Top.Mail.Ru

На чацвёртай сесіі Савета Рэспублікі адобраны шэраг важных законапраектаў

Нетракарыстанне, правапарушэнні і нарматворчая дзейнасць

Сесія прайшла пад кіраўніцтвам Наталлі Качанавай. Старшыня Савета Рэспублікі павіншавала калег з Днём яднання народаў Беларусі і Расіі. «Гэта свята, якое аб’ядноўвае нашы дружалюбныя, добрыя і брацкія народы, — адзначыла Наталля Качанава. — Мы разумеем, як важна ў гэтыя дні мець сяброў, надзейных і стратэгічных партнёраў, якімі з’яўляецца Расійская Федэрацыя». Спікер падкрэсліла, што Саюзная дзяржава — гэта ўнікальная пляцоўка, роўнай якой няма ў свеце.

У ходзе пасяджэння сенатары разгледзелі і адобрылі пяць законапраектаў. Сярод іх — праект Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях нетракарыстання», праект Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях нарматворчай дзейнасці» і праект Закона «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях адміністрацыйнай адказнасці». Акрамя таго, парламентарыі ратыфікавалі два міжнародныя пагадненні.

Карысныя выкапні павінны працаваць на інтарэсы дзяржавы

У ходзе чарговай сесіі Савета Рэспублікі быў адобраны законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях нетракарыстання», накіраваны на ўдасканаленне прававога рэгулявання адносін у галіне вывучэння здабычы карысных выкапняў, аховы і выкарыстання нетраў. Адной з ключавых навацый з’яўляецца магчымасць рэалізацыі землекарыстальнікамі карысных выкапняў, здабытых з унутрыгаспадарчых кар’ераў.

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Леанід Заяц падкрэсліў, што асноўныя змены закранулі Кодэкс аб нетрах. 

Ён пералічыў асноўныя новаўвядзенні, сярод якіх — магчымасць рэалізацыі землекарыстальнікамі карысных выкапняў, здабытых з унутрыгаспадарчых кар’ераў, іншым арганізацыям і індывідуальным прадпрымальнікам, а таксама грамадзянам, якія пражываюць у сельскіх населеных пунктах, для ўласных патрэб. Акрамя таго, законапраектам рэгламентуюцца пытанні здабычы карысных выкапняў на паверхневых водных аб’ектах і ўнутраных водных шляхах.

Змяненні, прадыктаваныя часам

Пры падрыхтоўцы законапраекта «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях адміністрацыйнай адказнасці» было вывучана больш за 500 прапаноў зацікаўленых дзяржаўных органаў. Дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававой інфармацыі Андрэй Матэльскі падкрэсліў, што законапраект досыць кампактны, але ў той жа час вельмі змястоўны. «Усяго ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях уведзена 9 новых артыкулаў, 43 новыя саставы адміністрацыйных правапарушэнняў, у дыспазіцыі дзеючых саставаў унесены 73 карэкціроўкі, накіраваныя на прывядзенне ў адпаведнасць з галіновым заканадаўствам, — паведаміў ён. — Таксама адкарэктаваны 32 санкцыі за правапарушэнні ў мэтах устанаўлення суразмернасці адказнасці характару і цяжкасці ўчыненага правапарушэння».

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Людміла Сапега ў сваю чаргу падкрэсліла, што напярэдадні разгляду гэтага законапраекта была праведзена велізарная работа. Яна расказала аб задачах, якія стаялі перад унясеннем змяненняў у гэты комплексны дакумент. «Па-першае — прывесці ў адпаведнасць заканадаўчыя акты і нормы, якія пазначаны ў кодэксах з галіновым заканадаўствам. Па-другое — ліквідаваць прабелы ў заканадаўстве ў дачыненні да адміністрацыйна-прававога рэгулявання тых працэсаў, якія адбываюцца ў нашым жыцці ў адпаведнасці з нейкімі эканамічнымі, сацыяльнымі, палітычнымі працэсамі, — пералічыла парламентарый. — Напрыклад, уносіцца мера адказнасці за парушэнне парадку разліку лічбавымі грашовымі знакамі. Мы разумеем, што эканоміка мяняецца, лічбавізацыя ахапіла ўвесь свет, і гэта патрабаванне сённяшняга дня, таму неабходна ўносіць змяненні».

Сенатары таксама адобрылі законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях нарматворчай дзейнасці». Як адзначыў Андрэй Матэльскі, галоўнае прызначэнне распрацаванага законапраекта — замацаваць прававыя механізмы, якія стрымліваюць заканадаўства ад неабгрунтаванага разрастання, забяспечыць рэгулярную актуалізацыю масіву дзеючых актаў, а таксама павышэнне якасці нарматворчай дзейнасці.

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Міхаіл Русы адзначыў, што законапраект накіраваны на аптымізацыю ўсяго аб’ёму нарматворчага працэсу. «Менавіта ў самім праекце закона акцэнт зроблены на забеспячэнні высокай якасці падрыхтоўкі нарматыўна-прававога акта на ўсіх яго стадыях: пачынаючы ад планавання да правядзення рэвізіі, — заўважыў парламентарый. — Асаблівая ўвага аддадзена пакетнаму прынцыпу, які ўключае падрыхтоўку асноўнага законапраекта і падзаконных актаў. Гэтыя патрабаванні дазволяць пазбегнуць сітуацыі, калі базавыя нормы прынятага закона застаюцца без належнага прававога рэгулявання».

На пасяджэнні чацвёртай сесіі Савета Рэспублікі таксама быў ратыфікаваны шэраг міжнародных пагадненняў.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю