Top.Mail.Ru

На Брэстчыне земляробы прыступілі да другога этапу пасяўной

Аграрыі Брэсцкай вобласці фактычна закончылі сяўбу ранніх збожжавых і зернебабовых культур. Першымі з гэтай работай справіліся земляробы Жабінкаўскага, Маларыцкага, Столінскага раёнаў, следам за імі адсеялася большасць іншых. Нават сельгаспрадпрыемствы Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў, якія ўключыліся ў работу яшчэ пазней, на фінішную прамую выйшлі нароўні з астатнімі, паведамілі ў Камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама.


Сёлетняя ранняя цёплая вясна дазволіла выйсці ў поле прыкладна на тыдзень раней, чым звычайна, тым больш, што ўся тэхніка была падрыхтавана яшчэ зімой. Таму са збожжавымі і зернебабовымі справіліся даволі хутка. Тым часам і льнаводы не спалі ў шапку, пастараліся эфектыўна выкарыстаць пагодныя дні, а таксама вільгаць, якой дажджы насыцілі глебу апошнімі днямі. Сяўба лёну ў рэгіёне таксама набліжаецца да завяршэння. 

А ў Пружанскім раёне гэту работу скончылі раней за ўсіх. Тут вырошчваннем культуры займаецца ААТ «Пружанскі льнозавод». Сёння льнозавод у ліку найважнейшых пастаўшчыкоў сыравіны на Аршанскі льнокамбінат. Пасяўныя плошчы культуры складаюць амаль тры тысячы гектараў. Завадчане ўжо даўно сталі паспяховымі земляробамі, маюць свой механізаваны атрад.

— Сяўбу мы правялі ў аптымальныя тэрміны, — сказаў намеснік дырэктара прадпрыемства Дзмітрый Жогал. — Нашы механізатары — вопытныя, кваліфікаваныя спецыялісты, кожную хвіліну рабочага часу выкарыстоўваюць рацыянальна. Тым больш што ва ўсіх машынах стаіць GPS-навігацыя. Сёння гэта звычайная практыка, прадыктаваная патрабаваннем часу. Яна спрыяе матывацыі пры групавой рабоце: кожны бачыць свае прамежкавыя паказчыкі і канчатковыя вынікі.

Сяўба завершана, хутка пачнецца клопат аб доглядзе пасеваў, іх падкормцы і праполцы. Агранамічная служба мае дакладны графік работ. Ёсць усе падставы спадзявацца на добры ўраджай лёну, падсумаваў намеснік кіраўніка.

Іншыя гаспадаркі Пружанскага раёна сеюць цукровыя буракі, да гэтай работы прыступілі таксама ў Бярозаўскім, Брэсцкім, Драгічынскім раёнах. Скажам, земляробы гаспадаркі «Агра-сад «Світанак» Брэсцкага раёна летась атрымалі адзін з самых высокіх паказчыкаў ураджайнасці ў раёне. Сёлета, паводле слоў галоўнага агранома Алега Цыолты, разлічваюць атрымаць не менш, паколькі для гэтага ёсць усё: насенне, сродкі абароны раслін, угнаенні, неабходная тэхніка. Дагавор аб пастаўцы 9,5 тысячы тон буракоў заключаны з Жабінкаўскім цукровым заводам, а калі буракаводы вырасцяць больш, перапрацоўшчыкі з задавальненнем возьмуць.

Тым часам у Лунінецкім, Столінскім, Іванаўскім раёнах пачалася сяўба агароднінных культур. Агранамічныя службы райсельгасхарчаў канстатуюць, што азімыя ў асноўным перазімавалі добра. Умовы для аграрыяў складваюцца здавальняльныя, у дапамогу ім — нядаўнія дажджы. Дарэчы, на адным з апошніх пасяджэнняў аблвыканкама паведамлялася, што з улікам павелічэння засушлівых перыядаў у Брэсцкай вобласці пераглядаюць структуру сяўбы, плошчы азімых культур і рапсу павялічваюць. Гаспадаркі маюць дастаткова тэхнікі, каб раней праводзіць работу па закрыцці вільгаці. Таксама некаторыя раёны практыкуюць бясплужную апрацоўку глебы. Акрамя гэтага ў рэгіёне працягваецца рэканструкцыя меліярацыйных сістэм. На абноўленых меліяратарамі землях асабліва добра адчувае сябе агародніна. Так што ёсць усе падставы не толькі чакаць своечасовага і якаснага запаўнення стабфондаў, але і рэгулярных паставак прадукцыі ў гандлёвыя сеткі па даступнай цане.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота з адкрытых крыніц

У тэму

Чым пагражае пахаладанне?

Як адзначыў начальнік Галоўнага ўпраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Мікалай Лешык, работы ў полі набіраюць абароты.

Усіх яравых культур пасеяна звыш 430 тысяч гектараў — гэта на 90 тысяч гектараў больш, чым на такі ж час летась. Ранніх яравых пасеяна звыш 380 тысяч гектараў, што таксама больш за леташні паказчык на 60 тыс. га.

Як вядома, у першай дэкадзе красавіка на нашу тэрыторыю ідзе шырокае пахаладанне, якое будзе суправаджацца снегам і істотнымі замаразкамі. Ці гатовыя да такога развіцця падзей сельгасвытворцы? Начальнік Галоўнага ўпраўлення раслінаводства Мінсельгасхарча лічыць, што аграрыі заўсёды гатовыя да ўсіх сюрпрызаў надвор’я. У дадзенай сітуацыі яны спадзяюцца на заяўленыя селекцыянерамі характарыстыкі высяўных культур. У такім разе ўсходы перанясуць кароткачасовыя замаразкі бязбольна. Эксперты ўпраўлення найбольш асцерагаюцца за лёс лёну, які быў высеяны на плошчы 12,6 тысячы гектараў. Гаворка ідзе пра тыя расліны, якія ўжо ўзышлі. Неспакой выклікаюць і першыя пасеяныя гектары цукровых буракоў. Ёсць верагоднасць таго, што тыя пасевы гэтых культур, якія ўзышлі, будуць пашкоджаны нізкімі начнымі тэмпературамі.

У гэтым віны аграрыяў Мікалай Лешык не бачыць. Сяўба пачынаецца, як толькі гатовая глеба і ўстанаўліваецца спрыяльны тэмпературны рэжым. Але ж існуе рызыка нечаканых начных замаразкаў. Аграрыі гатовыя да падобных сітуацый. Для гэтага існуе страхавы фонд насення. Магчыма, што пры значным пашкоджанні ўсходаў пэўныя ўчасткі прыйдзецца перасяваць. Але спадзяёмся на лепшае, заўважыў Мікалай Лешык.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю