Top.Mail.Ru

На Бярэзіншчыне пачынаюць жніво

У ААТ «Пагосцкі» ідзе ўборка сурэпіцы. Пакуль суседзі яшчэ прыкідваюць, калі выязджаць у поле, тут ужо поўным ходам камбайны жнуць гэту алейную культуру.


«Пакуль іншыя чакаюць, мы ўжо ў полі»

Галоўны аграном гаспадаркі Сяргей Толкач патлумачыў, чаму вырашылі пачынаць менавіта з сурэпіцы: «Гэта культура, якая дазваляе нам не стаяць на месцы. Яна дае алей і авіяцыйнае паліва, а адходы ідуць на камбікорм для жывёлы. Плюс рана вызваляюцца палі, і мы паспяваем падрыхтаваць зямлю да наступнага сезона». Усяго пад сурэпіцу ў гаспадарцы адведзена 200 гектараў, ураджай — каля 24 цэнтнераў з гектара, што лічыцца добрым паказчыкам.

«Сам прыехаў у госці і застаўся»

Уладзімір Рафаловіч працуе на камбайне ўжо шосты ўборачны сезон. Яго асноўнае месца працы — кіроўца ў спартыўнай школе ў Беразіне, а на жніво ён бярэ чарговы адпачынак. Родам з Брэсцкай вобласці, але 28 гадоў таму прыехаў сюды ў госці і застаўся: «Каханне, так атрымалася», — усміхаецца мужчына. Жыве ў Беразіне, да працы даязджае за 15 хвілін.


На пытанне пра складанасці ўборкі ён адказвае: «Прынцып той жа, што і на збожжавых. Адрозненне — на камбайне трэба ўсталёўваць рапсавы стол, каб зменшыць страты збожжа. Гэта займае каля 40 хвілін». Працуе без памочніка — прывык адзін. Першы раз сеў за руль камбайна без падрыхтоўкі, яму проста паказалі кнопкі. «Тэхніка не падводзіць, галоўнае — каб надвор’е было без дажджу», — кажа ён. Настрой у хлебароба — баявы.

«Галоўнае — убраць без страт»

Вячаслаў Кашлачоў — камбайнер з больш як трыццацігадовым стажам. Сёлета рупліўцу даверылі новы камбайн GS-12A1 PRO. «Тэхніка больш камфартабельная, кабіна лепшая, сядзенне мяккае, ёсць кандыцыянер, радыё», — дзеліцца ён. На пытанне пра складанасці ўборкі сурэпіцы адказвае: «Гэта некапрызная культура, галоўнае — каб суха было. Для камбайна гэта простая работа». Працуе Вячаслаў з 7 раніцы да 8 вечара, абед прывозяць у поле. Галоўны прынцып работы — не хуткасць, а якасць. «Трэба ўбраць без страт», — кажа ён. Жыве ў Пагосце, жонка Алена працуе жывёлаводам на суседнім прадпрыемстве, двое дарослых дзяцей служаць у МУС.

«Камбайн як карабель»

Самы малады ў камандзе — Даніла Данільчанка. Яму 23 гады, а ездзіць з бацькам у поле пачаў яшчэ з трох гадоў. Па адукацыі — кранаўшчык і вадзіцель катэгорыі С, але выбраў камбайн, бо тут, паводле яго слоў, адчувае сябе як капітан, дзе камбайн — карабель.

У мінулыя гады малады чалавек ужо займаў прызавыя месцы: у 2022 годзе стаў першым у Мінскай вобласці ў катэгорыі «малады двухтысячнік», пазней таксама намалочваў да 2000 тон збожжа. На пытанне, што трэба для перамогі, адказвае: «Цішэй едзеш — больш намалоціш. Калі гнацца, будзеш толькі страчваць зерне». Падчас уборкі сурэпіцы, паводле яго слоў, важны акуратны падыход: культура каштоўная, з яе робяць алей і паліва, таму страты недапушчальныя. Працуе ён таксама без памочніка: «Не люблю, калі хтосьці ў кабіне сядзіць».


Трохгадовая дачушка Аліса ведае, як працуе тата, — малады бацька прывозіць яе на поле. У хуткім часе маладая сям’я плануе набыць уласнае жыллё. У вольны час Даніла займаецца таніроўкай аўтамабіляў. Акрамя таго, хлопец наведвае мясцовы басейн і трэнажорную залу. На пытанне, чаму не горад, адказвае проста: «Не падабаецца. Трэба рухацца, не магу сядзець без справы».

Як арганізавана праца

Летась уборку ў гаспадарцы вялі трыма камбайнамі, сёлета плануюць задзейнічаць пяць, каб паскорыць працэс. Каб не перашкаджаць адзін аднаму, сваю тэхніку хлебаробы расстаўляюць па загонах: першы ідзе наперадзе, другі — ззаду, а потым кожны рухаецца асобна. Падчас работы абмяркоўваюць дзеянні без спецыяльных сігналаў — усё адбываецца інтуітыўна. Перакураў у іх няма, адпачываюць толькі падчас абеду. Акрамя гарачага харчавання, забяспечваюць вадой і «падвячоркам» — перакусам пад канец дня.


На полі дзяжурыць і пажарны МАЗ. Аляксандр Жукоўскі сочыць за бяспекай: у спецыяльнай бочцы на яго машыне — восем кубоў вады, бензінавая помпа, шланг і пажарны рукаў. «Калі што задыміцца, я тут. Але, спадзяюся, не спатрэбіцца», — кажа ён. У выпадку паломак механізатары дапамагаюць адзін аднаму, хоць новая тэхніка пакуль працуе без збояў.

«Чаму б не зарабіць?»

Дырэктар ААТ «Пагосцкі» Аляксандр Салаўёў — кіраўнік, які сам таксама быў механізатарам. Ён праводзіць на вытворчасці амаль увесь свой час, у кабінеце бывае не больш за 20 хвілін у дзень. «Давярай, але правярай», — гаворыць гаспадар пра свой падыход да кантролю.

Аляксандр Мікалаевіч ужо 20 гадоў у сельскай гаспадарцы, пачынаў загадчыкам фермы. «Я ведаю ўсё: ад зерня і да таго, як яно даходзіць да каровы», — кажа ён. Таму падмануць яго скаладана: ён ведае, «на якой гайцы што закручваецца». У гаспадарцы кадравы дэфіцыт адсутнічае: «Я цаню кожнага работніка, у нас стапрацэнтная забяспечанасць механізатарскім складам».

Сурэпіца, па яго словах, — культура забытая. Звычайна яе вырошчвалі для ранняй падкормкі жывёлы, але сёлета вырашылі паспрабаваць рэалізаваць яе на алей. «Мы паглядзелі на цэны, паглядзелі на магчымасці і вырашылі. Пакуль рапс не паспеў, чаму б не зарабіць?» — тлумачыць ён. Акрамя таго, сурэпіца дазваляе рана вызваліць палі для падрыхтоўкі зямлі да наступнага сезона: унясенне ўгнаенняў, гліфасатаў, узворванне. «Усё павінна ісці адначасова: пакуль адны ўбіраюць, другія ўжо падрыхтоўваюць зямлю. Гэта кругазварот, без яго ў сельскай гаспадарцы нікуды».


Кіраўнік называе сябе «галоўным ідэолагам» гаспадаркі, бо лічыць, што павінен весці за сабой асабістым прыкладам.

Аляксандр Салаўёў родам з гэтай зямлі — з вёскі Сасновае Балота. «Я проста люблю сваю зямлю. Гэта мая малая радзіма», — кажа ён. Галоўная складанасць у сезоне — надвор’е і рамонт, а самае прыемнае — намалот. «Калі атрымліваеш добры ўраджай, разумееш, што год прайшоў не дарма. І радуешся выніку», — дзеліцца ён.
У гаспадарцы 16 тысяч гектараў зямлі і каля 6,5 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы. Кірунак — малочны (каровы звычайнай галштынскай пароды даюць у сярэднім 20 літраў малака), але паступова нарошчваюць і мясны статак.


Што датычыцца сурэпіцы, то культуры плануюць сабраць каля 400 тон. Яе плануюць убраць літаральна за некалькі дзён. Далей — азімы ячмень, пшаніца, рапс. Галоўны фактар, які ўплывае на вынік, — надвор’е. «Сурэпіца і рапс баяцца анамальных дажджоў, граду, ураганаў. Калі нешта такое здарыцца, не дай Бог, то ўсе намаганні могуць легчы на зямлю», — гаворыць дырэктар.

«Калі ўсё ідзе добра, разумееш, што год прайшоў не дарма, і ты атрымаў свой ураджай. Настрой на жніво заўсёды баявы. Кожны сезон важны: ці то ўборка, ці то загатоўка кармоў», — рэзюмаваў Аляксандр Салаўёў.

Надзея ЗУЕВА
Фота Валерыя Картуля
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю