Top.Mail.Ru

На дабрачынным калядным кірмашы ў Мінску сёлета былі прадстаўлены амаль 30 краін


Пах смакаты ў паветры адразу напоўніў святочным настроем, а зіхатлівыя агеньчыкі на ўваходзе дапамаглі зразумець: тут пануе дух Калядаў. Ужо не першы год Мінскі міжнародны жаночы клуб паслоў, дыпламатаў і замежных прадстаўнікоў у Беларусі з’яўляецца арганізатарам дабрачыннага каляднага кірмашу. Жыхары сталіцы гэта ведаюць, таму не дзіўна, што ў суботу з самай раніцы ў прасторы «Капітал паласу», што ў цэнтры Мінска, людзей было ўжо шмат — абыходзілі стэнды розных краін з іх адмысловай сімволікай і святочнымі атрыбутамі, звярталі ўвагу на арыгінальныя рэчы і стравы, цікавіліся, што можна набыць, каб панесці з сабой дадому крыху іншаземнага чараўніцтва. Ад сябе — пакінуць невялічкі ўнёсак у добрую справу. 

— Каляды — гэта час, калі сэрцы адкрытыя для дабрыні, а цуды сапраўды здараюцца. Бо тут кожны сувенір ці нешта салодкае — не проста набытак, а часцінка цяпла: у гэтыя дні асабліва важна не забываць пра тых, каму патрэбная дапамога. Наш калядны кірмаш падобны на сапраўднае кругасветнае падарожжа, якое можна ажыццявіць за адзін дзень. Гэта магчыма дзякуючы ўдзельнікам, якія прадстаўляюць багаты каларыт розных культур і кулінарную спецыфіку сваіх краін, — прывітала прысутных Таццяна Мыйня, якая ўзначальвае Мінскі міжнародны жаночы клуб. Як прадстаўніца Малдовы ў Беларусі, яна разумее, што ў нашым жыцці вялікае значэнне маюць сувязі паміж народамі. 

Як аднаму народу цяжка жыць адасобленым у вялікім свеце, так і кожны чалавек хоча адчуваць цяпло іншых, асабліва ў свята. Дабрачынны кірмаш арганізаваны дзеля таго, каб прынесці радасць у кожны дом, падараваць калядны дух тым, хто чакае цуду. А гэта ў асноўным дзеці — і чужых, як у нас кажуць, не бывае... Што разумеюць і падкрэсліваюць прадстаўнікі дыпламатычных місій у Рэспубліцы Беларусь, ганаровых консульстваў, госці і спонсары, якія далучыліся да імпрэзы. Гэта адна з традыцый Міжнароднага жаночага клуба, больш чым за 30 гадоў яго існавання паспяхова ажыццявіліся шматлікія культурныя і дабрачынныя праекты. Толькі ў 2025-м годзе дзякубчы клубу прайшло больш за 20 дабрачынных мерапрыемстваў. 

Адно з самых паспяховых — калядны кірмаш, для якога замежныя пасольствы сёлета падрыхтавалі 200 адметных лотаў. У латэрыі ўдзельнічалі тыя, хто набыў квіток, пры тым, што наведаць імпрэзу мог кожны, хто пажадаў, абсалютна бясплатна. 

— Дзякуй за магчымасць дакрануцца да гэтага чараўніцтва і паўдзельнічаць у калядным кірмашы, асноўная мэта якога — дарыць дабрыню, дапамогу, увагу і любоў тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Тут «Ёлка дабра», лісты дзяцей, якія чакаюць навагодняга падарунка. Усе сродкі, сабраныя дзякуючы латарэі, пойдуць на дабрачыннасць. Сёлета ўпершыню на калядным дабрачынным кірмашы прадстаўлены беларускі стэнд. На ім працы, створаныя рукамі вучняў Нацыянальнага мастацкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, яны адлюстроўваюць іх чыстыя, шчырыя эмоцыі. Гэта часцінка дабрыні, якую можна набыць і такім чынам дабро памнажаць. Дзеці — будучыня, пра якую мы павінны клапаціцца, — адзначыла Наталля Рыжанкова, жонка міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь. — З году ў год расце колькасць краін, якія ўдзельнічаюць у дабрачынным калядным кірмашы: калі летась было 14, то сёлета каля 30. Тут ёсць магчымасць для шырокіх зносін, можна пазнаёміцца з культурай, традыцыямі краін, якія прадстаўлены ў Рэспубліцы Беларусь. І можна нават задаць пытанні, калі нешта цікавіць, здзейсніўшы такім чынам своеасаблівае падарожжа. 

Што ж, стартуем у Беларусі (пра яе адметнасці нават у модным паказе нагадалі — дзякуючы калекцыі «Успаміны пра Нясвіж»). А яшчэ адно дэфіле прадставіла «Беларусь міжнародную» — мода без межаў. Амаль увесь суботні дзень можна было прысвяціць гэтай вандроўцы з канцэртамі і аглядам стэндаў. Пра зімовую казачную Поўнач нагадалі фіны (зборнічак «Калевала» — чым не калядны падарунак?), крыху далей — сагрэцца прапанавалі традыцыйным шведскім глёгам, абсалютна безалкагольным. Вялікія зоркі, святло якіх прыцягвала здалёк, — у раёне стэндаў Швейцарыі, Аўстрыі, Германіі. Цацкі, паштоўкі, падарункавыя наборчыкі са смакоццем (добра, калі даляжаць да Новага году!). Традыцыйную выпечку прапанавалі на стэндах розных краін. А некаторыя наогул імкнуліся не проста пачаставаць, а накарміць наведвальнікаў: хочаш узбекскі плоў, а хочаш — дзіўны варыянт ад Арабскіх Эміратаў... Напоі на святочны стол — калі ласка: армянскія, малдаўскія, грэчаскія... А тыя, каго больш цікавіла ежа духоўная, маглі далучыцца да вывучэння некаторых экзатычных для нас традыцый. Кітайскія майстры, напрыклад, літаральна перад вачамі сваімі рукамі стваралі сувеніры, нават выразалі з паперы. О, дык амаль як наша выцінанка!.. Вось у такія моманты адчуваеш, што ёсць нябачныя сувязі паміж людзьмі з розных куткоў свету. Усе ж аднолькава разумеюць сутнасць слоў «дабрыня» і «дабрачыннасць». 

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю