Top.Mail.Ru

На Брэстчыне паспяхова вядуцца работы па ўводзе ў эксплуатацыю меліяраваных зямель

Сёлета ў Брэсцкай вобласці плануецца ўвесці 18,5 тысячы гектараў зямлі пасля рэканструкцыі меліярацыйных сістэм. Работа ідзе ў адпаведнасці з планам. Праводзяцца рэканструкцыя і рамонт збудаванняў, ачыстка каналаў ад заілення і драўняна-хмызняковай расліннасці. Толькі ў перыяд са студзеня да красавіка ўведзена ў эксплуатацыю больш за 4 тысячы гектараў меліяраваных зямель.


Тэма меліярацыі настолькі актуальная для першага рэгіёна, што яе закрануў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык на сустрэчы з кадравым рэзервам вобласці, якая праходзіла на мінулым тыдні, і назваў адной з умоў паспяховай рэалізацыі праграмы развіцця раёнаў Прыпяцкага Палесся менавіта меліярацыю. Губернатар патлумачыў, што стаіць задача падняць узровень вады ў нашых рэках. Гэтай вясной паводкі не было, рэкі памялелі, але ж хацелася б, каб Ясельда, Прыпяць, Піна, Буг ды іншыя заставаліся суднаходнымі. А гэта ўжо задача меліярацыйнай галіны.

Аб тым, што ў краіне павышаная ўвага надаецца аднаўленню меліяраваных зямель і прыцягненню іх у севазварот, ішла гаворка і падчас наведвання віцэ-прэм’ерам Юрыем Шулейкам Ганцавіцкага раёна. Намеснік Прэм’ер-міністра адзначыў, што тарфянікі патрабуюць асаблівых умоў гаспадарання. А калі ўзяць да ўвагі, што, напрыклад, у Ганцавіцкім раёне такіх зямель 74 %, а ў Маларыцкім — 70 %, то якасць і дакладнасць работ па меліярацыі выходзяць на першы план. «Да таго ж апошняе непасрэдна звязана з развіццём жывёлагадоўлі: патрэбна збожжа, сянаж, сілас, каб добра і збалансавана карміць статак і атрымліваць малако і мяса», — падкрэсліў Юрый Шулейка.

Стан галіны, арганізацыю і забеспячэнне кантролю за тэхнікай, якая праводзіць адпаведныя работы, аналізавалі на чэрвеньскім пасяджэнні Брэсцкага аблвыканкама. Дарэчы, меліярацыйны комплекс рэгіёна з’яўляецца самым буйным у краіне. Ён уключае ў сябе 857 меліярацыйных сістэм агульнай плошчай каля 744 тысяч гектараў, 41,4 тысячы кіламетраў каналаў, 125,6 тысячы кіламетраў закрытай дрэнажнай сеткі, больш за 23 тысячы водарэгулявальных і пераезных збудаванняў, 2,7 тысячы кіламетраў дамб, 6,2 тысячы кіламетраў дарог, 126 дзейных сажалак і вадасховішчаў, 277 помпавых станцый. Гэтую агромністую гаспадарку абслугоўвае 27 спецыялізаваных арганізацый, дзе працуе больш за дзве тысячы чалавек.

Кожны год дзяржава накіроўвае значныя сродкі на меліярацыю. Закупляецца патрэбная тэхніка. Толькі за два мінулыя гады тэхнічны парк быў абноўлены на 20 %. Маштабная закупка тэхнікі запланавана і на бягучы год. Адсюль і высокія патрабаванні да рацыянальнага выкарыстання тэхнікі. Была пастаўлена задача ўкараняць камп’ютарныя сістэмы кантролю за расходаваннем паліва, уліку рабочага часу. Але ж у цэлым справа наладжана нядрэнна, адзначалася на пасяджэнні выканкама. Маніторынг выкарыстання тэхнікі ў выбраны дзень паказаў, што ніводная адзінка яе не прастойвала. Хутчэй, наадварот, людзі выказвалі жаданне ў летні сезон працаваць з павелічэннем рабочага графіка і ў выхадныя дні, каб адпаведна зарабіць. Спецыялісты прыйшлі да высновы, што меліяратары вобласці працуюць увесь светлавы дзень.

000021_1704444712_608485_big.jpg

Планы на год па ўвядзенні ў севазварот меліяраваных земляў і іх рэканструкцыі пастаўлены значныя. Ёсць усе падставы спадзявацца, што меліяратары з задачай справяцца.

Святлана ЯСКЕВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю