Начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення Мінгарвыканкама Уладзімір Жуковіч адзначыў, што праект рашэння аб унясенні змяненняў у сталічны бюджэт уключае ўдакладненні па шэрагу паказчыкаў.
Бюджэт горада прапаноўваецца павялічыць за кошт астаткаў 2025 года. Лішкі сродкаў інавацыйнага фонду Мінгарвыканкама будуць накіраваны на будаўніцтва энергазберагальнай цяпліцы, мерапрыемствы ў сферы лічбавага развіцця, а таксама для канчатковага разліку ў рамках дагаворных абавязацельстваў. Таксама за кошт прыцягнення свабодных астаткаў са сродкаў сталічнага бюджэту накіруюць на набыццё спецыяльнай камунальнай тэхнікі і на іншыя выдаткі. Акрамя таго, прадугледжаны пераразмеркаванні аб’ёмаў асігнаванняў паміж асобнымі аб’ектамі і арганізацыямі-заказчыкамі ў рамках агульнага аб’ёму інвестыцыйнай праграмы Мінска на 2026 год.
- Старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Арцём Цуран паведаміў, што на пазачарговай сесіі гарадскога Савета дэпутатаў традыцыйна разгледжаны карэкціроўкі бюджэту, якія адбываюцца за кошт павелічэння даходаў, а таксама зацверджаны рэгіянальныя комплексы мерапрыемстваў на аснове праграм, якія прыняты на рэспубліканскім узроўні. «Яны праектуюцца і на горад — гэта і праграма па турызме, лічбавізацыі транспарту, ёсць шэраг зацверджаных мерапрыемстваў, якія пачнуць ажыццяўляцца пасля сесіі гарсавета. У тым ліку праграма аховы здароўя з прымяненнем штучнага інтэлекту, рэгістравання дарожна-транспартных здарэнняў. Зацвердзілі рэгіянальныя комплексы мерапрыемстваў па дэмаграфічнай бяспецы і запланавалі комплекс мерапрыемстваў па забяспечанасці аб’ектамі безбар’ернага асяроддзя на 30 %, цяпер гэты паказчык роўны 25 %».
Ён дадаў, што ўсе аб’екты сацыяльнай інфраструктуры, жыллё, якое будуецца альбо праходзіць капітальны рамонт, ужо маюць безбар’ернае асяроддзе. Таксама гарадскі Савет зацвердзіў план рэспубліканскіх і гарадскіх мерапрыемстваў да Года жанчыны.
«Прыняты рашэнні ў развіцці дэмаграфічнай праблемы. Перш за ўсё гэта матэрыяльная падтрымка маладых жанчын пры нараджэнні першынца і выплаты сем’ям. Па вялікім рахунку, Год беларускай жанчыны разглядаем як мерапрыемства, накіраванае на папулярызацыю сямейных каштоўнасцяў, ранняга ўступлення ў шлюб, і, вядома, павелічэнне нараджальнасці».
Падчас сесіі ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу навагодняга афармлення ў намінацыях прамысловых прадпрыемстваў, сацыяльных аб’ектаў. Ганаровай граматай Мінскага Савета дэпутатаў у намінацыі «Лепшая святочная ілюмінацыя пабудоў і тэрыторый камунальных прадпрыемстваў і арганізацый» узнагародзілі калектыў УП «Зелянбуд Цэнтральнага раёна». Сярод прамысловых прадпрыемстваў лепшым стаў калектыў ВРУ «Мінгаз», сярод прадстаўнікоў гандлю і бытавога абслугоўвання насельніцтва лепшым стаў цэх харчавання УП «Святлопрыбор» ГА «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку», граматай узнагароджаны Фрунзенскі фізкультурна-аздараўленчы цэнтр, удзячнасць ад Мінгарсавета аб’яўлена ДВА «Гаррэмаўтадар Мінгарвыканкама».
У тэму
Мінск будзе прыгажэць
На выязным пасяджэнні Пастаяннай камісіі Мінгарсавета па гарадской гаспадарцы, транспарце і сувязі падвялі вынікі і агучылі планы добраўпарадкавання.
Месца правядзення выязнога пасяджэння, тэмай якога стала выкананне плана па навядзенні парадку на зямлі ў 2025 годзе, было выбрана нездарма. На Мінскім парнікова-цяплічны камбінаце вырошчваюць у тым ліку і саджанцы кветак, якія ўпрыгожваюць горад.
«Нягледзячы на асноўную спецыялізацыю нашай агародніна-зеляніннай вытворчасці, якая займае 75 %, кветкавае аздабленне для нас таксама з’яўляецца важным. Таму што гэта забеспячэнне прыгажосці і ўтульнасці нашага горада. І сумесна з „Мінскзелянбудам“, з усімі „Зелянбудамі“ раёнаў, гарадскімі адміністрацыямі, „Гардарбудам“ праводзім работу па кветкавым вырошчванні, рэалізуем прадукцыю праз фірменны гандаль і іншым суб’ектам гаспадарання», — расказаў генеральны дырэктар УП «Мінскі парнікова-цяплічны камбінат» Сяргей НЕКРАШЭВІЧ.
Начальнік упраўлення гарадской гаспадаркі і энергетыкі Мінгарвыканкама Аляксандр РАКАЎШЧЫК паведаміў, што даведзеныя паказчыкі ў Год добраўпарадкавання сталіца выканала. «Добраўпарадкавана 187 тысяч дваровых тэрыторый. Летась упершыню, дзякуючы рабоце дэпутатаў, рэалізаваны 14 грамадзянскіх ініцыятыў, — паведаміў спецыяліст. — Бягучы рамонт вулічна-дарожнай сеткі пабіў рэкорды — больш за 2 млн м2, пакрыццё дваровых праездаў — 518 пры плане 460, то-бок 112 % ад плану. Пры гэтым якасць укладкі асфальту на дваровых тэрыторыях
паляпшаецца. Адмовіліся ад ямачнага рамонту на карысць пакрыцця дваровых праездаў суцэльным асфальтам».
Што датычыцца азелянення сталіцы, то, па словах Аляксандра Ракаўшчыка, 55 тысяч дрэў і 318 тысяч кустоў, а таксама больш за 11 млн кветак высаджана ў мінулым годзе.
Сёлета планы меншыя. Бягучы рамонт вулічных сетак і дваровых праездаў Мінска будзе на ўзроўні мінулага года. Высадка дрэў і кустоў паменшана, але якасць пасадачнага матэрыялу палепшыцца — з’явяцца віды дрэў, якія ў гарадской прасторы будуць устойлівыя да рэагентаў, запэўніў Аляксандр Ракаўшчык. «Высадка кветак застанецца на ўзроўні мінулага года, амаль 9 мільёнаў. У два разы павялічыцца колькасць высаджаных мнагалетнікаў. Рамонт кантэйнерных пляцовак таксама плануецца пакінуць на леташнім узроўні. Галоўная задача — прыцягненне суб’ектаў гаспадарання да ўборкі ў асенне-вясновы перыяд і ўтрымання замацаваных за імі тэрыторый. Прадоўжацца конкурсы на лепшае кветкавае афармленне з прыцягненнем у тым ліку грамадзян — а гэта грамадзянскія ініцыятывы. У плане стварэнне 18 зялёных зон. З удзелам моладзі, ад якой ёсць прапановы. У кожным раёне да Дня Незалежнасці і Дня горада — максімальнае павелічэнне ўдзелу мінчан у добраўпарадкаванні сталіцы — гэта галоўная задача на 2026 год», — рэзюмаваў Аляксандр Ракаўшчык.
А парнікова-цяплічны камбінат ужо рыхтуецца да жаночага свята. Як паведаміў Сяргей Некрашэвіч, да 8 Сакавіка тут вырасцяць больш за 200 тысяч цюльпанаў і каля 60 тысяч руж розных адценняў.