Аб’яднанне павінна заняць запатрабаваныя нішы і сканцэнтраваць сваю работу на развіцці грамадства. Аб гэтым заявіў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір ПЯРЦОЎ на шостым пазачарговым з’ездзе рэспубліканскага грамадскага аб’яднання ў Мінску, паведаміла БелТА.
«Мы прысутнічаем сапраўды на гістарычнай падзеі. Я хачу вас павіншаваць з гэтым, і агучанае адным з выступоўцаў — гвардыя Прэзідэнта, — напэўна, тое ёмістае і дакладнае азначэнне, якое будзе спадарожнічаць грамадскаму аб’яднанню „Белая Русь“. Вы ўсе добра разумееце, што грамадскае аб’яднанне адрозніваецца ад палітычнай партыі. Яно не мае палітычных мэт, а сваю работу павінна сканцэнтраваць на развіцці грамадства, заняць запатрабаваныя нішы, якія да нядаўняга часу займалі некамерцыйныя і няўрадавыя арганізацыі, што фінансаваліся з-за мяжы, — адзначыў Уладзімір Пярцоў. — Цяпер надышоў той час, калі мы павінны ўключыць у работу грамадскія арганізацыі, іншыя неахопленыя слаі нашага грамадства — бізнес, фермерскую супольнасць, інтэлігенцыю, ІT-сферу, сферу паслуг, індустрыю адпачынку і забаў».
Уладзімір Пярцоў закрануў тэму, што прагучала падчас нядаўняй сустрэчы Прэзідэнта з кіраўніцтвам Адміністрацыі Прэзідэнта, — работу са зваротамі грамадзян. «На жаль, не ўсе звароты, якія могуць быць разгледжаны і вырашаны на месцах, разглядаюцца і вырашаюцца. Вы ведаеце аб гэтым. У вас ёсць дзейсны інструмент — грамадскія прыёмныя „Белай Русі“. Калі вы не можаце вырашыць, то, прынамсі, можаце падказаць чалавеку, які ідзе са сваёй просьбай у грамадскую прыёмную, куды яму звярнуцца. І з існуючым у вас адміністрацыйным рэсурсам дапамагчы гэтаму чалавеку дастукацца да таго чыноўніка, у кампетэнцыі якога вырашэнне дадзенай надзённай праблемы», — падкрэсліў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.
Старшынёй рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» быў выбраны Андрэй ІВАНЕЦ. Такое рашэнне прынята на першым пасяджэнні Рэспубліканскага савета аб’яднання.
У звароце да ўдзельнікаў пасяджэння ён акрэсліў актуальныя задачы грамадскага аб’яднання. «Першая — кансалідацыя грамадства на аснове каштоўнасцяў беларускага народа, традыцыйнай сям’і, павагі да гісторыі і пераемнасці пакаленняў. Другая — стварэнне ўмоў для абмеркавання і рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў, калі кожны чалавек будзе імкнуцца сваёй стваральнай працай зрабіць унёсак у развіццё нашай краіны. Трэцяя — фарміраванне інтэлектуальнай нацыі і выхаванне моладзі, адказнай за будучыню Беларусі. Безумоўна, гэтыя задачы заўсёды стаялі перад нашым грамадскім аб’яднаннем, што сведчыць аб пераемнасці і эвалюцыйным шляху развіцця. Разам з тым формы і метады іх дасягнення павінны зведаць істотныя змены, — падкрэсліў Андрэй Іванец. — Колькасць мерапрыемстваў і акцый павінна перайсці ў іх якасць, а дасягненне канкрэтных вынікаў — стаць галоўным у нашай рабоце. Упэўнены, што ідэалагічным стрыжнем дзейнасці рэспубліканскага грамадскага аб’яднання „Белая Русь“ заўсёды была і застанецца падтрымка палітыкі нашага Прэзідэнта».