Top.Mail.Ru

На чым засяродзяць увагу беларускія вучоныя ў рамках дзяржпраграмы «Навука для эканомікі і грамадства»

Акцэнт — на эфектыўнасць атрыманых вынікаў


Стварэнне новага расійска-беларускага касмічнага апарата звышвысокага распазнавання, развіццё атамнай энергетыкі, дзясяткі новых вытворчасцей для медыцыны і робататэхнікі — усё гэта (і не толькі) стала часткай прынятай у канцы мінулага года дзяржпраграмы «Навука для эканомікі і грамадства». Падрабязней пра тое, што плануецца зрабіць для развіцця навукі і рэальнага сектара эканомікі, карэспандэнту «Звязды» расказаў галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі, доктар эканамічных навук Васіль ГУРСКІ.

Архітэктура новага пяцігадовага цыкла развіцця навукі была сфарміравана летась: 12 праграм навуковых даследаванняў, 20 навукова-тэхнічных праграм, дзяржпраграма «Навука для эканомікі і грамадства» інтэграваны ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2026–2030 гады.

Сілы беларускіх вучоных будуць накіраваны на навуковае забеспячэнне тэхналагічнага суверэнітэту і развіццё новых высокатэхналагічных галін, падкрэсліў Васіль Гурскі: «На парадку дня — новыя праекты ў сферы лічбавых тэхналогій і штучнага інтэлекту, прамысловых, біялагічных, хіміка-фармацэўтычных і медыцынскіх тэхналогій, інавацыйных тэхналогій у аграпрамысловым комплексе і харчовай прамысловасці, а таксама ў сферы навуковага забеспячэння бяспекі чалавека, грамадства і дзяржавы. Акцэнт — на сістэмнасць і рэзультатыўнасць, эфектыўнасць атрыманых вынікаў для эканомікі».

Напрыклад, умацоўваць энергетычную незалежнасць нацыянальнай эканомікі заклікана падпраграма, якая ўключае ў тым ліку навуковае забеспячэнне развіцця атамнай энергетыкі. У сваю чаргу ў рамках падпраграмы «Развіццё навукова-вытворчай дзейнасці НАН Беларусі» плануецца распрацоўка новых рабатызаваных сістэм, малекулярна-біялагічных прадуктаў і г. д. У новай праграме запланаваны таксама запуск цэлай серыі сучасных вытворчых участкаў: па выпуску кампанентнай базы робататэхнічных комплексаў, вытворчасці імунабіялагічных прэпаратаў, імунагенных пептыдаў, біяпрэпаратаў для аховы навакольнага асяроддзя і іншых.

Выклікаюць цікавасць і планы наконт даследаванняў палярных раёнаў Зямлі — падчас іх выканання плануецца мадэрнізаваць комплекс будынкаў станцыі для круглагадовых антарктычных даследаванняў. «Гэта дае магчымасць забяспечыць нашай краіне палітыка-эканамічную прысутнасць на гэтым кантыненце нароўні з перадавымі краінамі-даследчыкамі: Расіяй, ЗША, 

Вялікабрытаніяй, Францыяй, Кітаем, Японіяй», — адзначыў Васіль Гурскі.

Нашымі палярнікамі ўжо пачаты новы этап пяцігадовых даследаванняў у Антарктыцы. Напрыклад, у галіне метэаралогіі і кліматалогіі бесперапынна вядзецца маніторынг параметраў атмасфернага паветра, рэгіструюцца неспрыяльныя метэаралагічныя з’явы, вышыня снежнага покрыва, вядуцца назіранні за тэрмічным і ўзроўневым рэжымам прэснаводных азёр.

Беларусь даўно зарэкамендавала сябе як касмічная дзяржава. Напрыклад, у канцы 2025-га з касмадрома «Усходні» былі паспяхова выведзены на арбіту два беларускія малыя апараты — для кантролю іанасферы і для выяўлення цеплавых анамалій і пажараў. А вось адным з самых амбіцыйных праектаў наступнай пяцігодкі стане стварэнне расійска-беларускага касмічнага апарата дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі з аптычным распазнаваннем 0,35 метра.

Паводле слоў галоўнага вучонага сакратара НАН, беларуская частка работ — стварэнне мэтавай апаратуры і мадэрнізацыя наземнай інфраструктуры — ужо вядзецца. У сваю чаргу ў 2027 годзе плануецца запуск беларускага касмічнага апарата сумесна з двума расійскімі, што ствараюцца ў рамках праграмы «Комплекс-СД», — разам яны складуць эксперыментальную арбітальную групоўку.

Рэалізацыі праграм Саюзнай дзяржавы ў прынцыпе будзе ўдзяляцца асаблівая ўвага. 

Аміна НАЗАРАВА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю