагуюць на дзяўчыну ў пагонах, дзесьці нават больш давяраюць, чым мужчынам.

Паколькі Марыя накіроўвалася на вучобу са Стаўбцоўскага РАУС, то па размеркаванні трапіць на радзіму. Як складзецца яе лёс далей, пакуль не загадвае. Але ўжо сёння дакладна ведае адно: шлях да палкоўніцкіх пагон (а менавіта пра гэта яна марыць, не менш!) будзе няпросты, але курсант Ілюшына гатова прайсці яго з гонарам і годнасцю.

Фота Лізаветы ГОЛАД.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю