Top.Mail.Ru

На Брэстчыне абмеркавалі рэалізацыю стратэгіі і дасягненні рэгіёнам Мэт устойлівага развіцця

Нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, намеснік Старшыні Савета Рэспублікі Сяргей Хаменка з двухдзённым візітам наведаў Брэсцкую вобласць. Ён узяў удзел у рабоце міжнароднай дэлегацыі ў складзе пастаяннага каардынатара ААН у Беларусі Расула Багірава, пастаяннага прадстаўніка ПРААН у Беларусі Лю Жэнфэй, кіраўніка Краінавага офіса СААЗ у Рэспубліцы Беларусь Сяргея Дыярдзіцы. Гасцей суправаджаў таксама старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў, член Савета Рэспублікі Ігар Брылевіч.


Праграма двухдзённага візіту ўключала наведванне ўстаноў адукацыі, аховы здароўя і культуры, спартыўных комплексаў у Баранавічах, Кобрынскім і Камянецкім раёнах, Брэсце, Нацыянальнага парку «Белавежская пушча». У прыватнасці, прадстаўнікі міжнародных арганізацыйпабывалі ў сярэдняй школе № 1 горада Баранавічаў імя С. І. Грыцаўца. Яе гонар — дзіцячы тэхнапарк. «Вельмі моцна ўражаны. Шчыра кажучы, упершыню бачу такую школу, такі падыход, такое стаўленне і да дзяцей, і ўвогуле да жыцця», — адзначыў пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Расул Багіраў.

Ён звярнуў увагу на інтэграцыю ў навучальны працэс інклюзіўнасці. «Тут і дзеці з інваліднасцю, іх паўнацэннае ўключэнне ў жыццё вельмі важнае, як і творчасць, крэатыўнасць. Успамінаю сваю школу: вядома, такога не было. Магчымасці, якія ёсць цяпер, проста фантастыка. Гэта ўсё дазваляе ўстойліва развівацца», — сказаў Расул Багіраў, дадаўшы, што ўбачыў шмат добрых напрацовак.

Паводле слоў пастаяннага каардынатара ААН у Беларусі, ініцыятыва выезду ў рэгіёны ўзнікла падчас сустрэчы са Старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай. Першая ў спісе — Брэсцкая вобласць. «Патрэбна наведванне і іншых абласцей. Хочам больш даведацца, убачыць, спраектаваць, што можам зрабіць на ўзроўні не цэнтральным, а абласным, рэгіянальным, раённым і гэтак далей», — сказаў Расул Багіраў.

Падчас экскурсіі па тэрыторыі Белавежскай пушчы міжнародную дэлегацыю суправаджалі таксама генеральны дырэктар парку Уладзіслаў Цецяронак, старшыня Камянецкага раённага Савета дэпутатаў Аксана Высагроцкая, намеснік старшыні Камянецкага райвыканкама Аляксандр Міхальчык. Сяргей Хаменка звярнуў увагу кіраўніцтва Нацыянальнага парку, што па такім тытулаваным лесе добра б пускаць экскурсійныя аўтобусы не на традыцыйным паліве, а на электрычнасці. «Мы ўжо прапрацоўваем гэта пытанне. Думаю, у хуткім часе яно вырашыцца», — пагадзіўся з ім Уладзіслаў Цецяронак.

У Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А. С. Пушкіна адбылася цырымонія падпісання пагаднення аб уступленні Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна і Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта ў кансорцыум «Дабрабыт чалавека ў лічбавым асяроддзі „разумных“ гарадоў». Кансорцыум створаны па ініцыятыве Нацыянальнага даследчага ўніверсітэта «Вышэйшая школа эканомікі». Цяпер ён аб’ядноўвае адзінаццаць беларускіх і расійскіх універсітэтаў, якія вывучаюць якасць жыцця людзей у «разумных» гарадах з улікам многіх фактараў.

У Беларусі назапашаны вялікі вопыт распрацоўкі стратэгіі ўстойлівага развіцця на мясцовым узроўні. Усе стратэгіі маюць розную ступень дэталізацыі выкладу, у тым ліку ў частцы асаблівасцяў развіцця тэрыторый. Напрыклад, на Брэстчыне была распрацавана абласная стратэгія развіцця да 2025 года, на раённым узроўні — устойлівая стратэгія развіцця Ганцавіцкага раёна да 2025 года, Бярозаўскага — да 2030 года, на ўзроўні сельскага Савета — устойлівая стратэгія Выганашчанскага сельскага Савета да 2025 года. У мінулым годзе практычна па-новаму выбудаваны працэс доўгатэрміновага планавання ўстойлівага рэгіянальнага развіцця.

У Брэсце Сяргей Хаменка таксама наведаў Брэсцкую дзіцячую абласную бальніцу і мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю