Top.Mail.Ru

Мытная інфраструктура і пераарыентацыя таварапатоку. Лукашэнка прыняў з дакладам Арлоўскага

У нядзелю Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў мытную службу з 35-годдзем. У панядзелак працоўны тыдзень кіраўніка дзяржавы стартаваў з даклада старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзіміра Арлоўскага. Падчас сустрэчы беларускаму лідару было даложана аб мытнай інфраструктуры і пераарыентацыі таварапатоку.


«Нашы грузапатокі, нашы перавозчыкі не адчуваюць нейкіх сур’ёзных праблем»

Звяртаючыся да старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта, Прэзідэнт падкрэсліў: «Мытня — гэта перш за ўсё бюджэт. Я інфармаваны аб тым, што на працягу гэтага года вы, нягледзячы на пэўныя складанасці, у гэтым плане дадалі нават да ўзроўню мінулага года амаль на 3,5 %. Гэта добры рост. Аднак хацеў бы пачуць, якія праблемы ў гэтым плане ёсць».

Беларускі лідар канстатаваў, што грубыя выпады ў эканамічным дачыненні з боку краін Еўрапейскага Саюза, Захаду ў цэлым нікуды не сышлі. Ідзе пераарыентацыя таварапатоку на Усход. «Атрымліваецца — не атрымліваецца? Якія ў гэтым плане праблемы?» — задаў пытанне Прэзідэнт старшыні ДМК.
Кіраўнік дзяржавы праінфармаваны Прэм’ер-міністрам і ўрадам, што нашай краіне ўдалося пераарыентавацца на Усход. Сведчаннем таму, па словах беларускага лідара, з’яўляюцца перагаворы з амерыканскім бокам. Раней Аляксандр Лукашэнка заявіў аб пастаўцы беларускіх калійных угнаенняў для ЗША. Разам з тым беларускі бок не можа паставіць амерыканцам вялікія аб’ёмы, паколькі вырабленая прадукцыя ўжо закантрактаваная на гэты год. «Як тут многія крычаць: „Ах, калій, ах, калій“. Мы нават калі б захацелі сёння кудысьці паставіць (калійныя ўгнаенні. — „Зв.“) на іншыя рынкі, заходнія рынкі, у нас проста гэтых аб’ёмаў няма — усё закантрактавана».


Аляксандр Лукашэнка пазначыў яшчэ адно пытанне, звязанае з пераарыентацыяй таварапатоку. Размова — аб увядзенні Расіяй сістэмы пацверджання чакання тавараў. «Як у сувязі з пераарыентацыяй на Усход уплываюць на нас меры, якія прымае Расійская Федэрацыя з мэтай абароны свайго рынку?» — пацікавіўся Прэзідэнт.

Беларускі лідар падкрэсліў, што ў агульных рысах сочыць за становішчам. 

«Інфармаваны, што вам удалося наладзіць добрыя адносіны, калі можна так сказаць, з Расіяй у плане ўвядзення гэтых мер з боку Расійскай Федэрацыі. І нашы грузапатокі, нашы перавозчыкі не адчуваюць нейкіх сур’ёзных праблем. Гэта добра», — заўважыў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як мытная інфраструктура працуе на ўсходнім, паўднёвым, заходнім напрамках, а таксама што трэба зрабіць для таго, каб работа была больш эфектыўнай. Акрамя таго, Прэзідэнт спытаў пра пастаўкі тавараў з недружалюбных нам краін: «Якая тут абстаноўка? Ну і шэраг пытанняў, якія вы хацелі задаць мне на працягу свайго даклада».


«Прадпрыемствы працуюць, здзяйсняюць плацяжы, адпаведна, гэта адчуваецца і на паступленнях у бюджэт»

Старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзімір Арлоўскі далажыў, што патокі на самай справе пераарыентаваліся з заходняга на ўсходні напрамак. Паводле яго слоў, цяпер 85 % усяго беларускага экспарту і імпарту для беларускіх прадпрыемстваў — гэта ўсходні напрамак. «У першую чаргу, Кітай, іншыя краіны Азіі, Расійская Федэрацыя, — канкрэтызаваў Уладзімір Арлоўскі. — Калі мы летась трошкі аселі ў плацяжах, то сёлета мы папоўнілі і мінулы год, і ідзём наперад з апярэджаннем на 3,5 % за 8 месяцаў. За 9-ы месяц — ужо 5,2 %. Гэта значыць, яшчэ набіраем. Прадпрыемствы працуюць, здзяйсняюць плацяжы, адпаведна, гэта адчуваецца і на паступленнях у бюджэт».

* * *
Сёлета сітуацыя на граніцы застаецца па-ранейшаму складанай. На граніцы з Еўрасаюзам з 26 аўтадарожных пунктаў пропуску адкрыты толькі сем. Грузавы рух ажыццяўляецца праз пяць пунктаў пропуску, а пасажырскі — праз шэсць. Па-ранейшаму з 13 чыгуначных пунктаў пропуску рух ажыццяўляецца толькі ў пяці.


За восем месяцаў 2026 года праз мытную граніцу прайшло ўсяго 390 тысяч грузавых аўтамабіляў, што на 3 % менш за паказчык папярэдняга года. Колькасць грузавых чыгуначных саставаў, якія прайшлі, склала каля 25 тысяч адзінак, што на 8,7 % больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Таварапаток на граніцы з Еўрасаюзам скараціўся на 3 %.

Кантрольныя службы сумежных краін працягваюць наўмысна стрымліваць грузапаток на граніцы, у выніку чаго захоўваюцца чэргі на выезд з Беларусі. З беларускага боку працягваецца работа па развіцці мытнай інфраструктуры і стварэнні камфортных умоў для перасячэння граніцы.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Даслоўна 

«Наша задача — ствараць камфортныя ўмовы пры перасячэнні граніцы»

У размове з журналістамі старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзімір АРЛОЎСКІ нагадаў, што кіраўнік дзяржавы абазначыў як асноўнае пытанне напаўненне бюджэту нашай краіны. «Летась у нас былі пэўныя прасяданні, зыходзячы з міжнароднай абстаноўкі вакол краіны. Сёлета мы поўнасцю ўзнавілі збор плацяжоў у бюджэт і больш за тое — за восем месяцаў у нас рост 3,5 %, а літаральна ў верасні — 5,2 %. Гэта сур’ёзны паказчык», — адзначыў ён.

Па словах Уладзіміра Арлоўскага, самае галоўнае — гэта спрыяльны прагноз да канца года па выкананні планавых паказчыкаў, якія ставяцца перад мытнай сістэмай для напаўнення бюджэту.

Другое важнае пытанне, на якое пастаянна Прэзідэнт звяртае ўвагу, — камфорт нашых грамадзян пры перасячэнні граніцы. «Мы разумеем, што абстаноўка кардынальна лепшай не стала. Нашы суседзі, кантралявальныя службы сумежных краін не заўсёды працуюць рытмічна, таму ўзнікаюць чэргі, грамадзяне чакаюць перасячэння граніцы. Вядома, гэта нязручна, таму наша задача — ствараць камфортныя ўмовы пры перасячэнні граніцы», — патлумачыў Уладзімір Арлоўскі.

Кіраўнік ДМК расказаў, што сёлета было рэалізавана даручэнне кіраўніка дзяржавы аб магчымасці дыстанцыйнай рэгістрацыі чакання пры перасячэнні граніцы (так званай электроннай чаргі). Як падзяліўся Уладзімір Арлоўскі, яна вельмі запатрабавана. 65 % асоб, якія перасякаюць граніцу, рэгіструюцца дыстанцыйна і прыязджаюць непасрэдна для перасячэння граніцы ў неабходны час.

«Акрамя таго, мы ўладкавалі месцы чакання. Сёлета два такія комплексы здалі і здаём яшчэ адзін — каля пункта „Бераставіца“ на польскім напрамку. Будуем яшчэ на латвійскім напрамку. Але самае важнае — непасрэднае праходжанне граніцы, каб час чакання па магчымасці быў мінімальны. На ўездзе неабходна захаваць баланс паміж хуткім пропускам і афармленнем і не дапусціць увоз у краіну забароненых рэчываў», — акцэнтаваў увагу кіраўнік ДМК.

Гэты баланс, па словах Уладзіміра Арлоўскага, стараюцца захаваць. Сёлета было выяўлена больш за дзве тоны наркотыкаў, псіхатропаў. Штосьці з забароненых рэчываў накіроўвалася праз нашу краіну транзітам, штосьці прызначалася для распаўсюджвання менавіта ў Беларусі.

Што датычыцца ўзаемадзеяння з Расійскай Федэрацыяй ва ўмовах прымянення ўсходнімі калегамі сістэмы апавяшчэння аб увозе тавараў на тэрыторыю РФ (сістэма прымяняецца больш за тры месяцы), адзначаецца, што некаторая нязручнасць для беларускіх экспарцёраў ёсць у частцы кантролю на беларускай граніцы, але сур’ёзнай праблемы няма. Па словах Уладзіміра Арлоўскага, літаральна паўпрацэнта машын вяртаюцца па прычыне адсутнасці дакумента, але гэта не праблема. Таксама ён адзначыў, што распрацоўваюцца сумесныя з Расійскай Федэрацыяй дакументы саюзнага ўзроўню, якія павінны спрасціць гэтую працэдуру і палепшыць сітуацыю для беларускіх экспарцёраў.

Надзея ЗУЕВА

Дарэчы

Паводле апошніх даных Дзяржаўнага мытнага камітэта, апублікаваных учора, з пачатку года ў нашу краіну прыбылі 179 тысяч 498 замежных грамадзян з 38 дзяржаў, уключаных у спіс бязвізу. Традыцыйна госці з суседніх з Беларуссю краін складаюць большасць.


Усяго з 15 красавіка 2022 года нашу краіну наведалі 1437667 жыхароў еўрапейскіх краін. З Латвіі прыбылі 456 862 замежнікі, з Літвы — 726 329, а з Польшчы — 161 782. У рамках пашыранага бязвізу для 35 еўрапейскіх дзяржаў з 19 ліпеня 2024 года ў Беларусь уехалі 92 694 чалавекі.

Нагадваем, што кіраўніком дзяржавы прынята рашэнне аб прадаўжэнні бязвізавага ўезду для грамадзян 38 еўрапейскіх краін да 31 снежня 2026 года ўключна.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю