Top.Mail.Ru

На БЕЛАЗе абмеркавалі падтрымку маладых спецыялістаў

Паспяховыя практыкі падтрымкі моладзі, дадатковыя гарантыі і магчымасці для прафесійнага росту сталі галоўнымі тэмамі сустрэчы прадстаўнікоў прафсаюзнай моладзі РУП «Белтэлекам» і ААТ «БЕЛАЗ». На базе аднаго з найбуйнейшых прамысловых прадпрыемстваў краіны ўдзельнікі абмяняліся вопытам работы з маладымі спецыялістамі і абмеркавалі новыя ініцыятывы, накіраваныя на стварэнне камфортных умоў для працы і развіцця моладзі.


Асаблівую ўвагу ўдзельнікі сустрэчы ўдзялілі калектыўным дагаворам двух прадпрыемстваў, якія сёння з’яўляюцца адным з ключавых інструментаў падтрымкі моладзі.

Як адзначыла намеснік старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі РУП «Белтэлекам» Марына Цапікава, сёння калдагавор арганізацыі прадугледжвае шырокі спектр мер падтрымкі моладзі. Адзін з найважнейшых напрамкаў — дапамога ў вырашэнні жыллёвага пытання. Маладым спецыялістам і маладым сем’ям прадастаўляюцца доўгатэрміновыя пазыкі на будаўніцтва ці набыццё жылля. На прадпрыемстве вядзецца банк даных маладых сем’яў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, а таксама выплачваецца штомесячная кампенсацыя расходаў за наём жылога памяшкання.


Вялікая ўвага надаецца адаптацыі маладых работнікаў. За кожным спецыялістам, які толькі пачынае працоўную дзейнасць, замацоўваецца вопытны настаўнік, які дапамагае асвоіцца ў калектыве і прафесіі. Акрамя таго, на працягу першых трох месяцаў работы маладым супрацоўнікам устанаўліваюцца паніжаныя на 15 працэнтаў нормы выпрацоўкі, часу і абслугоўвання з улікам скарочанай працягласці рабочага часу.

Не застаюцца без увагі і пытанні арганізацыі вольнага часу. На прадпрыемстве ствараюцца ўмовы для заняткаў спортам, творчасцю і актыўнага адпачынку маладых работнікаў і іх сем’яў.


— Наша задача — даць маладому чалавеку такое працоўнае месца і такія ўмовы, каб ён заставаўся на прадпрыемстве, ствараў сям’ю, гадаваў дзяцей і адчуваў абарону. Калектыўны дагавор — гэта якраз жывы інструмент, і мы пастаянна яго ўдасканальваем. Нашы калегі з БЕЛАЗа пазнаёміліся з нашымі практыкамі, а мы, у сваю чаргу, вывучаем іх досвед, каб зрабіць для маладых работнікаў яшчэ больш, — дадала Марына Цапікава.

У сваю чаргу ўдзельнікам сустрэчы было што паказаць і расказаць аб рабоце з моладдзю і прадстаўнікам жодзінскага холдынга. На прадпрыемстве ўпэўнены: малады спецыяліст павінен бачыць перспектыву прафесійнага і асабістага развіцця. Таму істотная частка сацыяльных гарантый для моладзі замацавана таксама ў калектыўным дагаворы.

Так, напрыклад, работнікам, якія прайшлі тэрміновую ваенную службу і вярнуліся на прадпрыемства, выплачваецца дапамога ў памеры 50 працэнтаў сярэдняй заработнай платы па заводзе. Матэрыяльную падтрымку са сродкаў прафбюджэту атрымліваюць маладыя сем’і: пры нараджэнні дзіцяці аднаму з бацькоў выплачваецца дапамога ў памеры 25 працэнтаў сярэдняга заробку па прадпрыемстве. Аналагічная выплата прадугледжана і для работнікаў, якія ўпершыню ўзялі шлюб.


Дадатковыя гарантыі даюцца сем’ям з дзецьмі. Бацькі, якія выхоўваюць дваіх і больш дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў, маюць права на вольны ад работы дзень з частковай аплатай. Для жанчын, якія знаходзяцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці, звыш дзяржаўных дапамог прадугледжана штомесячная матэрыяльная дапамога ад прадпрыемства.

Сур’ёзная ўвага ўдзяляецца таксама і жыллёвай падтрымцы работнікаў. Сем’і, якія арандуюць жыллё і стаяць у заводскай чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў, атрымліваюць штомесячную кампенсацыю часткі выдаткаў. Калі на прадпрыемстве працуюць муж і жонка, памер такой падтрымкі павялічваецца.

Асобным напрамкам з’яўляецца развіццё маладзёжных ініцыятыў. На БЕЛАЗе паспяхова рэалізуецца конкурс інавацыйных і рацыяналізатарскіх ідэй. Маладыя спецыялісты прапануюць праекты па ўдасканаленні вытворчых працэсаў, а лепшыя з іх атрымліваюць магчымасць практычнага ўкаранення.


Акрамя таго, прадпрыемства стварае ўмовы для прафесійнага росту работнікаў. Маладыя спецыялісты рэгулярна накіроўваюцца на курсы павышэння кваліфікацыі, перападрыхтоўку і навучанне новым кампетэнцыям.

Завяршэннем сустрэчы стала экскурсія па прадпрыемстве, арганізаваная ў рамках праектаў «Брэнды Беларусі» і «Кожная пятніца — роднае, сваё». Госці прамысловага прадпрыемства пазнаёміліся з вытворчасцю сусветна вядомых кар’ерных самазвалаў, убачылі сучасныя тэхналагічныя працэсы і даведаліся больш пра гісторыю легендарнага беларускага брэнда.

Як адзначылі ўдзельнікі мерапрыемства, нягледзячы на адрозненні ў спецыфіцы работы арганізацый, іх аб’ядноўвае агульная мэта — стварыць для моладзі такія ўмовы, пры якіх кожны малады чалавек зможа рэалізаваць сябе ў прафесіі, упэўнена будаваць будучыню і адчуваць падтрымку калектыву і прафсаюза.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю