Top.Mail.Ru

На частаце 96.2 пачало сваё вяшчанне «Радыё Перамога»

Яно з'яўляецца сумесным спецыяльным праектам «Альфа Радыё» і Выдавецкага дома «Беларусь сегодня».

Аснову эфіру «Радыё Перамога» складаюць як арыгінальныя аўтарскія праграмы, так і трансляцыі радыёспектакляў, тэматычных праектаў, архіўных запісаў, вершаў, кампазіцый ваеннай тэматыкі. Тут можна пачуць знаёмыя многім пакаленням песні ў выкананні Клаўдзіі Шульжэнка, Леаніда Уцёсава, «Песняроў», Анатоля Ярмоленкі, Марка Бернеса і многіх іншых артыстаў. Але ідэя праекта, які злучыў усё гэта на адзінай платформе, узнікла ў стваральнікаў яшчэ ў 2023 годзе і была ў тым, каб аб'яднаць на адным канале тэматычныя матэрыялы, якія гучалі на «Альфа радыё» напярэдадні Дня Перамогі. Запусцілі інтэрнэт-паток. Па словах начальніка аддзела радыёвяшчання «Альфа радыё» Вадзіма Шэпета, праект атрымаў вялікі водгук з боку слухачоў, прычым як у нашай краіне, так і далёка за яе межамі.

— Нашы спасылкі пачалі распаўсюджвацца па агрэгатарах, таму мы вырашылі захаваць гэты інтэрнэт-паток. І літаральна праз год-паўтара міністр інфармацыі (тады Уладзімір Пярцоў) агучыў ідэю запусціць радыё «Перамога» ў FМ-фармаце. З сярэдзіны 2024 года мы пачалі падрыхтоўку да гэтага тэхналагічнага працэсу. Усё атрымалася. І 25 красавіка бягучага года на частаце 96.2 FМ у Мінску загучала «Радыё Перамога». На дадзеным этапе мы вяшчаем толькі на тэрыторыі сталіцы, — дзеліцца Вадзім Шэпет. — Акрамя песень пра Вялікую Айчынную вайну, у тым ліку і сучасных і ў прыватнасці беларускіх выканаўцаў, таксама ў нашым эфіры гучаць праграмы, запісаныя нашымі журналістамі, вершы пра вайну (іх чытаюць нашы госці, якія прыходзяць на ток-шоу «Будні»). Можна ў нас пачуць і легендарны голас Левітана. Прычым мы цяпер падабралі такую зводку, дзе па храналогіі набліжаемся якраз да Дня Перамогі. Там распавядаецца пра тыя крокі, якія ўжо ў той час рабіліся, каб наблізіць Перамогу. Можна ў нас пачуць і гісторыі стварэння песень ваеннага часу. У выніку атрымаўся такі сімбіёз, які дазваляе нашаму слухачу адчуць атмасферу і той эпохі, і пазнаёміцца з сучаснымі музычнымі творамі на ваенную тэму, а таксама прасякнуцца пачуццём гонару за тое, што мы з'яўляемся нашчадкамі пераможцаў.

Сёлета, калі святкуецца 80-годдзе Вялікай Перамогі, не абыдзецца без спецыяльнага напаўнення эфіру. Але аўтары праекта робяць стаўку на голас і інтанацыі ў змесце і ў танальнасцях расповеду пра мінулае, каб пасылы былі зразумелыя людзям незалежна ад узросту.

— Што датычыцца 9 Мая, то мы ўжо маем кантэнт, падрыхтаваны да гэтага свята. Асноўны ўхіл, скажу шчыра, мы робім на тое, каб у святочныя дні (і не толькі 9 Мая) мы слухалі песні Перамогі. Таму што для радыё музычны складнік першачарговы, — сказаў Вадзім Шэпет. — Вельмі хочацца, каб слухачы нашы адчулі атмасферу свята праз песні. Мы — нашчадкі пераможцаў, а менавіта праз песні найбольш можна перадаць пачуццё гонару. Вядома, ёсць некалькі праектаў у рабоце, дзе раскажам і пра зброю Перамогі, пра тэхніку таго часу, а галоўнае — будзем распавядаць пра герояў Перамогі.

Паслухаць «Радыё Перамога» можна на афіцыйным сайце radіopobeda.by альбо адшукаўшы радыёстанцыю ў першым нацыянальным радыё-плэеры.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю