Найлепшыя сельсаветы, дамавыя камітэты, старасты.
Старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Ігар БРЫЛЕВІЧ цёпла павіншаваў пераможцаў і ўручыў дыпломы. Прыемна адзначыць, што шэраг узнагароджаных у розны час былі героямі публікацый «Мясцовага самакіравання».
Першае месца сярод сельскіх Саветаў прысуджана Дзятлавіцкаму сельскаму Савету Лунінецкага раёна. Яго старшыня Кацярына ГАСЮК расказала карэспандэнту «МС» аб тым, якія грамадзянскія ініцыятывы і добрыя справы ўдалося рэалізаваць апошнім часам:
— Палешукі вызначаюцца не толькі працавітасцю, яны вельмі любяць свой край і шмат робяць для яго росквіту, — зазначыла Кацярына Кузьмінічна. — Многія грамадзянскія ініцыятывы ў нас ажыццяўляюцца без прыцягнення бюджэтных сродкаў, як, напрыклад, у вёсцы Станцыя Дзятлавічы. Назва населенага пункта ўказвае на яго паходжанне, звязанае з развіццём чыгункі. І ў свой час там быў вагон-клуб. Потым яго прыбралі, іншага ачага культуры не было. Але там пражывае ініцыятыўны чалавек — Аляксандр Дырда. Ён іграе, спявае, мае сваю апаратуру. Аднойчы, напярэдадні свята Купалля, Аляксандр сабраў аднавяскоўцаў, правёў музычны вечар, усе засталіся задаволенымі. Потым сабраліся аднавяскоўцы, залілі пляцоўку, паставілі лаўку, побач абсталявалі дзіцячы куток. Паступова пляцоўка перарасла ў невялікі вулічны амфітэатр, туды падвялі электрычнасць, заасфальтавалі пад’езд.Цяпер на тым месцы ладзяцца розныя святы і мерапрыемствы. Летам устанаўліваюць экран і паказваюць дзецям мультфільмы. І ўсё гэта зроблена талакой за сродкі грамады. Нядзіўна, што Аляксандра выбралі старастам вёскі.
У мікрараёне новай забудовы аграгарадка Дзятлавічы маладыя бацькі ўладкавалі дзіцячую пляцоўку. Мясцовая ўлада выдзеліла грошы на некалькі атракцыёнаў, працягвае аповед кіраўнік мясцовай улады. З апошніх агульных спраў — стварэнне мурала ў памяць аб Спаса-Прэабражэнскім мужчынскім манастыры, які вельмі даўно існаваў на тэрыторыі сельсавета і служыў крыніцай дабрачыннасці, асветы, культуры.
- Па выніках спаборніцтва ўзнагароды таксама атрымалі Святавольскі сельскі Савет Івацэвіцкага раёна, Кіселявецкі — Кобрынскага, Астроўскі — Ляхавіцкага, Папінскі — Драгічынскага раёнаў.
- Найлепшымі дамавымі камітэтамі прызнаны камітэт дома № 142Г па вуліцы Брэсцкай у Пінску, дома № 95 па вуліцы Пралетарскай у Кобрыне, дома № 1 па вуліцы Заслонава ў Баранавічах.
- Сярод старастаў першае месца заняла Наталля Галаўчук з вёскі Снітава Іванаўскага раёна. Таксама адзначаны Мікалай Струнец з вёскі Сушытніца (Маларыцкі р-н), Таццяна Бабыла з вёскі Баравікі (Пружанскі р-н), Ніна Барышчук з вёскі Клятная (Пінскі р-н), Іван Дульдзер з вёскі Тамашоўка (Брэсцкі р-н).
Святлана ЯСКЕВІЧ. Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА.