«У гэтым годзе мы правялі конкурс сцэнарыяў, на які было пададзена прыкладна 250 заявак. Вядома, адбор быў вельмі складаны, журы дэталёва падыходзіла да разгляду кожнай работы. У нас была задача не толькі выбраць сцэнарый, які стане пераможцам, а знайсці цікавых пішучых аўтараў. Мы цяпер падбіраем новыя каманды і актыўна супрацоўнічаем з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў. Студэнты акадэміі ёсць і ў здымачнай камандзе фільма „19.91“, над якім мы цяпер працуем. Яны выйшлі з вучэбных кабінетаў і прыйшлі да нас на пляцоўку, каб прымяніць свае веды і атрымаць вопыт, бо здымачны працэс — гэта складана як тэхналагічна, так і арганізацыйна. Думаю, такі вопыт супрацоўніцтва са студэнтамі — вялікая перспектыва атрымаць высокакваліфікаваных спецыялістаў на выхадзе з Акадэміі мастацтваў. У кінаіндустрыю прыйдуць ужо гатовыя работнікі», — сказаў Дзмітрый Сямёнаў.
Паводле яго слоў, на другім этапе конкурсу прайшло 16 сцэнарыяў. Пасля дэталёвага абмеркавання члены журы вызначылі чатыры праекты-пераможцы, якія атрымаюць рэкамендацыю для далейшай распрацоўкі: «Па слядах Белай маланкі» Аляксандра Шышова, «Ванькава лета» Андрэя Бурыма, «Вужовая карона» Маі Ветравай і «Кумаха — дэман Восені» Вячаслава Яфрэмава.
«У бліжэйшы час мы правядзём цырымонію ўзнагароджвання і падзякуем аўтарам за работу, а таксама будзем дэталёва працаваць з нашымі здымачнымі групамі, бо, каб здымкі прайшлі зладжана, трэба ўдзяліць максімальную колькасць часу этапу падрыхтоўкі. Думаю, такая практыка будзе прымяняцца ў нас і ў далейшым, каб сфарміраваць партфель сцэнарыяў і былі гатовымі да рэалізацыі цікавых праектаў па рознай тэматыцы», — дадаў гендырэктар Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм».
Ён падкрэсліў, што тэм вельмі шмат, а разнастайныя сцэнарыі паступалі на конкурс не толькі з Беларусі, але і з Расіі. Цікавасць да нацыянальнай кінастудыі толькі ўзрастае, і Дзмітрый Сямёнаў упэўнены, што гэта заслуга ўсяго калектыву, які прадоўжыць рух наперад.
«Падобныя конкурсы сцэнарыяў і кастынгі ставяць перад сабой глабальную задачу — раскрыць таленты. Магчыма, чалавек наогул не сцэнарыст, але ён валодае майстэрствам слова і ў далейшым зможа рэалізаваць сябе ў розных праектах. Кіно адкрыта для ўсіх. Мы разглядаем такія праекты яшчэ і з пункту гледжання прафарыентацыі, каб зацікавіць нашу моладзь у кінапрафесіях, бо на здымачнай пляцоўцы занята вялікая колькасць людзей — ад рэжысёраў і аператараў да тэхнічных супрацоўнікаў», — растлумачыў Дзмітрый Сямёнаў.
Ён дадаў, што ў далейшым будуць праводзіцца конкурсы, звязаныя не толькі з ігравым кіно, але і з анімацыйным, дакументальным. Кінастудыя заўсёды знаходзіцца ў актыўным пошуку, таму што зрабіць добрае, якаснае кіно, якім будзе ганарыцца беларускі глядач, выходзячы з кінатэатра, — іх звышзадача.